Пра Беззаганнае Зачацце – праглядаючы Біблію
Артыкул Томаша Казімерскага апісвае пытанні, якія ўзнікаюць у перакладчыкаў Бібліі адносна фрагмента пра Звеставанне Найсвяцейшай Панны Марыі. Аўтар, абапіраючыся на шматлікія месцы са Святога Пісання, імкнецца растлумачыць, што рэальна азначаюць словы Арханёла Габрыэля “Поўная Ласкі”. Моўны аналіз будзе асабліва цікавы пасіянатам Бібліі і культа Марыі.
Беззаганнае Зачацце – гэта дагмат, які няспынна знаходзіцца пад абстрэлам пратэстантскай крытыкі. У чым прычына? Пратэстантам не падабаецца пашана Каталіцкіга Касцёла адносна Панны Марыі, а пашана гэта тлумачыцца менавіта Беззаганным Зачаццем. Скіраванае адмаўленне бязгрэшнасці скіравана ў культ Марыі і ўскосна і падманліва знаходзіць падтрымку ў Бібліі. Таму мая мэта – даказаць тое, што гэты дагмат можна бараніць абапіраючыся выключна на Слова Божае. Няхай гэта будзе добразычлівы рух у бок Братоў Адлучаных.
Kеcharitomene
Сам дагмат трымаецца на біблійным апісанні Звеставання, якое знаходзіцца ў Евангеллі св. Лукі. Самыя важныя для гэтага разважання словы – гэта словы, якімі арханёл Габрыэль звяртаецца да Марыі ў Лк. 1.28:“Прывітана будзь, ласкі поўная, Госпад з Табою”.
У грэцкім арыгінале словы “ласкі поўная” змяшчаюцца ў адным слове: kеcharitomene, якое ў Новым Запавеце з’яўляецца ў гэтай форме толькі аднойчы. Гэта дзеепрыслоўе залежнага стану прошлага часу, якое азначае, што пэўнае дзеянне ўжо адбылося, а яго эфект усё яшчэ існуе. Значэнне сэнсавай часткі charito звязваецца са шчодрасцю ласкі. Таму kеcharitomene можна перакласці: у поўнай меры і па гэты час адораная (раней) ласкаю. З такім тлумачэннем згаджаюцца многія пратэстантскія біблісты, між іншымі бапціст А. Т. Робертсон.
Чым з’яўляецца ласка?
Вось тут можна запытацца: Што азначае быць поўным ласкі? Што значыць ласка? У Новым Запавеце слова charis [грэц. ласка] з’яўляецца шмат разоў. Азначае яно незаслужаны дар ад Бога. У Бібліі шмат разоў і рознымі спосабамі падкрэсліваецца, што першым і самым важным дарам ласкі для хрысціяніна з’яўляецца збаўленне: бо ласкаю вы збаўлены (Эф 2,8). Збаўленне ў хрысціянстве гэта, у першую чаргу, выратаванне, вызваленне ад граху. Марыя была апісана Арханёлам як поўная ласкі (якую яна атрымала і не страціла), а гэта значыць, што яна цалкам свабодная ад граху і гэты стан, праяўлены ў час Звеставання, існаваў ужо раней.
Новае ці звычайнае імя для абранай?
Kеcharitomene, акрамя літаральнага значэння, займае важнае месца ў звароце арханёла Габрыэля. Ён прыйшоў да Яе і сказаў: “Вітаю Цябе [Haire, даслоўна: Радуйся], ласкі поўная [kеcharitomene]… Анёл не звяртаецца да Багародзіцы: “Радуйся, Марыя!”, а выкарыстоўвае слова “kеcharitomene” – як яе новае імя. Аднак Божы пасланнік не сцвярджае гэтым: з гэтага моманту будзеш называцца Поўная Ласкі, як гэта адбывалася ва многіх іншых выпадках, калі новыя імёны з’яўляліся ў Старым Запавеце [Абраам – Абрахам, Якуб – Ізраэль] і Новым Запавеце [Сымон – Пётр]. Габрыэль называе так Марыю вітаючыся, так, нібы гэта яе імя, і толькі з-за здзіўлення Марыі ён яшчэ раз звяртаецца выкарыстоўваючы яе зямное імя. Такім чынам Габрыэль ўспрымае як звычайную рэч тое, што менавіта так трэба звяртацца да Маці Божай, бо так гучыць яе імя перад тронам Бога. Больш таго Анёл вымаўляе гэтае імя яшчэ раз перад Дзявочым Зачаццем Езуса, што азначае, што новае імя Яна атрымала яшчэ раней – перад Звеставаннем. Аднак ён не мог бы так сябе весці, калі б Марыя не была раней Ласкі Поўная. А Марыя ня ведала яшчэ аб сваім новым імені – адсюль і яе здзіўленне (Лк 1,29). Улічваць трэба і культурны кантэкст: народ, да якога адносілася Марыя, лічыў, што імя ўтрымоўвае ў сабе сутнасць дадзенай асобы, вельмі важны яе элемент. Гэта азначае, што для Марыі змест яе існавання – быць поўнай ласкі. З якога моманту Марыя была збаўлена? Сфармуляванае новае імя мае сувязь з кнігаю Адкрыцця, з завяршэннем пісьма да Касцёла ў Пермагоне (Ап 2,17), дзе ёсць наступнае абяцанне пераможцы, г.зн. чалавеку, які будзе збаўлены: “Пераможцы дам […] белы камень, а на камені напісанае новае імя, якога не ведае ніхто, толькі той, хто трымае”. Таму Марыя ўжо ў момант Прывітання Анёла мела новае імя, якое атрымала…раней! У адносінах да яе Бог ужо тады споўніў абяцанне, дадзенае ўсім хрысціянам, якія, вандруючы па зямлі, з надзеяй чакаюць яго спаўнення. У адрозненне ад нас, Марыя яшчэ перад Дзявочым Зачаццем была прызнана збаўленай і захавала гэта да пэўнага моманту. Застаецца толькі пытанне: з якога моманту Марыя была збаўлена? Аб тым, калі наступіла гэтае “раней” гаворыць фрагмент з кнігі Роду 3,15. Пасля першароднага граху Бог звяртаецца да змея: Пакладу варожасць між табой і жанчынай, і нашчадкамі тваімі і яе нашчадкам; ён сатрэ галаву тваю, а ты будзеш джаліць пяту яго. Выкарыстанае слова “варожасць” – aibe – ў Старым Запавеце з’яўляецца сэнсавай крыніцай словаў “злосць” (Лб 35,21) і “нянавісць” (Лб 35,22), і гэта ў кантэксце забойства і помсты за яго. Гэта азначае, што гэта варожасць – варожасць поўная, бязмежная, якая скончыцца павінна смерцю адной са старон. У чым сэнс варожасці паміж д’яблам і дзеваю?
Дзева вораг д’ябла
Дзева – відавочны вораг д’ябла, бо калі чалавек грашыць, то ён выбірае д’ябла (1 Ян. 3,8). Пры такім поглядзе няма варожасці паміж д’яблам і чалавекам. Мы добра ведаем, што Ева зграшыла, таму і няма поўнай варожасці паміж ёю і д’яблам – Ева не з’яўляецца дзевай. Хто ж тады ёю з’яўляецца? Сам Хрыстос у час сваёй грамадскай дзейнасці ўказвае на Марыю як на дзеву, замест таго, каб называць Яе маці (Ян. 2,4; 19,26). Езус ніколі не парушаў Закон, таму словы яго не маглі азначаць адсутнасць пашаны да Маці; Езус – справядлівы Бог – не мог вызначаць яе статус памылкова. Слова “дзева”, якое Ён выкарыстаў у адносінах да Марыі, павінна было быць больш пачэсным, чым “маці”. Дзе ж зварот “дзева” можа быць роўным звароту “маці збавіцеля”? У Бібліі ёсць такое месца – гэта Протаевангелле ў Кнізе Роду. Езус, называючы Марыю Дзевай, указвае на найвышэйшую мэту сваёй місіі збавіцеля: збавіць чалавека ад граху, вызваліць з палону д’ябла. Такім чынам Езус паказвае, што Марыя не толькі біялагічная маці зямнога збавіцеля, які вызваліць Габрэяў (у гэтым выпадку – ад Рымлян), але як непасрэдную ўдзельніцу самай важнай барацьбы ў гісторыі чалавецтва, як Маці Касмічнага Збаўцы, і ў гэтым процістаўленні будзе пераможаны самы стары вораг. Нашчадкі Марыі топчуць галаву змея! Такім чынам, паміж Марыяй і д’яблам павінна існаваць перманентная варожасць, што азначае, што Яна – тая Дзева, якую прадказвалі. Гэта даказвае, што Марыя ніколі не магла быць пад уладай граху (у адносінах да першароднага граху пануе згода паміж каталікамі і пратэстантамі) і Кеcharitomene сапраўды была Бязгрэшна Зачатай.
Ласка дараваная Богам
Трэба разгледзець яшчэ адзін бок пытання: Кеcharitomene – “адорана” ласкаю. Яна не з’яўляецца бязгрэшнай і збаўленай сама праз сябе – ўсю ласку яна атрымала ал Бога праз Езуса. Касцёл ніколі не рабіў з яе самастойнай і незалежнай “багіні” – Яна сама называе сябе служкай Бога. Да гэтага часу разгледжаны былі розныя фрагменты Святога Пісання, якія згаджаліся ў падцвярджэнні праўды аб Беззаганным Зачацці. Цяпер трэба развеяць сумневы ў адносінах да тых фрагментаў, якія ілюзорна паказваюць рэчы адваротныя.
Рым. 3,23
Усе [pantes] саграшылі і пазбаўлены славы Божай. Тут Пратэстанты робяць націскным слова “ўсе”, лічачы, што выключэнне пярэчыла б Слову Божаму. Але ўважлівае чытанне Святога Пісання ўказвае на зусім іншае значэнне слова “ўсе” (грэц. pantes). Аўтар Евангелля ад Святога Мацвея перадае адказ фарысеяў на пытанне Езуса аб тым, адкуль ідзе хрышчэнне Яна. Фарысеі думаюць, як адказаць: калі скажам, што ад людзей – разгнявім натоўп, бо ўсе лічаць Яна прарокам. Усе – але, як зразумела з кантэксту, не фарысеі. Такім чынам, слова pantes не азначае ўсіх без выключэння. Працягваючы даследванне праз прызму адсутнасці выключэнняў, прыйсці можна да некалькіх супярэчнасцей: усе (pantes) ў Адаме паміраюць (параўнайце: 1 Кар 15,22) А што ў такім выпадку казаць пра Хеноха і Іллю, якія былі ўзятыя на неба? Што рабіць з Эльжбетай і Захарыям, якія былі сумленнымі ў адносінах да Бога і выконвалі ўсе Яго запаветы і наказы? (параўнайце: Лк. 1,6) Ці былі яны аднак бязгрэшнымі? Ці быў бязгрэшным Захарый, які за сваю недаверлівасць пакараны быў Арханёлам Габрыэлем дзевяццю месяцамі маўчання? А наймацнейшы контраргумент супраць літаральнага ўспрымання слова pantes з’яўляецца аўтаматычна наступнае: што з Езусам – сапраўдным Богам і сапраўдным чалавекам, калі ўсе зграшылі? Думаецца, што ні гэта хвалюе пратэстантаў. Такім чынам, нельга лічыць, што Рым. 3,23 павінна азначаць літаральна ўсіх. Тут вызначаецца правіла, з якога могуць быць і нават павінны быць выключэнні!
Дз 6,8
Сцяпан поўны ласкі і сілы рабіў цуды і вялікія знакі сярод людзей. На першы погляд здаецца, што тут усё ідэнтычна са Звеставаннем: што поўны ласкі = поўная ласкі! Аднак Дз 6,8 – гэта pleres charitos, проста поўны ласкі, без вызначэння калі і ў якой меры святы Сцяпан быў ёю напоўнены. Гэта паняцце з’яўляецца ў Бібліі па меншай меры яшчэ адзін раз – у адносінах да Езуса (Ян. 1,14). Ці можна, улічваючы гэта, зрабіць вывад, што Сцяпан і Езус былі гэтаксама поўныя ласкі? Верыцца, што пратэстанты не згодзяцца з такім адказам.
Эф. 1,6
На хвалу славы сваёй ласкі Сваёй, якой абдарыў нас ва Умілаваным. У гэтым месцы ўжо ў польскім перакладзе відаць, што размова не можа ісці аб адной і той жа форме слова charitos. І гэта праўда – ў арыгінале было выкарыстана echaritosen, якое, у першую чаргу, не ўтрымоўвае ўказання на працягласць абдоранасці ласкаю і на тое, што абдоранасць гэта такая ж поўная, як у kecharitomene.
Сір. 18,17
Ці ж не лепшае слова, чым вялікае ахвяраванне? Аднак і адно, і другое [бывае] ў чалавека, поўнага дабразычлівасці. Словы “поўнага дабразычлівасці” тут у грэцкім варыянце былі выражаны праз kecharitomene. А таму сцвярджаць можна, што унікальную формулу, на якой будуецца ўсё разважанне, можна знайсці яшчэ недзе ў Бібліі! Так ў Септуагінце – грэцкім перакладзе арыгіналу, гэтае слова выбраў ненатхнёны аўтар, а перакладчык, які сам прызнаецца: Таму прашу прабачыць у тых месцах, дзе б каму-небудзь здавацца магло б, што, нягледзячы на нашу старанную працу над перакладам, не змаглі мы знайсці адпаведнага слова ці славазлучэння: бо ня маюць той самай сілы словы перакладу, што словы арыгіналу. Акрамя таго, kecharitomene тут выкарыстоўваецца ў якасці прыметніка, а ў Лк 1,28 – назоўніка, новага імені Марыі, Кecharitomene, вызначаючага Яе сутнасць і факт, што Яна ўжо збаўлена, чаго нельга сказаць аб чалавеку з Сір. 18, 7
І я так хачу!
Можа ўзнікаць і яшчэ адно пытанне, якое не знаходзіцца ў межах Бібліі, а з’яўляецца вынікам сённяшняга дэмакратычнага мыслення: чаму Марыя? Гэта несправядліва! На гэта адказаць можна словамі са Святога Пісання: Спадабалася Богу… (параўнайце Пс 68,17; 1 Кар 1,21 і г.д.). Не людскі рэферэндум, а толькі Бог робіць выбар! Гэта пытанне гучыць у Бібліі не адзін раз, але гэта тэма для іншага казання.
Томаш Казімерскі
Крыніца: fronda.pl
Пераклад: Любоў Сетак