Сёння самае распаўсюджанае пытанне, якое можна пачуць у крамах, на рынку, а нават і ў касцёле гучыць: колькі каштуе? Чалавек сёння як ніколі лічыць грошы, хоча знайсці нешта добрае і не надта дарагое па той простай прычыне, што яго фінансавае становішча не найлепшае, а перыяд крызісу становіцца ўсё цяжэйшы.
Я адважыўся на такі загаловак артыкула, каб чытач, па-першае, задаволіў сваю цікаўнасць, што датычыцца ўсіх аплат, а па-другое, мы, магчыма, чаму-небудзь разам навучымся. Каб адказаць на загаловачнае пытанне, прапаную задумацца, чым для кожнага веруючага чалавека павінен быць душпастарскі візіт. Прывяду таксама некалькі прыкладаў з асабістага вопыту. Таму заахвочваю да паглыблення ведаў пра каляду.
Я ўжо не першы раз пішу аб тым, як веруючы чалавек павінен сустракаць свайго святара з душпастарскім візітам. Трэба памятаць, што каляда, гэта душпастарскі візіт. Пастар душ – святар – прыходзіць з візітам, каб пазнаёміцца са сваімі парафіянамі, а таксама дапамагчы ім у іх духоўным жыцці. Фундаментам усяго чалавечага жыцця з’яўляецца духоўнасць. Калі гэты фундамент будзе моцны, тады мы будзем больш упэўнена стаяць на нагах, перажываць цяжкасці, нават і гэтыя фінансавыя. Ксёндз – гэта спецыяліст па духоўных справах, гэта яму можна даверыцца ў кожны момант свайго жыцця.
Пытаючы вернікаў, з чым у іх асацыюецца каляда, я пачуў адказы, якія мяне не вельмі здзівілі. Некаторыя гавораць, што каляда – гэта толькі збор грошай, іншыя сцвярджаюць, што гэта экзамен па малітвах, бо святар пытае катэхізіс і ў дарослых, і ў дзяцей, а яшчэ хтосьці сцвярджае, што ксяндзу няма чаго рабіць, або яшчэ так: “Сустрэча ксяндза вельмі напружаная і лепш не адчыняць яму дзвярэй”, ці таксама: “Наш ксёндз спрынтар – пасядзіць 5 хвілін і ўцякае, а мы хочам паразмаўляць”, “Добра, што ў нас ёсць сабака, які ўжо пасля першых слоў каляды выскоквае з суседняга пакоя, і ксёндз хутчэй заканчвае калядны візіт”. Такіх адказаў вельмі шмат. Шкада месца і часу, каб усе іх пералічваць. Лепш падумаць, адкуль яны бяруцца. Вынікам такіх адказаў не абавязкова з’яўляюцца паводзіны ксяндза. Яны, перш за ўсё, вынікаюць з нашай людской духоўнай нясталасці. Мы да канца не разумеем, як шмат гэты душпастарскі візіт можа зрабіць. Са свайго вопыту я магу сказаць, што як святар, які ходзіць па калядзе, я ніколі не экзаменаваў з ведання малітваў, а працэдура “ўсоўвання” канверта тым больш мне непрыемная. Але не пра гэта я хацеў бы паразважаць.
Калі ўваходзіш у сям’ю, адразу можна адчуць, ці рады тут бачыць ксяндза, ці жыхары гэтага дома прымаюць яго толькі з-за абавязку ці пад прымусам. Вельмі прыемна прыйсці па калядзе да людзей, якія чакаюць свайго святара. Супольная малітва, часам, спяванне калядак, прыемная размова, знаёмства – менавіта аб гэтым марыць большасць святароў. І дзякуй Богу, што такіх сем’яў вельмі шмат.
Хацелася б таксама прыгадаць вернікам, што падчас кожнага душпастарскага візіту павінен быць падрыхтаваны стол, засланы белым абрусам, а на ім крыж і свечка, можна таксама пакласці Святое Пісанне. Святар прыносіць з сабой асвечаную ваду і малітоўнік. Безумоўна, акрапляецца ўсё памяшканне, а таму добра было б, каб яно было прыбрана. Цудоўна, калі на прыём ксяндза ўсе прыгожа апрануты. Часам цяжка стрымаць смех, калі гаспадыня апранута ў прыгожую сукенку, а гаспадар у спартыўных штанах ці, яшчэ горш, – у шортах.
На сустрэчу са святаром павінна быць сабрана ўся сям’я. Разам з ксяндзом яна моліцца аб патрэбных ласках і Божым бласлаўленні для ўсіх яе членаў. Упісваючы ў картатэку дадзеныя за мінулы год, пробашч аналізуе, у якім становішчы знаходзіцца яго парафія і якія змены ў ёй адбыліся. Таму гэта не нейкі “чорны спіс” насельніцтва парафіі.
Добра, калі сям’я перад калядой разам памоліцца, падумае, на якія тэмы паразмаўляць са сваім душпастарам. Сёння ў нас ёсць шмат пытанняў і праблем, якія не так ужо і лёгка вырашыць. Шкада, што той, каму насамрэч неабходна душпастарская дапамога, у гэты час ляжыць п’яны ў суседнім пакоі, а бедная гаспадыня павінна падманваць ксяндза, кажучы, што ў гэтым пакоі рамонт і не трэба туды ўваходзіць. Канешне, такі парафіянін на самой справе патрабуе “духоўнага рамонту”.
А самае галоўнае – каляда павінна прыносіць радасць усім: і сям’і, і святару. Гэта Божае бласлаўленне для ўсіх жыхароў, а для ксяндза – апека над даручанымі душамі. Давайце ў гэтым годзе сустрэнем ксяндза з цёплым сэрцам, усмешкай на твары, а перш за ўсё, з вялікай набожнасцю, такой простай, сапраўднай, не штучнай, і тады мы ўбачым, як на працягу ўсяго года будзем духоўна ўзмацняцца. Такім чынам, для адных каляда з’яўляецца сустрэчай з душпастарам, які лечыць душы, а для іншых гэта прымус ці проста абавязак. Часта парафіяне называюць ксяндза “сваім ксяндзом”, дык давайце ж сустрэнем “свайго ксяндза” ў атмасферы малітвы і радасці, а не з-за абавязку і прымусу. Падчас душпастарскага візіту ксёндз прыносіць калядзе самога Хрыста. “Ксёндз у дом, Бог у дом” – казалі старэйшыя людзі. Давайце будзем адкрытымі і прымем ксяндза як жаданага госця. Каляда – гэта не толькі прыгожая традыцыя, гэта, перш за ўсё, форма нашай малітвы.
А на заканчэнне я кожнаму з Вас адкажу на пытанне гэтага артыкула: колькі каштуе каляда? Няма такой банкноты, за якую можна было б купіць чыстае, адкрытае, радаснае людское сэрца. Менавіта столькі каштуе сэрца, якое чакае Бога ў асобе святара. Такі загаловак я ўжыў невыпадкова. Магчыма, хтосьці з чытачоў, шукаючы адказ на загаловачнае пытанне, прачытае ўвесь артыкул і зразумее, што душу нельга купіць, а каляда – гэта ласка ад Бога, якую ў Год веры трэба абавязкова выкарыстаць.
кс. Павел Салабуда