Сын Божы, прыходзячы ў свет, уключыўся, як усе людзі, у кола сям’і. Яго Сям’я жыла ў пакоры і прастаце, знешне не адрозніваючыся ад іншых сем’яў. Але – як ведаем з Евангелля – гэта была Сям’я цалкам выключная, чыё духоўнае аблічча было незвычайным.
У гэтым назарэтанскім доме Бог быў заўсёды на першым месцы, на ўсё глядзелі ў Божым святле. Самыя цяжкія і прыкрыя з’явы жыцця не засланялі там міру, бо цярпенні прымаліся ў глыбокім духу веры, у перакананні, што кожная акалічнасць з’яўляецца спаўненнем Божага плану, нават калі яго не разумелі.
Выкананне Божай волі было мэтай і кірункам жыцця ўсёй Сям’і.
Езус Хрыстус, жадаючы стаць чалавекам да канца, патрабаваў зямной Маці. Ён патрабаваў таксама кагосьці, хто б у імя Бога айца спаўняў на зямлі ролю Яго Апекуна. Патрабаваў таксама Сям’і, якая была б Святой Сям’ёй, дзе б Божае Дзіця “расло і набіралася сілы, напаўняючыся мудрасцю”.
Вялікім шчасцем Бога было тое, што Ён знайшоў такіх людзей у Назарэце. Вялікім шчасцем Марыі і Юзафа было тое, што яны былі знойдзены Богам. А ўся гэтая падзея стала крыніцай вялікага шчасця ўсіх людзей і народаў, якія ўрэшце “ўбачылі Божае збаўленне”.
Дзякуючы абранню Марыі і Юзафа мы ўсе можам станавіцца сёння перад Богам як “выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя”, апранутыя ў “шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць, церпячы адзін аднаго і даруючы сабе ўзаемна”, апранутыя ў “любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці” (Кал 3, 12-14).
Дзякуючы Святой Сям’і, у якой і праз якую прыйшоў у свет Збаўца свету, кожная сучасная сям’я можа сёння стаць святой сям’ёй. Станецца так, калі ў нашых сем’ях слова Езуса Хрыста будзе прымацца з усёй павагай і “ўсім багаццем”, калі ўсё, чым жывуць нашы сем’і, будзе ўчыняцца “ў імя Пана Езуса”, калі ўсе сямейныя адносіны, якія адбываюцца паміж сужэнцамі, бацькамі, роднымі і дзецьмі, будуць аздароўленыя. А стане так толькі тады, калі сэрцамі членаў нашых сем’яў пачне кіраваць “супакой Хрыстовы”.
Будзем прасіць Найсвяцейшую Сям’ю з Назарэта аб гэтым адным: каб у нашых сем’ях усе бралі прыклад з прынцыпаў жыцця Святой Сям’і. Каб мы не дазволілі адабраць у сябе гэтага дабра і шчасця, імя якому – хрысціянская, Божая любячая сям’я.
Kаталіцкі Касцёл адзначае свята Святой Сям’і ў першую нядзелю пасля Божага Нараджэння. Сёлета яно прыпадае на 29 снежня.
Cвята Святой Сям’і ўпершыню было ўстаноўлена ў 1684 г. у Канадзе з адабрэння Папы Аляксандра VII. На пастаянна ў літургію яно ўвайшло ў час пантыфікату Папы Льва XIII, які 20 лістапада 1890 г. выдаў пахвальны дэкрэт “Культ пашаны, звернуты да Святой Сям’і”.
JM