25 сакавіка Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце адзначаецца ўрачыстасць Звеставання Пана. Маем выключную нагоду, каб падзякаваць і задумацца над жыццём. Таксама ў гэты дзень можна ўрачыста прыняць абавязак духоўнага ўсынаўлення дзіцяці, жыццё якога знаходзіцца пад пагрозай. Яго сутнасць палягае на тым, што чалавек дае абяцанне на працягу 9-ці месяцаў маліцца за адно зачатае дзіця, каб яно змагло з’явіцца на свет, а не стала ахвярай аборту.
У 2019 годзе ў Беларусі нарадзілася 87 851 дзіця. Гэта гістарычны мінімум за перыяд з 1945 года. Калі ж казаць пра іншы паказчык – лічбу перарваных цяжарнасцей, то ён склаў больш за 20 000. Наколькі важна апынуцца побач з жанчынай, якая плануе здзейсніць аборт, і падабраць для яе патрэбныя словы? Якім чынам у горадзе над Нёманам змагаюцца за права дзяцей нарадзіцца? Разважаюць спецыялісты, неабыякавыя да справы абароны зачатага жыцця.
Кацярына Таразевіч,
псіхолаг у Жаночай кансультацыі №1 г. Гродна
Сёння, згодна з загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, кожная жанчына, якая хоча перарваць цяжарнасць, павінна пракансультавацца ў кабінеце псіхолага ці псіхатэрапеўта. Але тыя, хто прыходзяць на размову, зусім нематываваныя, іх адправілі са словамі: “Пакуль не сходзіш да псіхолага і не паставіш пячатку, аборт рабіць не будзем”. Некаторыя часам адразу з парога заяўляюць: “Мне толькі паперку падпісаць”. Яны ўспрымаюць сустрэчу са спецыялістам як звычайную фармальнасць, зусім не задумваюцца аб тым, што нехта з імі будзе працаваць. Таксама ёсць катэгорыя тых жанчын, якія ўпэўнены, што тут іх пачнуць адразу ўгаворваць ці аказваць ціск. Але гэта зусім не так. Мая задача як псіхолага – пастарацца пераадолець супраціў і зрабіць з нематываванай асобы матываваную.
Я ніколі не пачынаю размовы з тэмы аборта, паколькі ведаю, што жанчына не прыняла рашэнне перарваць цяжарасць проста так і ёсць нейкія прычыны, фактары, якія прымусілі на гэта адважыцца.
Мы разважаем аб жыцці, я задаю пытанні адносна сям’і, мужа, дзяцей. У гэты момант вельмі ўважліва назіраю за жанчынай, слухаю, што яна гаворыць. І ведаеце, заўсёды знаходжу пэўныя ўзаемасувязі паміж праблемай і нейкай устаноўкай. Напрыклад, жанчына лічыць, што двое дзяцей – гэта нармальна, трое альбо чацвёра – ужо адхіленне ад нормы. А шматдзетная сям’я абавязкова сацыяльна небяспечная. І па гэтай прычыне яна нават не разглядае магчымасці, што будзе нараджаць. Часам даводзіцца чуць, што было цяжка гадаваць дзяцей, што адно дзіця, напрыклад, праблемнае альбо хворае. І жанчыну ахоплівае страх перад тым, што гісторыя можа паўтарыцца.
З якім бы выразам твару і настроем жанчына не ўвайшла ў кабінет псіхолага, унутры заўсёды шмат болю і віны. І з маёй практыкі вынікае, што чым больш пафасу і холаду дэманструецца напачатку, тым больш пасля будзе слёз, дастаткова толькі закрануць пэўныя струны душы. Варта адзначыць, што не заўсёды жанчыны ідуць на адчайны крок па сваёй волі. Для мяне стала вельмі непрыемным адкрыццём, што рашэнне зрабіць аборт часам прымаецца не з падачы мужа, а самага роднага чалавека – мамы. Гэта звязана, у першую чаргу, з інфантыльнасцю: бацькі купілі кватэру, зрабілі рамонт, даюць грошы, таму яны і будуць вырашаць, колькі дзяцей можна нарадзіць. Гавораць: “Мы не пацягнем трэцяе дзіця”, “З такім мужам не варта нараджаць” – і жанчына ідзе перарываць цяжарнасць.
Падчас размовы я таксама заўсёды пытаюся, ці ведае муж пра цяжарнасць, бо часта здараецца, што мужчына ўвогуле не здагадваецца, што адбываецца. Яшчэ абавязкова цікаўлюся, якім чынам жанчына паведаміла, што зацяжарыла: з усмешкай, радасная, абняла мужа ці са слязьмі і істэрыкай выйшла з прыбіральні. Насамрэч, ад гэтага шмат залежыць, бо мужчыны вельмі часта арыентуюцца на рэакцыю жанчыны і чакаюць, што яна сама прыме рашэнне. У іх страхаў не менш. І часцей за ўсё, калі жанчына ўпэўнена кажа, што будзе нараджаць, мужчына яе падтрымлівае. Часам здараецца, што бацька дзіцяці ўвогуле не ў курсе ні пра цяжарнасць, ні пра тое, што яго жонка вырашыла ад яе пазбавіцца. Тут я заўсёды раблю акцэнт, што мужчына мае права ведаць, бо гэта такое ж яго дзіця, як і яе, ён нясе такую ж адказнасць як бацька, і ніхто не мае маральнага права прымаць за яго такое рашэнне.
Аднойчы ў маёй практыцы мела месца наступная гісторыя.
На прыём прыйшла жанчына, якая выйшла замуж другі раз. Ад першага шлюбу яна ўжо мела траіх сыноў. Другі яе муж, паводле дыягназу ўрача, быў бясплодны. Але праз паўгода сямейнага жыцця жанчына зацяжарыла і… прыйшла на прыём з намерам рабіць аборт. Я запыталася, ці яна ўвогуле пагаварыла з мужам, бо ён жа ўсё жыццё быў упэўнены, што ніколі не зможа мець дзяцей, і для яго навіна аб цяжарнасці, напэўна, будзе сапраўдным падарункам. Аказалася, да прыходу ў кабінет псіхолага жанчына нічога не паведаміла мужу, таму што баялася, што чацвёртае дзіця яны “не пацягнуць”. Моцна плакала, але пасля сабралася з думкамі і пайшла дадому. Мы сустрэліся праз некалькі дзён, і жанчына была ў зусім іншым настроі, бо пагаварыла з мужам: яны вырашылі нараджаць. Праз некаторы час мы выпадкова ўбачыліся ў горадзе. Пацыентка мне вельмі дзякавала і проста свяцілася ад шчасця, таму што даведалася на УГД, што чакаюць дзяўчынку.
Паводле статыстыкі нашай жаночай кансультацыі, з 8-10 пракансультаваных жанчын 2-3 захоўваюць цяжарнасць. Гэта на самой справе добры паказчык у параўнанні з іншымі медыцынскімі ўстановамі. Але ці дажывём мы да тых часоў, калі абортаў зусім не стане?..
Аліна Санько,
ініцыятар і каардынатар малітоўнай групы “У абароне жыцця”
Лепшая школа святасці – мацярынства. Асабліва разумею гэта, калі мае дзеці пачынаюць капрызіць, кідаюцца ў істэрыкі, упарцяцца або не слухаюцца. У такія складаныя хвіліны вельмі важна не страціць самавалоданне, не паддацца злосці або гневу (што часам сапраўды цяжка), а цвяроза ацаніць сітуацыю, знайсці сапраўдную прычыну такіх паводзін і перамагчы зло дабром. Часам патрэбна каласальнае цярпенне, каб не пайсці на повадзе ў непрыемных і непажаданых эмоцый, а з любоўю дапамагчы дзецям аднавіцца пасля стрэсу. Шматдзетныя бацькі праходзяць такія трэніроўкі па самавыхаванні па некалькі разоў на дзень. Вытрымцы, якая выпрацоўваецца з гадамі, могуць пазайздросціць многія. А колькі працы і самаадрачэння трэба, каб выгадаваць дзяцей...
У Святым Пісанні гаворыцца: “I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады як вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй” (Мц 10, 42).
Мамы дзень і ноч гатовы служыць сваёй сям’і, дзецям. І таму асаблівым сэнсам напаўняюцца словы апостала Паўла: “Яна [жанчына] будзе збаўлена праз нараджэнне дзяцей, калі яны будуць трываць у веры, любові і святасці з развагаю” (1 Цім 2, 15). Прабываючы ў каханні, нараджаючы дзяцей у сям’і і выхоўваючы іх у хрысціянскай веры – ці не гэта лепшы шлях да святасці? Асабліва ў нашыя часы, калі вера многіх людзей аслабела, а аборты ў сталі нормай. Нам патрэбна шмат маліцца, каб вера і святасць узрасталі ў нашым грамадстве, каб мамы не баяліся нараджаць дзяцей, будаваць свае сем’і на фундаменце, якім ёсць Езус Хрыстус.
Сёння неабходна паклапаціцца пра кожнае зачатае дзіця, каб заўтра мы мелі будучыню. Дзякуючы групе “У абароне жыцця” бесперапынная малітва ў іх інтэнцыі працягваецца ў Гродне ўжо 7 гадоў. Любы ахвотны можа далучыцца да гэтай прыгожай ініцыятывы, дзе ўдзельнікі сваёй малітвай стаяць у абароне жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, распаўсюджваюць духоўнае ўсынаўленне дзяцей, якія знаходзяцца пад сэрцам маці. Маліцца адну гадзіну на тыдзень у вышэй узгаданых інтэнцыях – не так і шмат, але які вялікі плён гэтай малітвы! Сем’і, якія не мелі дзяцей, змаглі зачаць і нарадзіць, жанчыны, якія збіраліся перарваць цяжарнасць, змянілі сваё рашэнне, адносіны ў тых сем’ях, дзе моляцца, умацаваліся, урачы пачалі адмаўляцца рабіць аборты, а самі ўдзельнікі ініцыятвы пачалі атрымліваць для сябе і сваіх сем’яў Божае бласлаўленне…
Марына Валачкова,
кіраўнік цэнтра абароны жыцця і сям’і “РадзіМА”
Наша дабрачынная арганізацыя існуе з 2013 года. У школах, каледжах, універсітэтах, бальніцах, воінскіх частках мы пастаянна праводзім лекцыі з выставамі: “Ратуй узятых на смерць”, “Традыцыйная маральнасць і сямейныя каштоўнасці”, “Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці”. Распавядаем пра тое, што жыццё дзіцяці пачынаецца ад моманту зачацця. У гэты час ужо ўсё вызначана – хлопчык гэта ці дзяўчынка, група крыві, колер вачэй, валасоў... І ад мамы залежыць, ці мае шанс дзіця з’явіцца на гэты свет праз 9 месяцаў.
Сёння Беларусь сутыкаецца з праблемамі зніжэння нараджальнасці роўна так, як і іншыя дзяржавы.
Але паслядоўная і комплексная работа вялікай колькасці неабыякавых людзей дазволіла зрушыць праблему ў бок паляпшэння. Па законе аборт уваходзіць у пералік прафесійнай медыцынскай дапамогі, і акушэры-гінеколагі абавязаны перарываць цяжарнасць на тэрміне да 12-ці тыдняў, калі жанчына выказвае такое жаданне. На больш позніх тэрмінах гэта дапускаецца толькі па медыцынскіх паказаннях. Вельмі часта гавораць аб эканамічных прычынах аборту, але яны ляжаць, на маю думку, у іншай сферы – сферы духоўных каштоўнасцей. Мы падзяляем агульную хрысціянскую пазіцыю ў дачыненні да святасці і недатыкальнасці чалавечага жыцця ад моманту зачацця да зыходу з гэтага свету: дар жыцця дае Бог, і чалавек не мае права распараджацца тым, што яму першапачаткова не належыць. Менавіта таму прыкладаем шмат намаганняў, накіраваных на абарону жыцця і сямейных каштоўнасцей, падтрымку мацярынства.
Я асабіста дзяжуру на тэлефоне даверу і гатова дапамагчы кожнай жанчыне, якая апынулася ў цяжкай сітуацыі. Дзякуючы ініцытыве нашай арганізацыі і пры падтрымцы медыкаў, мясцовых улад, праваслаўных і каталіцкіх святароў у Гродне з’явіўся тралейбус з сацыяльнай рэкламай па прафілактыцы абортаў “Урачы Гродна – за жыццё”. Па ўсім горадзе размешчаны білборды, прысвечаныя захаванню традыцыйнай сям’і і ўсынаўленню. У жаночых кансультацыях і паліклініках распаўсюджваюцца буклеты ў абарону жыцця. Мы шчыра верым у тое, што калі хоць адна цяжарная жанчына адмовіцца ад аборту, прачытаўшы “Мама, у мяне ўжо б’ецца сэрца”, – наша місія будзе выканана.
Кінга Красіцкая