З 1968 г. Каталіцкі Касцёл вітае чарговы год 1 студзеня Сусветным днём міру, які быў усталяваны 50 гадоў таму Папам Паўлам VI.
Гэта была адна з многіх і разам з тым найбольш трывалых ініцыятыў гэтага Папы на карысць міру, прынятая ў вельмі цяжкі для Касцёла і ўсяго свету перыяд. І хоць фармальна гэта падзея выключна ўнутрыкаталіцкая, аднак яна карыстаецца вялікай зацікаўленасцю і папулярнасцю таксама ў некаталіцкім і нават нерэлігійным асяроддзі.
Кожны год на гэты дзень Святы Айцец скіроўвае сваё пасланне, у якім просіць усіх людзей добрай волі аб будаванні міру ў сваіх асяроддзях, краінах і сэрцах.
„Адрачэнне ад насілля: стыль палітыкі на карысць міру” – назва сёлетняга папскага паслання, скіраванага да вернікаў на Сусветны дзень міру. Папа Францішак пачынае сваё пасланне навагоднімі віншаваннямі для ўсіх людзей і народаў свету, кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, а таксама рэлігійных лідараў: „Каб ад лакальнага і паўсюднага ўзроўню да сусветнага адрачэнне ад насілля стала характэрным стылем нашых рашэнняў, нашых адносін, нашых дзеянняў, палітыкі ва ўсіх яе формах”, - піша Пантыфік.
„Адсутнасць міру выражаецца не толькі ў вайне, але і ў шматлікіх паводзінах, пазначаных насіллем. А насілле нараджаецца ў сэрцы чалавека, пашыраецца ў сям’і. Насіллю служыць гандаль зброяй, а кульмінацыяй гэтага з’яўляюцца войны паміж дзяржавамі. Сёння ідзе некалькі войнаў. У Йемене, Сірыі, у Паўднёвым Судане, калі ўзгадаць толькі аб некаторых. Аднак калі мы паглядзім у працэнтных адносінах на колькасць канфліктаў пасля ІІ Сусветнай вайны, то можам заўважыць, што маем справу з пастаянным паніжэннем шкалы насілля. У пэўным сэнсе гэта нагода да ўмеркаванага аптымізму. Можна мець надзею, што дзякуючы нашаму супрацоўніцтву ў абвяшчэнні адмаўлення ад ужывання насілля магчыма дасягнуць канкрэтных вынікаў у грамадстве”, – адзначае Святы Айцец.
Папа заахвочвае ўсіх таксама да таго, каб яны навучыліся змагацца за справядлівасць без прыбягання да насілля, адракаючыся ад барацьбы класаў ва ўнутраных спрэчках і ад вайны ў міжнародных канфліктах. Пантыфік падкрэслівае, што “насілле з’яўляецца знявагай імені Бога” і яго нельга спалучыць з рэлігіяй. А паколькі “насілле бярэ пачатак у чалавечым сэрцы”, “палітыка адрачэння ад насілля павінна пачынацца ў хатніх сценах, каб затым распаўсюджвацца на ўсю чалавечую сям’ю”.
У сваім пасланні Святы Айцец запэўнівае, што Каталіцкі Касцёл будзе падтрымліваць усялякія намаганні “будавання міру праз актыўнае і творчае адрачэнне ад насілля”.
Сёння кожны можа, а нават і павінен, стаць будаўніком міру. Шмат людзей кожны дзень менавіта гэта робяць маленькімі ўчынкамі. Мы маем абавязак стаць прыладамі і будаўнікамі міру, найперш праз нашу штодзённую малітву за мір у свеце. Мы бачым, як мір у сённяшнім свеце быў парушаны рознымі тэрарыстычнымі актамі.
Напэўна, будаўніцтва міру цяжкае, але жыццё без міру з’яўляецца мукай. Таму будзем будаваць мір паміж намі і будзем ісці да яго!
Кс. Юрый Марціновіч