17 студзеня 2015 Касцёл адзначыць XVIII у сваёй гісторыі Дзень хрысціянска-габрэйскага рэлігійнага дыялогу. Як відаць, паўстанне і развіццё гэтых міжрэлігійных адносін сягае не так далёкіх часоў і цесна звязана з двума важнымі гістарычнымі падзеямі, а менавіта з нацысцкім вынішчэннем еўрапейскіх габрэяў падчас Другой сусветнай вайны і паўстаннем 15 мая 1948 г. дзяржавы Ізраіль.
Штуршком да паўстання дыялогу стала абвяшчэнне ў 1965 годзе дэкларацыі II Ватыканскага Сабору “Аб стаўленні Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій”. За тым паследавала згода Папы Паўла VI на паўстанне ў рамках Сакратарыята да спраў еднасці хрысціян асобнай камісіі па “Развіццю рэлігійных адносін з габрэямі”, дзякуючы чаму дыялог Касцёла з юдаізмам стаў напрамую звязаны з унутрыхрысціянскім экуменізмам . Гэтыя пачынанні супрваджаліся супрацоўніцтвам з боку габрэяў, але на жаль не мелі відавочных наступстваў.
Сапраўды значных поспехаў дыялог пачаў прасоўвацца наперад падчас пантыфікату Яна Паўла II, які неаднарозова, падчас сваіх шматлікіх апостальскіх падарожжаў сустракаўся з прадстаўнікамі габрэйскіх супольнасцей і непасрэдна будаваў з імі ўзаемаадносіны. Важнай падзеяй стала наведванне Святым Айцом былога лагеру смерці Аўшвіц-Біркенау, падчас якога Папа выступіў з пропаведдзю з кранаючымі сэрцы словамі: “Народ, які атрымаў ад Бога Яхве наказ “Не забівай”, асаблівым чынам і ў найбольшай ступені дасведчыў жорсткасці забойства “. Затым у 1986 г. Ян Павел II у галоўнай сінагоге Рыма выказаў словы, якія ляглі ў аснову змены стаўлення да габрэяў, а таксама сталі пачаткам уісх ініцыятыў і дзеянняў для далейшага развіцця ўзаемаадносін: “Габрэйская рэлігія не з’яўляецца для нашай рэлігіі знешняй рэальнасцю, але ўнутраным яе аспектам. Наша стаўленне да юдаізму адрозніваецца ад стаўлення да любой іншай рэлігіі. Вы нашыя ўмілаваныя браты і - можна сказаць - нашыя старэйшыя браты “. Але наладжванне дыялогу не адбывалася без цяжкасцей. 90 годы XX веку ў гісторыі хрысціянска-габрэйскіх адносін адзначыліся так званым асвенцімскім канфліктам, сутнасцю якога было абурэнне габрэяў на ўсталяванне вялікай колькасці маленькіх крыжоў на ўсёй тэрыторыі лагера і перабудовай габрэйскага тэатру кая лагера Аушвіц пад манастыр кармэлітак без атрымання дазволу ад габрэйскай супольнасці. Габрэі расцанілі гэта як непавагу да месца габрэйскай Катастрофы і паўсталая сітуацыя на працягу некаторага часу негатыўна паўплывала на адносіны з Касцёлам. Вырашыць канфлікт атрымалася толькі дзякуючы прамой інтэрвенцыі Яна Паўла II.
Інтэнсіўнасць кантактаў Яна Паўла II з габрэямі і юдаізмам, а таксама глыбіня і мужнасць яго настаўленняў з'яўляюцца беспрэцэдэнтнымі. Вынікам гэтых шматбаковых намаганняў стала ўсталяванне ў 1993 г. дыпламатычных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Дзяржавай Ізраіль, якія абодва бакі прынялі з палёгкай, як добрае прадвесце для міжрэлігійнага дыялогу. Гэта дало новы штуршок да пераасэнсавання адносін габрэйскіх сувязей з зямлёй Ізраіля, а таксама да выпрацавання паглыбленнай хрысціянскай тэалогіі юдаізму. Намаганні ў гэтым кірунку прыносяць свой плён, і ў выглядзе шматлікіх публікацый у розных рэгіёнах свету, і ў форме асабістых і інстытуцыйных кантактаў паміж прадстаўнікамі двух рэлігійных сурольнасцей.
Варта, каб і мы прыклалі крыху сваіх намаганняў і ў еднасці з усім Касцёлам у Дзень хрысціянска-габрэйскага дыялогу папрасілі ў Госпада больш мудрасці, каб шчыра імкнуцца да адзінства, ўзаемаразумення і ўзаемапрыняцця адзін аднаго.