2 сакавіка — Папяльцовая серада, альбо Папялец — дзень, калі ў Каталіцкім Касцёле настае 40-дзённы перыяд Вялікага посту. Гэты перыяд пакаяння пачынаецца сімвалічным пасыпаннем галавы попелам падчас святой Імшы, а таксама сціслым постам.
Вялікі пост — гэта сапраўдны час ласкі Пана: вернікі расстаўляюць правільныя прыярытэты ў сваім жыцці і ўносяць карэктывы ў іерархію сваіх каштоўнасцяў. А калі яны яшчэ адважацца на пэўную аскезу, то ў хуткім часе спазнаюць радасць і слодыч святкавання.
Аднак, без сумневу, пачатак Вялікага посту звычайна асацыюецца з абрадам пасыпання попелам. «Попел выкарыстоўваўся ў многіх рэлігіях, — тлумачыць кс. праф. Мацей Астроўскі з Папскага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ у Кракаве. — Яго сімволіку пераняло і хрысціянства. Перш за ўсё гэта знак жалобы. Пасля смерці чалавека яго блізкія на знак жалобы пасыпалі сябе попелам, качаліся ў попеле, спалі ў ім, падкідалі попел уверх». Попел таксама з'яўляецца знакам ачышчэння (ён выкарыстоўваўся для чысткі рэчаў да таго, як былі вынайдзены больш эфектыўныя хімікаты).
У гэтым кантэксце кракаўскі тэолаг прыгадвае словы Езуса, прамоўленыя адносна грэшных гарадоў: «Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне былі ўчынены цуды, што сталіся сярод вас, яны б даўно ў мешкавіне і попеле пакаяліся» (Мц 11, 20–21). Такім чынам, ачышчэнне — гэта адданне сябе Божай міласэрнасці і Божаму прабачэнню праз пакаянне і шчырае жаданне ўдасканальвацца, а таксама прыняцце нейкай пакаяннай практыкі (працы, пакуты).
Таксама варта падкрэсліць, што попел утвараецца ад спальвання. Праз пакаянне (асабліва ў Вялікі пост), згодна са словамі св. Паўла, «стары чалавек», грэшнік, павінен памерці ў кожным з нас, каб дзякуючы ласцы ўваскрослага Хрыста нарадзіўся новы чалавек (пасля Вялікага посту мы святкуем уваскрасенне).
Як заўважае кс. Мацей, попел на Папяльцовую сераду рыхтуюць са спаленых вербных галінак, асвячаных у папярэднім годзе ў Вербную нядзелю. Гэты факт нагадвае нам пра тое, што менавіта Хрыстус, якога натоўпы на ўваходзе ў Ерузалем праслаўлялі як Месію і Караля, вітаючы яго пальмавымі галінамі, дае нам сілы для духоўнага адраджэння — пераадолення сваіх грахоў і будавання дабра ў сабе. «Абрад пасыпання галоваў попелам у Папяльцовую сераду нагадвае, што створаны Богам з зямнога праху чалавек напрыканцы жыцця зноў ператворыцца ў прах, — гаворыць кс. Астроўскі. — Таму попел нагадвае пра нікчэмнасць чалавечага жыцця, пра неабходнасць памятаць, што трэба жыць справядліва, у Божай ласцы, бо наша зямное жыццё скончыцца і пасля яго застанецца толькі пыл».
Ксёндз доктар Станіслаў Мяшчак SCJ з Папскага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ у Кракаве паказвае яшчэ адзін цікавы аспект пасыпання галавы попелам. «Перш чым гэты знак увайшоў у літургію, як у Старым Запавеце, так і ў хрысціянскія часы пасыпанне попелам было адным з нямногіх спосабаў угнаення зямлі. Там, дзе зямлю пасыпалі попелам, спадзяваліся на лепшы ўраджай. Так што пасыпанне галавы попелам было проста знакам надзеі на перамены да лепшага. Можна ўзгадаць таксама пра сімвалізм Фенікса — міфічнай птушкі, якая паўстала з попелу. Гэта таксама сімвал, які ахвотна выкарыстоўваецца хрысціянамі.
Кракаўскі тэолаг заклікае разумець знак пасыпання галавы попелам не толькі ў адмоўным сэнсе, як знак пакоры і прыніжэння. Прымаючы гэты знак, які з’яўляецца адной з сакрамэнталіяў (не сакрамэнтаў!), чалавек свядома прымае дар Божай ласкі, якая дапаможа яму на шляху да аднаўлення.
Паводле Ave Maria