5 снежня адзначаецца Сусветны дзень валанцёра. З гэтай нагоды дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі віншуе ўсіх сваіх валанцёраў, людзей, якія бескарысліва дзеляцца сваім вольным часам, сіламі, пачуццямі, жаданнем зрабіць дабро патрабуючым.
Немагчыма ўявіць дзейнасць “Карытас” без падтрымкі валанцёраў.
Шлях, які праходзім разам, падкрэслівае вартасць сумеснай працы, аб’ядноўвае нашы намаганні, наладжвае добрыя адносіны, заснаваныя на даверы і супрацоўніцтве ў розных сацыяльных праектах і дабрачынных акцыях.
У цэнтры валанцёрства знаходзяцца людзі, засяроджаныя на чалавечай годнасці, сям’і, сацыяльных і культурных адносінах, у якіх яны жывуць.
Сёння валанцёрства прыносіць у грамадства новыя каштоўнасці, напрыклад, супольныя даброты і асабліва дух служэння, натхнёны жаданнем служыць.
У гэты дзень хочацца падзяліцца радасцю, што побач з намі знаходзяцца верныя сваёй справе людзі...
Ганна Барысевіч, валанцёр, амаль 10 гадоў крочыць з намі побач, натхнёная духам служэння. Ганна жыве ў горадзе Гродна, студэнтка 5 курса Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Гэта сціплая, адказная дзяўчына, якая заўсёды адгукаецца на выклікі часу, не застаецца абыякавай да чужой бяды і не саромеецца дапамагаць.
Дзяўчына адзначае, што зусім не шкадуе пра час, які прысвячае на дабрачынную дзейнасць.
“Я атрымліваю ад гэтага шмат радасці і пазітыву. Люблю, калі вяртаюся дадому стомленая, але шчаслівая, адчуваць, што камусьці дапамагла. Узнікае жаданне яшчэ і яшчэ дапамагаць. Я не бачу свайго жыцця без служэння бліжняму! Мы, валанцёры, працуем бескарысліва, трацім свае сілы, але, аддаючы сябе, ты набываеш штосьці большае”, – кажа Ганна.
Як дадае яна, чалавек, які спрабуе стаць валанцёрам, павінен валодаць шматлікімі якасцямi. “Па-першае, гэта актыўная жыццевая пазіцыя, камунікатыўнасць, па-другое, бескарыслівасць, жаданне працаваць, а яшчэ – адказнасць!” – адзначае Ганна.
Па словах дзяўчыны, падчас служэння ў ролі валанцёра вельмі часта даводзіцца сутыкацца з цяжкасцямі, такімі, як пошук адказных людзей, гатовых стаць удзельнікамі новых, акцый, ідэй.
Ганна падкрэслівае, што сёння ёсць шмат людзей, якім патрэбна дапамога. Па яе словах, найперш патрабуюць дапамогі і павінны атрымаць падтрымку дзеці, якія страцілі сваіх бацькоў, а таксама анкалагічна хворыя людзі.
Застаецца толькі дзякаваць і радавацца, што жыве дабрыня і бескарыслівасць у маладых сэрцах, такіх адкрытых на дапамогу і міласэрнасць.
Наталля Вішнеўская