У трэцяй частцы сваёй трылогіі аб жыцці Хрыста, прысвечанай Яго дзяцінству, Бенедыкт XVI звяртаецца між іншым да з’явы Бэтлеемскай зоркі, і робіць гэта перш за ўсё з навуковага пункту гледжання. Аналіз кнігі Пантыфіка напярэдадні Божага Нараджэння робіць каталіцкае агенцтва “KathPress”.
Прыход мудрацоў з Усходу да нованароджанага Езуса таксама можа быць растлумачаны астранамічна, лічыць Святы Айцец, і прапануе тэалагічную інтэрпрэтацыю евангельскага: “Увесь Сусвет кажа пра Хрыста”.
Папа спасылаецца на аўстрыйскага астранома Ёгана Кеплера, які ў 1603 г. апісаў рэдкую сустрэчу Юпітэра, Сатурна і Марса. Крыху пазней Кеплер стаў сведкам таго, як ў тым жа месцы раптам з’явілася яркая зорка, якая знікла праз некаторы час. Навуковец тады яшчэ не ведаў, што гэта быў выбух паміраючай зоркі, але яму ўдалося матэматычна даказаць, што на год нараджэння Езуса прыйшлося аналагічнае злучэнне Юпітэра і Сатурна, што ён інтэрпрэтаваў як сведчанне існавання Бэтлеемскай зоркі.
Апошняй спробай растлумачыць навукова з’яву, апісаную ў Евангеллях, сталі даследаванні астранома Канрадзіна Ферары д’Ак’епа, які памёр зусім нядаўна, у 2007 г. Венскі астраном адхіліў тэорыю Кеплера, але сцвярджаў, што камбінацыя Юпітэра і Сатурна ў сузор’і Рыб (Юпітэр сімвалізаваў галоўнага вавілонскага бога Мардука, а Сатурн юдэйскі народ), сама па сабе магла быць звышнатуральным знакам для вавілонскіх астролагаў, “знамянальнай падзеяй сусветнага маштабу нараджэння збаўчага кіраўніка ў краіне Юдэйскай”.
“Вялікая камбінацыя Юпітэр-Сатурн у 7-6 ст. перад Нараджэннем Хрыста хутчэй за ўсё мела месца”, - сцвярджае ў сваё кнізе Бенедыкт XVI. Але гэта прыносіць наступныя пытанні: напрыклад, што вавілонскім астролагам дало столькі ўпэўненасці, каб ехаць у Ерузалем і Бэтлеем?
Але адно ясна, тры мудрацы прадстаўляюць “пілігрымку народаў да Хрыста”, пра Якога “кажа ўвесь Сусвет”. Бэтлеемская зорка з’яўляецца “абвяржэннем астралогіі”, лічыць Папа, а хрысціянства абвяргае старажытныя міфы і культы, якія пакланяліся зоркам.
Не Бэтлеемская зорка паўплывала на лёс Дзіцяці; а нованароджаны Езус кіраваў зоркай, бо Езус “Бог і чалавек, большы, чым усе моцы матэрыяльнага свету і большы, чым увесь сусвет”, - звярнуў увагу Папа ў сваёй новай кнізе.
Паводле be.radiovaticana.va