На цэнтральным месцы ў пакоі ставяцца яслі з фігурай Дзіцятка Езус. Стол засцілаецца белым абрусам (можна аздобіць яго яловымі галінкамі). Пад абрусам змяшчаецца сена. Пасярэ- дзіне стала ставіцца вігілійная свечка, святло якой з’яўляецца сімвалам прысутнасці Хрыста. Побач кладзецца Біблія і аплатка.
Калі на небе з’яўляецца першая зорка, на ўспамін Бэтлеемскай зоркі, сям’я збіраецца за вігілійным сталом. Адно месца пакідаецца вольным як знак памяці пра памерлых блізкіх і пра падарожнікаў, якія неспадзявана могуць пастукацца ў дзверы.
Усе стаяць, а старэйшы член сям’і запальвае свечку. Пасля гэтага кажа: Гэта Святло, якое сённяшняй ноччу прыйшло на зямлю, каб рассеяць цемру граху.
Усе адказваюць: Дзякуй Богу.
Кіраўнік: У імя Айца і Сына, і Святога Духа.
Усе: Амэн.
Бацька ці старэйшая асоба з сям’і чытае фрагмент Евангелля паводле Лукі:
“У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай.
А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць. І нарадзіла Сына свайго першароднага. І спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе. У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля, спавітае і пакладзенае ў яслях». І раптам з’явілася з анёлам вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі»” (Лк 2, 1–14). Гэта слова Пана.
Усе: Хвала Табе, Хрыстэ.
Затым спяваецца калядка.
Супольная малітва
Бацька ці маці прамаўляе просьбы, усе адказваюць: “Выслухай нас, Пане!”.
К: Божа, наш Ойча, у гэтую ўрачыстую гадзіну праслаўляем Цябе і дзякуем за ноч, калі паслаў у свет свайго Сына Езуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцу. Просім Цябе, удзялі нашай сям’і дар любові, згоды і супакою. Цябе просім…
У: Выслухай нас, Пане!
К: Адары нашых суседзяў, сяброў і знаёмых супакоем гэтай ночы. Цябе просім…
У: Выслухай нас, Пане!
К: Усіх пакінутых, самотных, хворых, бедных, галодных ва ўсім свеце суцеш і ўмацуй Добрай Навінай гэтай святой ночы. Цябе просім…
У: Выслухай нас, Пане!
К: Нашых памерлых (пералічыць імёны) адары шчасцем і святлом Тваёй хвалы. Цябе просім…
У: Выслухай нас, Пане!
К: Пане Божа, Ты ўчыніў, што гэтая святая ноч заяснела бляскам сапраўднага святла Твайго Адзінароднага Сына. Учыні, каб і мы яснелі бляскам Твайго святла ў сваім штодзённым жыцці. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Усе адгаворваюць малітву “Ойча наш”.
Ламанне аплаткай і пажаданні
Абрад ламання аплаткай вучыць, што нават апошнім кавалкам хлеба трэба дзяліцца з бліжнімі, і разам з тым прыгадвае, што Божы Сын стаў Чалавекам і ўстанавіў Эўхарыстыю.
К: А цяпер у духу любові і прабачэння падзелімся аплаткай – хлебам любові. Зычліва раскрываючы свае сэрцы ва ўзаемнай любові, мы адкрываем іх на прыход Пана. У Ім кожны чалавек знойдзе дабрыню і сяброўства. Няхай Бог заўсёды будзе ў нашым доме.
Бацька сям’і складае пажаданні і ламаецца аплаткай спачатку з маці, а затым з астатнімі членамі сям’і.
Тое ж робяць усе прысутныя.
Спажыванне вячэры
На стол падаюцца толькі посныя стравы і безалкагольныя напоі. Спажыванне вячэры павінна праходзіць ў атмасферы сямейнай зычлівасці.
Малітва пасля вячэры
К: Дзякуем Табе, Божа, наш добры Ойча, за Сына Твайго Езуса Хрыста. Дзякуем за любоў да ўсіх людзей, за гэты вігілійны вечар і дары, якія мы спажывалі. Табе хвала на вякі.
У: Амэн.
Пасля вячэры святочны настрой падтрымліваем спевам калядак і ўзаемным адорваннем падарункамі. Каля елкі чакаем Пастэркі, на якую, па меры магчымасці, накіроўваемся ўсёй сям’ёй.