Прадстаўляем вашай увазе матэрыялы на Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян, які сёлета адбываецца з 18 па 25 студзеня. Прадстаўлены план экуменічнага набажэнства быў падрыхтаваны бразільскай экуменічнай групай. Ідучы з Юдэі ў Галілею, Езус павінен быў прайсці праз Самарыю. Шлях Яго вандроўкі праходзіў паблізу Сіхара, каля студні Якуба. Да гэтай студні прыйшла самаранская жанчына, каб зачарпнуць вады.
Бразільская экуменічная група запрашае нас да выкарыстання двух сімвалаў – дарогі і вады – як вобразаў бачнай хрысціянскай еднасці, аб якой мы молімся. Гэтая група таксама заахвочвае нас спыніцца над трыма ключавымі момантамі, над якімі будзем разважаць падчас урачыстасцяў:
Галоўныя ідэі і парадак набажэнства
Частка І
Кажа ёй Езус: “Дай Мне піць” (Ян 4, 7).
• Якім ёсць шлях еднасці, маршрут, які мы павінны абраць, каб свет мог піць з крыніцы жыцця – Езуса Хрыста?
• Які шлях вядзе да павагі да разнастайнасцяў?
• Якую ваду мы можам ахвяраваць нашым братам, будуючы еднасць?
На дарозе еднасці знаходзіцца студня, напоўненая вадой. Гэта вада, якой прагне змучаны Езус, а адначасова – вада, якую Ён падае і якая вядзе да жыцця вечнага. Вада, якую зачэрпвае самаранка ў межах яе штодзённых абавязкаў, - гэта вада, якая наталяе прагненне і ўчыняе, што пустыня квітнее. Над вадой, якую дае Езус, узносіцца Дух Божы; гэта жывая вада, у якой мы былі ахрышчаны.
У цэнтры сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян знаходзіцца фрагмент Евангелля паводле Яна 4, 1-42.
Дарога і студня
Дарогу можна вызначыць з дапамогай свечак, кветак, каляровых кавалкаў тканіны і інш. на падлозе галоўнай навы. На сярэдзіне сцежкі трэба змясціць вялікую місу, а побач збаны з вадой. Гэтыя збаны могуць адрознівацца матэрыялам, памерамі, колерам, каб адлюстроўваць разнастайнасць сабраных.
Цэлебранты ўваходзяць у працэсіі. Праходзячы паблізу студні, прадстаўнік кожнай Царквы, якая ўдзельнічае ва ўрачыстасці, пралівае ваду са збана ў міску. Гэтая вада, якая паходзіць з розных крыніц, з’яўляецца сімвалам нашай еднасці – прысутнай, хоць і няпоўнай і закрытай для нашых вачэй.
2. Парадак набажэнства
Набажэнства складаецца з пяці частак.
I. Уступ
• Вітанне і ўводзіны ў Тыдзень малітваў.
II. Вызнанне грахоў і Kyrie
III. Літургія слова
IV. Адказ у веры і еднасці
• Вызнанне веры
• Малітва дня
• Малітва Панская
V. Благаслаўленне, знак супакою і рассыланне
К - Кіраўнік
Л - Лектар
У- Усе
I. Уступ
Калі распачнецца набажэнства, свечкі павінны быць запалены.
Вітанне і ўводзіны ў Тыдзень малітваў
Каментатар вітае людзей на ўрачыстасці і прадстаўляе тэму малітвы.
Л - Прашу ўстаць і ўключыцца ў спеў песні на ўваход, падчас якой цэлебранты будуць ісці ў працэсіі. Праходзячы каля “студні”, прадстаўнік кожнай Царквы, якая ўдзельнічае ва ўрачыстасці, пералье ваду са збана ў міску. Гэтая вада, якая паходзіць з розных крыніц, з’яўляецца сімвалам нашай еднасці, якая ўжо рэалізуецца, хоць яшчэ застаецца няпоўнай.
Запрашэнне да малітвы
К – Усемагутны Божа, узбудзі ў нас дух еднасці, які прызнае нашу разнастайнасць.
У – Навучы нас талерантнасці, якая адкрывае нас на сябе і ўтварае з нас супольнасць.
К - Распалі ў нас агонь, які яднае тое, што было разарвана, і лечыць тое, што хворае.
У – Узбудзі ў нас ласку, якая перамагае нянавісць і вызваляе нас ад насілля.
К – Адары нас жыццём, якое перамагае смерць.
У – Няхай будзе благаслаўлёны Бог міласэрнасці, які ёсць Айцом, Сынам і Духам Святым і чыніць усё новым. Амэн!
II. Вызнанне грахоў і Kyrie
К – У пакоры як дзеці Бога, сёстры і браты ў Хрысце, прымаем Божую міласэрнасць і адказваем на Божы заклік да аднаўлення ўсіх нашых узаемных адносін.
Л – Міласэрны Пане, Твой Дух узносіўся над водамі, дзе разнастайнасць з’явілася і расквітнела. Вызнаем, што нам цяжка жыць у разарванасці. Прабач нам тыя думкі, словы і ўчынкі, якія нішчаць еднасць.
У – Пане, змілуйся над намі… (спеў)
Л – Міласэрны Хрыстэ, поўны ласкі і радасі, Настаўнік, які ўзбуджае новую надзею і лечыць раны розуму і цела. Вызнаем, што не здолелі слухаць адзін аднаго, не ўмелі суцяшаць і даваць надзею і адварочваліся ад тых, хто прагнуў салідарнасці і братэрства.
У – Пане, змілуйся над намі… (спеў)
Л – Міласэрны Пане, Ты ёсць Крыніцай усяго стварэння, адвечным Словам, якое дае жыццё. Вызнаем, што не ўслухоўваліся ў голас Твайго стварэння, якое жаліцца і моліць аб збаўленні. Дапамажы нам быць чулымі на голас усіх жывых істот, якія церпяць і сумуюць па здароўі і апецы.
У – Пане, змілуйся над намі… (спеў)
К – Божа, Крыніца міласэрнасці і ласкі, вылей на нас сваё прабачэнне. Няхай Твая любоў ператворыць нас у крыніцу жывой вады і адновіць сілы Твайго люду. Просім Цябе аб гэтым праз Хрыста, Пана нашага.
У – Амэн.
III. Літургія слова
Чытанне фрагменту Евангелля (на кожны дзень свой тэкст)
Гамілія
IV. Адказ у веры і еднасці
Вызнанне веры
Апостальскі Сімвал, іншае вызнанне веры або аднаўленне абяцанняў хросту.
Малітва заступніцтва
Л – Міласэрны Божа, кожны з нас асобна і ўсе як супольнасць просім аб святле, каб мы маглі станавіцца больш адкрытымі на іншых і ўмелі абмяжоўваць цярпенне ў нашым свеце.
У – Выслухай нас, Божа любові! Выслухай нашы просьбы!
Л – Міласэрны Божа, вучы сваіх дзяцей, што Тваё аб’яўленне і Твая воля ў дачыненні да чалавецтва знаходзіць выраз у міласэрнасці, павазе да іншых і еднасці.
У – Выслухай нас, Божа любові! Выслухай нашы просьбы!
Л – Міласэрны Божа, молім Цябе, удзялі нам супакой; вучы нас і вядзі, каб мы станавіліся будаўнікамі свету талерантнага і свабоднага ад насілля.
У – Выслухай нас, Божа любові! Выслухай нашы просьбы!
Л – Міласэрны Божа, які прамовіў да нас праз стварэнне, потым праз прарокаў, а нарэшце праз Твайго Сына Езуса Хрыста, удзялі нам мудрасць, каб пачулі Твой голас, які кліча нас да еднасці ў разнастайнасці.
У - Выслухай нас, Божа любові! Выслухай нашы просьбы!
Л – Міласэрны Божа, у імя Твайго Сына Езуса Хрыста, нашага Пана, які папрасіў у самаранкі вады, дай нам вады жывой, якая вядзе да жыцця вечнага.
У - Выслухай нас, Божа любові! Выслухай нашы просьбы!
К – Ад Езуса вучымся ахвяраваць наша жыццё ў знак любові і спачування. Учыні, Божа, каб мы сталі актыўнымі і вытрывалі ў служэнні Твайго слова і ласкі. Удзялі нам сёння Твайго святла і Духа, каб мы маглі працягваць нашу місію і ўмелі прымаць і слухаць усіх, таксама і тых, якія ад нас адрозніваюцца. Выдалі з нашых сэрцаў усялякую злосць, якая нясе насілле і вядзе да дыскрымінацыі. Няхай Касцёл стане прасторай адкрытасці на братоў і сясцёр, дзе прабачэнне, радасць і сардэчнасць, моц і вера з’яўляюцца штодзённай практыкай, штодзённым пасілкам, штодзённым імкненнем за Езусам Хрыстом.
У – Амэн.
Малітва дня
Малітва Панская
V. Благаслаўленне, знак супакою і рассыланне
Благаслаўленне
К – Няхай Бог Айцец благаславіць вас і сцеражэ,
i напоўніць вашыя сэрцы чуласцю, а душы радасцю,
вушы музыкай, ноздры прыемным пахам,
а вусны песняй абароны і надзеі.
Няхай Езус Хрыстус – жывая вада –
будзе за вамі, каб вас бараніць,
перад вамі, каб вас весці,
побач з вамі, каб вас суправаджаць,
у вас, каб суцяшаць,
над вамі, каб благаслаўляць.
Няхай Дух Святы, які дае жыццё,
дыхае ў вас, каб вашы думкі сталі святымі,
дзейнічае ў вас, каб ваша праца была святой,
напаўняе вашы сэрцы, каб прагнулі таго, што святое,
і ўмацоўвае вас, каб баранілі тое, што святое.
Няхай Бог паселіцца ў вашых сэрцах,
насычае вадой іх сухасць, саграе іх холад,
распальвае ў глыбіні вашай душы агонь сваёй любові
i адорвае вас сапраўднай верай, моцнай надзеяй, шчырай і дасканалай любоўю.
У – Амэн.
Знак супакою і рассыланне
К – Няхай Бог, які вучыць нас адкрытасці і заклікае аказваць павагу адзін аднаму, удзеліць нам супакой і згоду духу, калі пілігрымуем па дарозе хрысціянскай еднасці. Ідзіце ў супакоі Хрыста, перадаючы адзін аднаму знак супакою.
Частка ІІ
Малітвы на асобныя дні тыдня
Дзень першы – нядзеля, 18 студзеня 2015 г.
Вызнанне
А трэба было Яму праходзіць праз Самарыю (Ян 4, 4)
Чытанне І: Быц 24, 10-33
Рэспансарыйны псальм: Пс 42,2-5. 7-9. 12
Рэфрэн: Бога жывога прагне мая душа.
Чытанне ІІ: 2 Кар 8, 1-7
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Бог заклікаў нас праз Евангелле,
каб дасягнулі хвалы нашага Пана Езуса Хрыста.
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле: Ян 4, 1-4
Гамілія
Малітва дня
Божа ўсіх людзей,
вучы нас праходзіць праз Самарыю,
каб сустракаць нашых сясцёр і братоў з іншых Цэркваў.
Дазволь нам ісці там з адкрытым сэрцам,
каб мы маглі вучыцца ад кожнай Царквы і ад кожнай культуры.
Божа, Ты ёсць Крыніцай еднасці.
Удзялі нам гэтай еднасці, якой для нас прагнеш.
Амэн.
Дзень другі – панядзелак, 19 студзеня 2015 г.
Сустрэча
Езус, стомлены дарогай, сядзеў пры студні (Ян 4, 6)
Чытанне I: Быц 29, 1-14
Рэспансарыйны псальм: Пс 137 [136],1-2.3-4.5-6
Рэфрэн: Ерузалем, не забуду цябе.
Чытанне II: 1 Кар 1, 10-18
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Бог заклікаў нас праз Евангелле,
каб дасягнулі хвалы нашага Пана Езуса Хрыста.
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле: Ян 4, 5-6
Гамілія
Малітва дня
Міласэрны Божа,
Кіраўнікі і вернікі розных Цэркваў часта кіруюцца логікай і правамі рынкавай рэальнасці.
Прабач гэтых грэх высакамер’я.
Мы ўжо змучаны імкненнем быць першымі і найлепшымі.
Дазволь нам адпачыць пры студні.
Ажыві нас вадой еднасці, зачэрпнутай з нашай супольнай малітвы.
Няхай Твой Дух, які ўзносіўся над водамі хаосу,
увядзе еднасць у нашу разнастайнасць.
Амэн.
Дзень трэці – аўторак, 20 студзеня 2015 г.
Вызнанне
„У мяне няма мужа” (Ян 4, 17)
Чытанне I: 2 Вал 17, 24-34v
Рэспансарыйны псальм: Пс 139,2-3.4-5.6-7
Рэфрэн: Ведаеш, добры Пане, усе мае прагненні.
Чытанне II: Рым 7, 1-4
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Слова Тваё, Пане, ёсць праўдай,
асвяці нас у праўдзе.
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле: Ян 4, 16-18
Гамілія
Малітва дня
О Ты, які па-над усім,
якім іменем можам да Цябе звяртацца?
Якую песню Табе заспяваць?
Не выразіць Цябе ніводнае слова.
Які дух у стане Цябе ахапіць?
Не здолее Цябе зразумець ніводны розум.
Цябе аднаго немагчыма апісаць;
усё, што сказана, паходзіць ад Цябе.
Ты адзін непазнавальны;
усё, пра што было падумана, паходзіць ад Цябе.
Усе стварэнні сведчаць пра Цябе,
тыя, якія кажуць, і тыя, якія нямыя.
Кожны Цбе прагне, кожны да Цябе ўздыхае і за Табой імкнецца.
Усё, што існуе, да Цябе моліцца,
i кожнае стварэнне, якое можа сузіраць Твой сусвет,
узносіць да Цябе гімн сэрца.
Май літасць да нас, Ты, які ёсць за ўсім.
Якім іменем можам да Цябе звяртацца?
Aмэн.
(прыпісваецца Грыгорыю Назіянзіну)
Дзень чацвёрты – серада, 21 студзеня 2015 г.
Пералом
Тады жанчына пакінула свой збан (Ян 4, 28)
Чытанне I: Быц 11, 31-12,4
Рэспансарыйны псальм: Пс 23, 1-2.3-4.5-6
Рэфрэн: Вядзі мяне, Пане, паводле Твайго слова.
Чытанне II: Дз 10, 9-20
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Бог заклікаў нас праз Евангелле,
каб дасягнулі хвалы нашага Пана Езуса Хрыста.
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле: Ян 4, 27-29a
Гамілія
Малітва дня
Божа, поўны любові,
дапамагай нам вучыцца ад Езуса і самаранкі,
што сустрэча з іншымі адкрывае перад намі новыя гарызонты ласкі.
Дапамагай нам пераадольваць нашу абмежаванасць і прымаць новыя выклікі.
Дапамагай нам выходзіць па-за страх у імкненні за заклікам Твайго Сына.
Просім аб гэтым у імя Езуса Хрыста.
Амэн.
Дзень пяты – чацвер, 22 студзеня 2015 г.
Дапамога
У цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая (Ян 4, 11)
Чытанне I: Быц 46, 1-7
Рэспансарыйны псальм: Пс 133 [132], 1-2.3
Рэфрэн: Пан благаславіць прабываючых у згодзе.
Чытанне II: Дз 2, 1-11
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Намагайцеся захаваць еднасць Духа дзякуючы сувязі, якой ёсць мір,
бо былі закліканы да адной надзеі, якую дае ваша пакліканне.
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле: Ян 4, 10-11
Гамілія
Малітва дня
Божа, крыніца вады жывой,
дапамагай нам зразумець,
што чым больш частак нашых вяровак злучым,
тым глыбей нашы чарпакі апусцяцца ў Твае боскія воды!
Адкрый нашы вочы на праўду, што дары іншых
з’яўляюцца выразам Тваёй неспасцігальнай таямніцы.
І ўчыні, каб мы селі разам пры студні,
каб піць з Тваёй вады,еднасці і міру.
Просім аб гэтым у імя Твайго Сына Езуса Хрыста,
які папрасіў самаранку, каб дала Яму піць.
Амэн.
Дзень шосты – пятніца, 23 студзеня 2015 г.
Дар
Езус сказаў: „Вада, якую дам яму,
стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае” (Ян 4,14)
Чытанне I: Зых 2,15-22
Рэспансарыйны псальм: Пс 91 [90],1-2.3-4.5-6
Рэфрэн: Пан маё суцяшэнне і мая абарона.
Чытанне ІІ: 1 Ян 4, 16-21
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Дай нам, Пане, веды жывой,
каб мы ўжо больш не прагнулі.
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле: Ян 4, 11-15
Гамілія
Малітва дня
У Тройцы адзіны Божа,
учыні нас сведкамі Тваёй любові.
Удзялі нам ласку, каб станавіліся прыладамі справядлівасці, міру і салідарнасці.
Няхай Твой Дух натхняе нас да канкрэтных дзеянняў,
якія вядуць да еднасці.
Дапамажы нам пераадольваць прадузятасць у дачыненні да іншых, каб аказваць ім любоў і клопат.
Молімся аб гэтым у імя Езуса Хрыста ў еднасці Духа Святога.
Амэн.
Дзень сёмы – субота, 24 студзеня 2015 г.
Супольнасць
Дай Мне піць (Ян 4, 7)
Чытанне I: Ліч 20, 1-11
Рэспансарыйны псальм: Пс 119, 12.3-4.5-6
Рэфрэн: Вялікіх спраў Бога не забудзем.
Чытанне II: Рым 15, 2-7
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Прыгарніце адзін аднаго так, як і Хрыстус прыгарнуў вас да хвалы Бога.
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле: Ян 4, 5-7
Гамілія
Малітва дня
Божа жыцця, які клапоцішся аб усім стварэнні
і клічаш нас да справядлівасці і міру,
учыні, каб наша бяспека не была вынікам ужывання зброі,
але засноўвалася на ўзаемнай павазе.
Няхай наша сіла бярэцца не з насілля, але з любові.
Няхай наша багацце праяўляецца не ў грошах, але ў дзяленні.
Няхай наш шлях вызначаюць не амбіцыі, але справядлівасць.
Няхай наша перамога абапіраецца не на помсту, але на прабачэнне.
Няхай наша еднасць бярэцца не з імкнення дамінаваць, але з вернага выконвання Тваёй волі.
Учыні, каб мы, адкрытыя і поўныя даверу, баранілі годнасць кожнага стварэння,
дзелячыся, сёння і заўсёды, хлебам і вадой салідарнасці, справядлівасці і міру.
Просім аб гэтым у імя Езуса, Твайго святога Сына,
Які як ахвяра нашага насілля яшчэ з вышыні крыжа прабачыў нам усім.
Aмэн.
Дзень восьмы – нядзеля, 25 студзеня 2015 г.
Сведчанне
Многія (…) паверылі ў Яго дзякуючы слову жанчыны (Ян 4, 39)
Чытанне I: Зых 3, 13-15
Рэспансарыйны псальм: Пс 30 [29], 2-3.4-5.6-7
Рэфрэн: Слаўлю Цябе, Пане, бо мяне збавіў.
Чытанне II: Рым 10, 14-17
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Вы мае сведкі.
Ідзіце і абвяшчайце свету Евангелле.
Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле: Ян 4, 39-42
Гамілія
Малітва дня
Божа, Крыніца жывой вады,
учыні нас сведкамі еднасці як праз нашы словы, так і праз нашы ўчынкі.
Дапамажы нам зразумець, што мы не з’яўляемся валадарамі студні,
i дай нам мудрасць прымаць з радасцю тую самую ласку, яко адорваеш іншых.
Перамяняй нашы сэрцы і наша жыццё,
каб мы маглі быць сапраўднымі вестунамі Добрай Навіны.
I вядзі нас заўсёды да сустрэчы з іншымі,
а таксама да сустрэчы з Табой.
Просім аб гэтым у імя Твайго Сына Езуса Хрыста,
у еднасці Духа Святога.
Амэн.