Ва ўмовах пандэміі каранавіруса ўрачы і ўся служба аховы здароўя прысвячае сябе справе выратавання людзей, ставячы пад пагрозу нават уласнае жыццё. Толькі ў Італіі памерлі больш за 90 урачоў і некалькі дзесяткаў медсясцёр, а таксама больш за 100 духоўных асоб. Дзяржаўным парламентам належыць як мага хутчэй выключыць са сваіх Прававых кодэксаў пункты, якія адабраюць грахі і адхіленні. А што можам зрабіць мы?
Вялікая патрэба ва ўзнагароджанні
Марыя, Маці Міласэрнасці, у сваіх аб’яўленнях, прызнаных Касцёлам, заклікае да экспіяцыі за грахі: да ахвяравання сваіх цярпенняў у інтэнцыі ўзнагароджання за грахі, да малітвы аб навяртанні грэшнікаў. Экспіяцыя, ці інакш узнагароджанне, заключаецца ў эфектыўным заступніцтве, так, каб няміласць, звязаная са злом, не ўпала на таго, хто яго ўчыніў.
Правільна зразуметая экспіяцыя паказвае адкрытасць Бога, які шукае сродкаў, каб няшчасце, якое суправаджае грэх, не закранула грэшніка.
Сёння чалавек добра ведае, што парушэнне законаў караецца згодна з заканадаўствам краіны. Аднак калі гаворка ідзе пра парушэнне вечнага Божага закона, г. зн. пра грэх, многія людзі лічаць, што ён не можа быць пакараным, таму што гэта несумяшчальна з бясконцай Божай міласэрнасцю. Іншымі словамі, існуе перакананне, што грашыць можна беспакарана, бо Бог добры.
Аднак такое мысленне супярэчыць Святому Пісанню, а таксама вучэнню Касцёла. Біблія і Касцёл адназначна сцвярджаюць, што кожны грэх ужо сам у сабе ўключае кару. У Катэхізісе гаворыцца: “Пакаранні нельга разглядаць як помсту, якую Бог выкарыстоўвае звонку, бо яны выцякаюць нібы з самой прыроды граху” (ККК 1472).
Услухаемся ў словы Нябеснай Маці з аб’яўленняў у Лурдзе і Фаціме. Яна не супакойвае людзей банальным “усё будзе добра”, нават калі трываем у грахах, а адназначна падкрэслівае, што грэшнікі павінны навярнуцца, а вернікі павінны за гэта шмат маліцца і ахвяраваць свае пакуты. Маці Божая як наша Маці настойвае і патрабуе гэтага ад нас. Аднак мы сёння ўсё больш і больш прызвычайваемся да грахоў, пачынаем прымаць грэшныя паводзіны, не настаўляем грэшнікаў і не жадаем іх навяртання. Кажам: “А можа, так і трэба? Сёння ж людзі жывуць «па-новаму»”. Такім чынам становімся святлом без святла і соллю без смаку. Не бачым неабходнасці кампенсацыі за грахі, якія паступова становяцца маральнай нормай. А Марыя разлічвае на нас, як на Божых дзяцей, што разам з Ёю будзем удзельнічаць у справе ўзнагароджання Богу за абразы, у справе ратавання грэшнікаў.
Пакаяння! Пакаяння! Пакаяння!
Галоўнай мэтай аб’яўленняў Маці Божай у Лурдзе было навяртанне грэшнікаў. Марыя паказала Бернадэце страшную карціну чалавечых грахоў і раскрыла перад ёй неадкладную патрэбу ўміласціўлення Нябеснага Айца. “Прасіце Бога аб навяртанні грэшнікаў”. Потым спыталася, ці “цяжка ёй было б стаць на калені і пацалаваць зямлю ў акце пакаяння за грэшнікаў”. Найсвяцейшая Маці з вялікім сумам усклікала: “Пакаяння! Пакаяння! Пакаяння!”, – і Бернадэце наказала так заклікаць людзей. Заклікам да ўзнагароджання распачаліся аб’яўленні ў Фаціме. Дзецям з’явіўся Анёл, які трымаў у руцэ вогненны меч. Паказваючы правай рукой на зямлю, ён сказаў моцным голасам: “Пакаянне, пакаянне, пакаянне!”. Павучаў дзяцей: “З усяго, што можаце, складвайце Богу ахвяры як узнагароджанне за грахі, якімі Яго абражаюць, і за навяртанне грэшнікаў. Такім чынам вы прыцягнеце мір у сваю Радзіму... Перш за ўсё, прымайце і пераносьце пакуты, якія Бог пашле вам”. Вучыў маліцца ў паставе адарацыі, дакранаючыся лбом да зямлі: “Божа мой, я веру ў Цябе, пакланяюся, давяраю і люблю Цябе. Прашу прабачэння для тых, хто ў Цябе не верыць, не пакланяецца, не давярае і Цябе не любіць”.
“Фаціма – гэта ўзнагароджанне, узнагароджанне, а перш за ўсё, узнагароджваючая Эўхарыстыя і св. Камунія”, – гаварыў біскуп з Фацімы Жуан Венэнсіа.
У чарговым аб’яўленні Анёл прыйшоў з келіхам у руцэ, над якім лунала святая Гостыя, а з яе ў келіх сцякалі кроплі крыві. У паставе адарацыі ён дакрануўся лбом да зямлі, тройчы паўтараючы з дзецьмі малітву: “Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын і Святы Дух, у глыбокай пакоры я пакланяюся Табе і ахвярую найдаражэйшае Цела і Кроў, Душу і Боства Езуса Хрыста, прысутныя на алтарах усяго свету, як кампенсацыю за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго крыўдзяць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і Беззаганнага Сэрца Марыі прашу Цябе аб навяртанні бедных грэшнікаў”. Удзяляючы дзецям св. Камунію, Анёл сказаў: “Бярыце і піце Цела і Кроў Езуса Хрыста, жорстка зняважанага няўдзячнымі людзьмі. Узнагароджвайце правіны і суцяшайце свайго Бога”.
Падчас першага аб’яўлення ў Фаціме Марыя пытаецца ў дзяцей: “Ці хочаце вы ахвяравацца Богу, каб пераносіць усе пакуты, якія Ён пашле вам як узнагароджанне за грахі, якімі Яго крыўдзяць, і як просьбу аб навяртанні грэшнікаў?”. “Так, мы хочам!”, – адказала Луцыя ад імя ўсіх. “Вам давядзецца шмат пакутаваць, але Божая ласка будзе вашай сілай!”, – сказала Марыя.
Велічыня ўзнагароджання і кампенсацыі была агучана ў наступным аб’яўленні, калі дзеці атрымалі бачанне пекла. Марыя прасіла іх аб заступніцкай малітве і шматлікіх ахвярах: “Маліцеся, маліцеся шмат, складайце ахвяры за грэшнікаў, бо многія душы ідуць на вечнае асуджэнне, бо не маюць нікога, хто б за іх ахвяраваўся і маліўся”.
Луцыя ўспамінае: “Падчас аб’яўлення ў ліпені Найсвяцейшая Маці дала нам даручэнне, якое з таго часу стала прынцыпам майго жыцця: «Складвайце ахвяры для грэшнікаў. Асабліва тады, калі ахвяруеце свае адрачэнні, кажыце: О Езу, я раблю гэта з любові да Цябе і як узнагароджанне за грахі, здзейсненыя супраць Беззаганнага Сэрца Марыі»”.
Св. Фаўстына Кавальская мела падобнае натхненне да экспіяцыйнай малітвы.
У яе таксама было бачанне Анёла, які прыйшоў пакараць зямлю за грахі. Убачыўшы гэты знак Божага гневу, сястра пачала прасіць, каб ён яшчэ стрымаўся, і свет пакаецца. Аднак калі стала перад абліччам Святой Тройцы, не адважылася паўтарыць гэтую просьбу. Толькі калі адчула ў сваёй душы моц ласкі Хрыста, пачала маліцца словамі, якія пачула ўнутрана (гэта былі словы Вяночка да Божай міласэрнасці). І тады ўбачыла, што пакаранне ад зямлі адсунута. На другую раніцу, калі ўвайшла ў капліцу, Пан Езус яшчэ раз паказаў ёй, як іменна трэба прамаўляць гэтую малітву.
Як я магу кампенсаваць Богу за грахі?
Хоць кожны з нас грэшны чалавек, усё ж, можам і павінны кампенсаваць Богу за тое, што замест любові і ўдзячнасці Ён сутыкаецца з непрыманнем, ігнараваннем, высмейваннем, зневажэннем Яго з боку людзей. Той, хто любіць Бога, нейкім чынам выкажа Яму сваю любоў, каб так узнагародзіць Яму.
Гэтая простая духоўнасць – выкарыстанне ўсяго, што нясе нам жыццё, для кампенсацыі Богу за людскія грахі. Гэта таксама прыняцце цярпення, якое пасылае Усемагутны, для выратавання іншых людзей ад вечных пакут у пекле. Пакаянныя ўчынкі не павінны быць неардынарныя, гераічныя. Гаворка, у першую чаргу, пра нашы штодзённыя цярпенні.
Луцыя распавядае пра візіт да хворай Гіяцынты ў бальніцы: “Я застала яе радаснай, як звычайна. Яна абняла мяне, а я спыталася, ці моцна пакутуе. «Так, – адказала, – я пакутую, але ахвярую гэта за грэшнікаў і ў якасці ўзнагароджання Беззаганнаму Сэрцу Марыі»”.
“Цяпер я радуюся за вас у цярпеннях і дапаўняю недахоп у маім целе пакут Хрыста за Ягонае цела, якім ёсць Касцёл” (Кал 1, 24), – сказаў св. Павел. У сітуацыі сённяшняй пагрозы пандэміі асабліва актуальны заклік Марыі да ўзнагароджання за грахі. Папросім Святога Духа, і Ён падкажа кожнаму з нас, як гэта рабіць.
Кс. Тадэвуш Крыштопік, паводле "Слова Жыцця"