Традыцыйна ў першы дзень Новага года, калі Касцёл святкуе ўрачыстасць Божай Маці Марыі, адзначаецца Сусветны дзень міру.
У гэтым годзе ён будзе адзначацца ўжо ў 52-і раз. Святы Айцец Францішак па звычаі, усталяваным на працягу гадоў, скіраваў сваё пасланне пад дэвізам “Добрая палітыка служыць міру”.
У сваім пасланні Папа жадае нагадаць усім людзям, што палітычная адказнасць належыць кожнаму грамадзяніну, а асабліва тым, хто атрымаў мандат абараняць і кіраваць. Гэтая місія засноўваецца на абароне права і падтрымцы дыялогу паміж прадстаўнікамі грамадства, пакаленнямі і культурамі. Няма міру без узаемнага даверу. А першай умовай даверу з’яўляецца павага да дадзенага слова.
Палітычная дзейнасць, будучы адной з самых узнёслых праяваў любові, вядзе да клопату аб будучыні жыцця і планеты, наймалодшых і найменшых, у іх прагненні паўнаты.
У пасланні Пантыфік сцвярджае, што палітыка служыць міру, калі выражаецца ў прызнанні харызмаў і здольнасцяў кожнай асобы, а асабліва моладзі, і ўкараненні даверу паміж людзьмі. Ён заклікае адмовіцца ад войнаў і стратэгіі страху. Папа падкрэслівае, што эскалацыя запалохвання, як і некантраляванае распаўсюджванне зброі, супярэчыць маральнасці і пошуку сапраўднай згоды.
“Мір – гэта вынік цудоўнага палітычнага праекту, заснаванага на ўзаемнай адказнасці і залежнасці чалавечых істотаў адзін ад аднаго. Але ён з’яўляецца таксама выклікам, які кожны дзень патрабуе прызнання”, – піша Святы Айцец.
Папа дадае, што “мір – гэта навяртанне сэрца і душы”, а таксама вылучае тры непарыўныя вымярэнні гэтага міру ўнутранага і міру ў супольнасці:
1. мір з самім сабой, адкідваючы бескампраміснасць, гнеў і нецярплівасць, а выкарыстоўваючы, згодна з заклікамі св. Францішка Сальскага, “крыху слодычы да сябе, каб даць крыху слодычы іншым”;
2. мір з іншым: членам сям’і, сябрам, чужым чалавекам, бедным, церпячым…; асмельваючыся спаткаць і выслухаць пасланне, якое ён нясе з сабой;
3. мір са створаным светам, адкрываючы прыгажосць Божага дару і гонар адказнасці, якая кладзецца на ўсіх людзей як жыхароў свету, грамадзяін і творцаў будучыні.
Устанаўліваючы Сусветны дзень міру, Папа Павел VI пажадаў, каб “на пачатку каляндарнага года, які вымярае і апісвае вандроўку чалавечага жыцця ў часе, гэтае святкаванне паўтаралася штогод як пажаданне і абяцанне, што мір за сваёй слушнай і дабрачыннай раўнавагай будзе панаваць над развіццём будучай гісторыі”.
Таму на парозе Новага 2019 года жадаем гэтага міру ўсім неспакойным дзяржавам, а таксама сем’ям! Будзем будаўнікамі міру найперш у нашых сем’ях і асяроддзі, а тады, безумоўна, і свет будзе больш мірным, а людзі ў ім – дабрэйшыя!
Кс. Юрый Марціновіч