Штогод падчас Адвэнту перажываем урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Касцёл запрашае нас праслаўляць Бога за прадказаную спрадвеку Жанчыну, чыё патомства сцерла галаву д’яблу, – Марыю.
Місія для Маці Адкупіцеля
Нам пашанцавала жыць у час, калі Бог вярнуў людзям годнасць Яго дзяцей. У Езусе Хрысце Творца прынізіў сябе, прыняў “постаць слугі” (параўн. Флп 2, 7), стаў адным з нас, нашым братам, каб адарыць удзелам у сваім жыцці, у сваёй велічы і славе.
Каб стаць падобным да чалавека ва ўсім, акрамя граху, Ён захацеў прайсці ўсе этапы нашага жыцця, адначасова асвячаючы іх. На гэтым шляху не магло не быць Маці, якую Бог абраў для выканання важнай і канкрэтнай місіі, хаця і вельмі складанай для зразумення абмежаваным чалавечым розумам. Аднак адказ дае нам Евангелле, дзе можам прачытаць: “Для Бога няма нічога немагчымага” (Лк 1, 37).
Адораная ласкай у меру выключнага паклікання
Марыя павінна была стаць Маці Дзіцяці, пра якое гаварыў анёл: “Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым” (Лк 1, 35). Таму Ёй самой належала быць святой.
Марыя – Маці Адкупіцеля, Пераможцы зла, граху і д’ябла, аднак, разам з тым, чалавек, дачка Адама, і, як усе людзі, патрабавала адкуплення. І Яна была адкуплена, хоць і інакш, чым мы, – больш дасканала.
Маці Адкупіцеля была захавана ад падзення ў грэх, у той час калі мы ўсе вызвалены з няволі граху, узняты з яго. Маці Збаўцы, Святога над святымі, адорана ласкай у меру выключнага паклікання. Асвечаная, абароненая ад першароднага граху – Беззаганная! Таму ў Ёй не было нават ценю граху. Павінны пакорліва прызнаць, што гэтай свабоды ад усіх плям граху, а таксама нявіннасці і святасці ніхто, акрамя Бога, не можа ні зразумець, ні ўявіць.
“Ідзі з любоўю да ўсіх, таму што тваё жыццё з’яўляецца цэннай місіяй: гэта не цяжар, які трэба вынесці, а дар, які трэба прапанаваць. Адважней, не бойся: хадзем да ўсіх!”.
Папа Францішак
Маці Хрыста і ўсіх людзей
Марыя была адорана надзвычайнай ласкай не з-за асабістых заслуг, але з прычыны Святога, з прычыны Яе боскага мацярынства. І, такім чынам, у канчатковым рахунку дзеля нас, бо Божы Сын нарадзіўся дзеля нашага збаўлення.
Пан Бог, жадаючы вярнуць чалавеку годнасць Божага дзіцяці і знішчаныя першародным грахом вобраз ды падабенства, запланаваныя падчас стварэння, узнавіў іх спачатку ў Марыі. Маці Збаўцы ўсведамляла выбранне, якога ніяк не заслужыла. Прызнавала, што Бог адкупіў Яе праз свайго Сына: “Узрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу” (Лк 1, 47).
А Касцёл укладвае ў вусны Беззаганнай словы прарока Ісаі: “Ён апрануў мяне ў шаты збаўлення, плашчом справядлівасці ахінуў мяне” (Іс 61, 10).
Марыя аддае належную пашану Богу: “Велічае душа мая Пана...” (Лк 1, 46). Таму адразу пасля Звеставання Яна пакорліва накіроўваецца да Альжбеты, каб служыць ёй. А ўласную місію будзе перажываць у цярпенні побач з пакутуючым Збаўцам. Яна выканае сваё пакліканне да канца, не змарнуе атрыманую ласку.
Пакліканыя збавіць свет
Марыя магла сказаць Богу “так”, а магла адмовіцца. У сваёй свабодзе Яна бязмерна даверылася Айцу. Цалкам рэалізавала сваё пакліканне, ажно да крыжа, да трывання ў малітве з апосталамі ў Вячэрніку. Беззаганна Зачатая вучыць нас адказваць на Божы заклік, на Яго дар.
Бог, заклікаючы да святасці, да ўдзелу ў Яго жыцці, да збаўлення свету, да шчасця, ставіць нас у канкрэтным месцы і часе, даручае пэўную задачу. Адначасова робіць нас здольнымі прыняць Яго волю як запрашэнне да ўдзелу ў справе збаўлення, у пабудове Божага Валадарства.
Самым вялікім дарам Бога з’яўляецца пакліканне. Яно ажыццяўляецца тут і зараз – у сям’і, на вучобе ці працы, а таму мы павінны на ўзор Марыі станавіцца “святымі і беззаганнымі”. Можам быць упэўнены, што ўслед за нашым пакліканнем выплываюць ласкі для яго рэалізацыі. Калі Усемагутны выбірае для кожнага чалавека пэўны шлях, то таксама адорвае сілай прапарцыйна велічыні задач і паклікання. Пан Бог ніколі не пакідае нас адных.
Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч