8 снежня Касцёл святкуе ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Дагмат аб Беззганным Зачацці Багародзіцы, ухвалены ў ХІХ ст., да сённяшняга дня застаецца незразумелым для многіх хрысціян, і таму часта, ў бок Касцёла скіравана крытыка за беспадстаўнае стварэнне новых праўдаў веры. Крытыка дагмату грунтуецца на тым, што Хрыстос прыйшоў, каб адкупіць усіх людзей і Марыя не з’яўляецца выключэннем – такім чынам яна, нібыта, не можа быць беззаганай.
Па-першае, важна акрэсліць, у чым заключаецца сутнасць гэтага дагмату. Гаворка не ідзе пра тое, што Марыя была зачата ад Святога Духа. Дагмат аб Беззаганным Зачацці ясна кажа, што Марыя, была зачата сваімі бацькамі Яўхімам і Ганнай, як і ўсе іншыя людзі, але, ад самага свайго з’яўлення ва ўлонні маці не была пазначана першародным грахом. Яна, дзякуючы асаблівай Божай ласцы, не ўнаследавала грахоўнай спадчыны Адама і Евы, а была цудоўным чынам адкуплена яшчэ перад зачаццем, у прадбачанне заслуг свайго Сына. У гэтым сутнасць дагмату.
Акрамя таго, ён падкрэслівае важную ролю Панны Марыі ў гісторыі збаўлення чалавецтва. Дагмат тлумачыць значэнне біблійных словаў з кнігі Быцця, скіраваных да сатаны: “і пакладу варожасць паміж табой і жанчынай, паміж семем тваім і яе; яно будзе паражаць цябе ў галаву” (Быц 3,15). Паводле каталіцкага навучання – гэта прароцтва аб Марыі, якая знаходзіцца ў стане варожасці са злым, бо з’яўляецца свабоднай ад граху.
Трэба адзначыць, што аб беззаганнай прыродзе Панны Марыі вядома з вельмі старажытных крыніц і ад вельмі паважаных, як на Усходзе так і на Захадзе, аўтараў. Упершыню аб ёй, у інтыітыўнай і недакладнай форме, узгадваецца ў протаевангеллі паводле Якуба, якое было напісана прыкладна паміж 140-170 гг. Між іншым, у гэтым тэксце ўтрымліваюцца звесткі аб дзяцінстве Марыі. Яна прадстаўлена святой, дасканала сціплай і пабожнай дзяўчынкай, якой была ад самага свайго зачацця. На падставе гэтага апавядання, ва Усходніх Цэрквах Маці Божая яшчэ са старажытнасці называлася “Παναγία” (“Панагія”) – “Уся святая”.
Аб дасканалай прыродзе Маці Божай казаў і св. Аўгустын. Ён падкрэсліваў, што народная пабожнасць прызнае Марыю як “Беззаганую, дзеля хвалы Пана” і казаў, што “Марыі абсалютна не тычыцца пытанне, калі гаворка ідзе пра грэх”.
Прыкладна ў той самы час, на Усходзе, грэцкі багаслоў Прокл Канстантынопальскі адзначаў, што Марыя “гэта санктуарый безграхоўнасці, святыня прысвечаная Богу”. Тэатэкнас Лівійскі называў Маці Божую “уся прыгожая, чыстая і без плямы”. Беззаганай Панну Марыю называлі многія іншыя ўсходнія аўтары. Такім чынам казаць аб тым, што дагмат аб Беззаганным Зачацці быў нібыта “выдуманы” Касцёлам у ХІХ ст. – гэта няправільна. Разуменне беззаганай прыроды Панны Марыі фарміравалася на падставе агульнахрысціянскай спадчыны, як на Усходзе так і на Захадзе, але ў Касцёле, у адрозненні ад іншых Цэркваў, гэта праўда была абвешчана дагматам.
Тэалагічнае абгрунтаванне Беззаганнага Зачацця пачалося ў эпоху сярэдневечча. Між іншым, гэтай тэмай займаліся такія выдатныя філосафы і тэолагі як св. Бернард з Клерво, св. Альберт Вялікі, св. Бонавентура і св. Тамаш з Аквіну. Але асабліва важны ўклад у фарміраванне разумення Беззаганага Зачацця зрабіў св. Дунс Скот, францішканін, якога нават называюць “Доктарам Беззаганнай”. Менавіта ён сфармуліраваў навучанне аб тым, што Марыя, дзякуючы будучым заслугам свайго Сына, ужо пры сваім зачацці не мела плямы першароднага граху.
У 1484 г. Папа Сікст IV устанавіў у Рыме адпаведнае літургічнае свята і забараніў узаемныя абвінавачванні ў ерасі паміж прыхільнікамі і праціўнікамі веры ў Беззаганнае Зачацце. У 1617 г. папа Павел V забараніў публічна абвяргаць гэту праўду, а Аляксандр VII выдаў булу, у якой абвясціў аб важнасці шанавання Беззаганнага Зачацця, хоць і не надаў гэтай таямніцы дагматычнага характару.
Беззаганнае Зачацце Панны Марыі стала дагматам толькі ў 1854 г. Тагачасны папа Пій ІХ звярнуўся да гэтай тэмы ў час, калі Касцёл патрабаваў унутранага аднаўлення, перад абліччам пашырэння рэлятывізму і секулярызацыі. Папа склікаў спецыяльную камісію кардыналаў і біскупаў і прапанаваў абвясціць Беззаганнае Зачацце дагматам. У адказ Пантыфік сустрэў вялікую адкрытасць і адзінадушную падтрымку з боку сваіх паплечнікаў: толькі чатыры іерархі выказалі сумненні адносна гэтага пытання. 8 снежня 1854 г. Пій ІХ выдаў энцыкліку “Ineffabilis Deus”, у якой Беззаганнае Зачацце Панны Марыі было абвешчана дагматам. Такім чынам навучанне Каталіцкага Касцёла абагацілася новаўвядзеннем, якое мела вельмі старажытныя карані.
Цікава, што праз некалькі гадоў, у 1858 г., Маці Божая аб’явілася ў французскім мястэчку Лурд беднай і неадукаванай дзяўчынцы Бернадэце Субіру. На пытанне дзяўчынкі “Як тваё імя?”, Панна Марыя адказала “Я – Беззаганнае Зачацце”. Гэта было боскім падцвярджэннем правільнасці прыняцця дагмату.
Паводле Ватыканскага радыё