Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Касцёл запрашае ўсіх людзей углядацца ў прыклад звычайнай дзяўчыны, але, аднак, нязвыклай у вачах Бога.
Унікальнасць Марыі заключалася не толькі ў Божай абранасці, але і ў тым, што Яна змагла адказаць на гэты дар паслухмянасцю і бездакорным выкананнем Божай волі. Што яшчэ адрознівала Марыю ад іншых, дык гэта Яе чыстае сэрца і бязмежны давер да Бога. Яна была вялікай, таму што была поўная Бога. Прыклад Беззаганнай кажа нам, што мы вялікія не з-за свайго прозвішча, якое, магчыма, дасталася нам у спадчыну, не з-за сваёй працы, пасады, ведаў. Мы важныя настолькі, наколькі наша сэрца “поўнае ласкі”. Гэта значыць, ці дастаткова яно поўнае Бога і адчувальнае, каб мець магчымасць адказаць “так” на прапанову Пана.
Папа Пій IX, абвяшчаючы дагмат аб Беззаганным Зачацці Марыі, прызнаў, што Яна не толькі не здзейсніла ніводнага граху, але і была захавана ад агульнай чалавечай спадчыны, якой з’яўляецца першародны грэх.
У момант Звеставання Марыя адным сваім словам дазволіла Богу здзейсніць нешта вялікае. І дзякуючы гэтаму Яна заслужыла тытул Беззаганнай. Згода Марыі стаць Маці Хрыста і немарнаванне атрыманай ад Бога ласкі вучыць нас, як у сваім жыцці адказваць Усемагутнаму. Гледзячы на сваё жыццё, мы разумеем, што яно няпростае. Бог хоча, каб мы далі Яму шанс здзейсніць вялікія рэчы ў нашым пакліканні. Для кожнага чалавека Бог падрыхтаваў план. Ён даў нам таленты і здольнасці, каб мы як мага лепш выконвалі сваё пакліканне. Нам са свайго боку застаецца дазволіць Богу ажыццявіць гэты план. Прыклад Беззаганнай дапамагае і заахвочвае не марнаваць тое, што кожны дзень атрымліваем ад Усемагутнага. І адным з дароў, якія мы атрымалі, напрыклад, у сакраманце святога хросту, з’яўляецца пакліканне да святасці.
Марыя Беззаганная вучыць сваіх дзяцей, што святасць – гэта задача не толькі на некалькі гадоў, але на ўсё жыццё, і яна здабываецца праз вернасць свайму пакліканню ў штодзённым выкананні дадзенага слова, нават калі гэта каштуе нам шмат намаганняў і ахвяр. Марыя рэалізавала сваю святасць у простай штодзённасці, кожны дзень пацвярджаючы ўласнае “так” у сваім жыцці. Калі Яна як выбраная сказала “так”, ніколі не здраджвала свайму слову, а выконвала яго кожны дзень, служачы Богу.
Кожны з нас быў пакліканы Богам, каб наша жыццё стала штодзённым адказам на тое, што Бог хоча зрабіць для нас. Са свайго боку нам застаецца паверыць, што Бог не карыстаецца чалавечымі “кастынгамі”, каб выбраць для спецыяльных заданняў. Ён ведае, як найлепш асвяціць сціплае жыццё простага чалавека. І ўказальнікам на гэтым шляху з’яўляецца выкананне Божай волі.
Маці Божая навучыла многіх святых, як выконваць Божую волю і жыць у святасці. Сярод іх св. Максіміліян Кольбэ, вялікі шанавальнік Беззаганнай і апякун нашай дыяцэзіі. Аднойчы а. Максімільян прамаўляў канферэнцыю для манахаў. Гвардыян кляштара ў Непакаланаве казаў сваім братам: “Я хачу, каб вы былі святымі. Сапраўды. Але не абы-якімі святымі. Я хачу, каб вы сталі такімі вялікімі святымі, як Марыя”.
Браты з заклапочанасцю глядзелі на а. Максімільяна, які высока паставіў для іх планку. Нарэшце адзін з братоў спытаў: “Але як гэтага дасягнуць?”. Тады а. Кольбэ падышоў да дошкі і намаляваў крэйдай дзве літары “В” – малую і вялікую. І сказаў: “Гэтае маленькае «в» – наша чалавечая воля, твая і мая. А гэтае вялікае «В» – Божая воля. Калі маленькае «в» і вялікае «В» ідуць насуперак адзін аднаму, гэта дрэнна. Тады пра святасць не можа быць і гаворкі. Але калі мы ставім знак роўнасці, калі падпарадкоўваем нашу волю чалавечую волі Божай, тады святасць магчымая, як у Марыі”.
Няхай Марыя будзе для ўсіх нас узорам, як супольна, разам злучыць дзве волі – нашу чалавечую і Божую, а Яе пастава няхай вучыць нас, што Богу варта сказаць “так”!
Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі святкуем 8 снежня.
Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч