Хрыстос прыйшоў у гэты свет у сям’і, і мы таксама нараджаемся ў ёй. Сям’я з’яўляецца галоўнай клеткай і падмуркам кожнага грамадства. Вядома, што калі фундамент слабы, то і будынак доўга не прастаіць. Таму ў інтарэсах кожнага грамадства клапаціцца пра сям’ю. Касцёл, які стаіць на варце маральнага парадку і сацыяльнай справядлівасці, у якасці адной са сваіх галоўных задач бачыць клопат аб сужэнствах.
Усім вядома, што сучасная сям’я перажывае не бачны дасюль крызіс. Нездарма ў 2014 і 2015 гг. у Ватыкане адбыліся два Сіноды Біскупаў на тэму сям’і. Касцёл не абыякавы да яе праблем і стараецца іх вырашыць з захаваннем Божага права. Сёння Касцёл звяртае нашу ўвагу на Святую Сям’ю і ставіць яе ў прыклад сучасным сем’ям. Евангелле распавядае нам аб тым, што Марыя і Юзаф былі аўтарытэтам для Езуса, хаця, як вядома, Яго Бацькам быў Нябесны Айцец.
У Святым Пісанні мы чытаем таксама, што Юзаф настолькі клапаціўся аб Езусе, што нават уначы ўстаў і пайшоў з Ім і Марыяй у Егіпет, каб абараніць народжанае ў Бэтлееме Немаўлятка ад мяча Ірада. Марыя клапацілася аб сваім сыне, які адначасова быў Сынам Божым. Яна была пры Ім заўсёды, нават у хвіліну Яго смерці на дрэве крыжа. Усё гэта нагадвае аб тым, што гэтая сям’я сапраўды было святой, якіх так патрабуе сучасны свет.
Няхай жа Святая Сям’я выпрошваe ў Бога адпаведныя ласкі ўсім нам, асабліва нашым сем’ям, каб яны былі радасцю і надзеяй сучаснага свету і нашай краіны.
JM