5 снежня адзначаецца Сусветны дзень валанцёра. Валанцёр дзеліцца любоўю, каб навакольны свет патрабуючых людзей стаў прыгажэйшым і больш братэрскім, а супольнае дабро магло быць не толькі абаронена, але і ўзбагачана адказным клопатам, натхнёным чуласцю сэрца, сфармаванага Евангеллем.
Хрысціянскі валантарыят – гэта адна з неабходных у сённяшнім свеце форм сведчання аб тым, што ў Езусе Бог кліча нас і робіць здольнымі любіць братоў і сясцёр.
Ян Павел ІІ у сваёй прамове да прадстаўнікоў міжнароднага валантарыяту ў студзені 1981 г. указаў менавіта на гэты аспект: “Як жа можна не захапляцца тым, што ў хрысціянскіх супольнасцях [...] развіваюцца [...] групы валанцёраў, якія жадаюць служыць братам, каб такім чынам будаваць больш справядлівы і чалавечы свет [...]. Таму валантарыят становіцца знакам і выразам евангельскай любові, якая з’яўляецца бескарыслівым дарам з самога сябе – дарам, ахвяраваным бліжнім, асабліва самым бедным і патрабуючым”.
Аб тым, для чаго варта, а нават і трэба сёння чыніць дабро, кажуць валанцёры Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі.
Вераніка Смыкоўская
Адкрыць сэрца на патрэбы іншых
У жыцці няма нічога выпадковага, кожнае здарэнне мае свой сэнс. Таму свой прыход у “Карытас” я лічу цудоўнай магчымасцю, дадзенай мне Панам, адкрыць сваё святло для людзей, праз добрыя ўчынкі і міласэрнасць. Бо сам Езус кажа: “Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах” (Мц 5-14,16).
У маім жыцці надышоў той пэўны час, калі я зразумела, што трэба змяняць сябе, змяняць сваё сэрца, учынкі, позіркі… “Карытас” вучыць мяне гэтаму. Тая ахвярнасць, якая неабходна для валанцёрства, змяняе маё сэрца і робіць мяне дапамогай для іншых.
У наш час так шмат тых людзей, каму дапамога сапраўды патрэбна, і не вельмі шмат тых, хто згодны дапамагаць. У сваім Пасланні да Філіпянаў св. апостал Павел кажа: “Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых” (Флп 2, 4). Гэтыя словы актуальныя і ў наш час. Апостал вучыць кожнага, і мяне таксама, быць ахвярнай, клапаціцца не толькі пра сябе, свае справы, але і пра дабрабыт людзей, якія побач.
Спадзяюся, што Пан, які даў мне магчымасць супрацоўнічаць з “Карытас”, дапаможа адкрыць маё сэрца для кожнага, хто мае ў ім патрэбу…
Вераніка Загорская
Змяніць тое, што вакол нас
Зараз у свеце вельмі шмат зла, эгаізму, болю, слёз, адзіноты і недаверу. Здаецца, мы жывём у сучасным свеце, дзе шмат розных тэхналогій, новых адкрыццяў, але людзі так і не навучыліся самаму простаму – любіць. Бо ўсё так жа ідуць войны, людзі паміраюць з голаду, маці адмаўляюцца ад дзяцей або, яшчэ горш, забіваюць іх у сваім улонні. І, калі глядзіш на ўсё гэта, становіцца страшна. Таму так важна дарыць дабро іншым.
Дабро нясе святло, радасць, міласэрнасць, надзею. Таксама, робячы дабро, ты нясеш любоў Хрыста, адчуваеш сябе Яго прыладай.
Дапамагаць іншым на самой справе вельмі класна, бо на тварах гэтых людзей ты бачыш усмешкі, і гэта так цудоўна. Удзел у валанцёрскім руху “Карытас” дапамагае мне праявіць сябе, развіць тыя таленты, якія даў Пан. Хто, калі не мы, хрысціяне, будзе дарыць святло гэтаму свету! Мы не можам змяніць свет, але можам змяніць тое, што вакол нас, і тады любоў Хрыста зможа распаўсюджвацца
***
Валантарыят з’яўляецца формай жыцця, якая вынікае з чуласці чалавека, сфармаванай свядомасцю, што чалавек як асоба знаходзіць сябе і рэалізуе праз бескарыслівы дар з сябе, служачы іншым.
Натхненне да такога служэння валанцёры чэрпаюць найперш з паводзінаў самога Езуса Хрыста, які “прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх” (Mк 10,45).
Кс. Юрый Марціновіч