Усе мы ведаем гісторыю дзяўчыны, абранай Панам дзеля здзяйснення вялікай перамогі Справядлівасці і Жыцця. Яна магла не прымаць прапанову, бо, як і кожны чалавек, створаны Богам, мела вольную волю. Але як Марыя сябе паводзіць? Пакорна згаджаецца, хоць яшчэ да канца не ўсведамляе, што Яе насамрэч чакае. Для незамужняй жанчыны насіць пад сэрцам дзіця ні ў які час не выглядае добра, выклікае асуджэнне грамадства. Аднак адважная дзяўчына дазволіла Богу кіраваць сваім жыццём, не зважаючы на тое, што маглі падумаць людзі. Яна проста любіла – чыста і цнатліва, давярала Богу поўнасцю і без умоў. Ад першага позірку на Цуд у сваіх руках і да апошняга на крыжы Яна была пакорнай.
Лёс Марыі не адрозніваўся прастатой, быў поўны вялікага сэнсу. Маці Божай шмат чаго давялося перанесці, шмат чаго страціць. Але ў жыцці Яна не пакідала месца адчаю, усе цяжкасці і турботы заўсёды ахвяравала Пану.
Амаль у кожным доме знойдзем абраз ці фігуру Багародзіцы. Вернікі з глыбокім замілаваннем і павагай ушаноўваюць Маці Збаўцы.
На выявах Яна прадстаўляецца па-рознаму: з Дзіцяткам Езус, у кароне, з лілеяй, ружанцам, стралой ці мячамі ў сэрцы… Кожны з вобразаў нясе пэўны рэлігійны пасыл. Але ёсць агульныя элементы, якія робяць выявы падобнымі.
Звычайна колер сукенкі Марыі белы ці блакітны. Ён сімвалізуе дасканалую чысціню Маці Божай і нагадвае неба – тое месца, пра якое з дзяцінства марыць кожны, бо нібыта там і ёсць Рай. Мафорый (верхняя шата Багародзіцы) з’яўляецца знакам Яе мацярынства. Зоркі над галавой – сімвал беззаганнасці. Складзеныя далоні – пастава пакоры і поўнай адданасці Найвышэйшаму.
Каталіцкі Касцёл прысвячае Найсвяцейшай Панне Марыі найпрыгажэйшы месяц у годзе. У краінах паўднёвага паўшар’я традыцыйныя набажэнствы на ўшанаванне Багародзіцы адбываюцца ў каларытным кастрычніку. На тэрыторыі сучаснай Эфіопіі месяцам Маці Божай здаўна лічыўся снежань як найбольш маляўнічы час. На нашых землях гэта май – пара квітнеючых раслін, насычаных зелянінай дрэў і птушак, што заліваюцца спевам.
Раней дзеля ўшанавання Марыі вернікі праводзілі канцэрты. Да стоп Яе фігуры складалі кветкі, а галаву ўпрыгожвалі вянкамі. Паступова для праслаўлення Багародзіцы і выпрошвання заступніцтва Яе пачалі адорваць т. зв. “духоўнымі кветкамі” – малітвамі, адрачэннямі, добрымі справамі.
Незлічоная колькасць людзей па ўсім свеце штодзённа вымаўляе ўголас ці пра сябе: “Маліся за нас, Маці Божая!”. Вымаўляе гэтыя словы з верай і пяшчотай, бо яны нясуць у сабе неверагодную сілу і моц любові. Любові, якая не мае межаў, сілы, з якой можна перамагчы што заўгодна.
Вядома шмат прыкладаў таго, як малітва праз заступніцтва Маці Божай ратавала людзям жыццё, аздараўляла, дапамагала знайсці выхад са складаных сітуацый. Трэба ўсяго толькі скласці рукі з пакорай і, дзе б ні былі, падняць вочы ўгору: блакіт нябёсаў напоўніць душу спакоем і надасць упэўненасці ў тым, што ўсё будзе як мага лепш. Неабходна толькі давяраць Богу – на ўсе сто адсоткаў, як Найсвяцейшая Панна Марыя.
Марыя Валюк, паводле "Слова Жыцця"