Месяц май з незапамятных часоў прысвечаны Марыі. Пагоднымі вечарамі, калі ўсё ў прыродзе квітнее, пахне і спявае, людзі збіраюцца ў святынях, ля прыдарожных крыжоў і капліц, каб ушанаваць Маці Божую. Штодзённае набажэнства ў Яе гонар на працягу мая з’яўляецца неад’емным элементам сустрэч вернікаў на малітве.
Св. Бярнард гаварыў: “Бог хоча, каб мы не мелі нічога, што б не прайшло праз рукі Марыі”. Таму менавіта ў маі – найпрыгажэйшым месяцы года – мы асаблівым чынам адкрываем сэрцы на Беззаганную, бо хочам даручыць Ёй усе нашы дзённыя справы, прагнем скіраваць да Маці Божай самае гарачае і пяшчотнае пакланенне, што плыве з сэрца.
У сённяшнія часы, калі вера так часта падвяргаецца выпрабаванням, калі яе фундаменты падкопваюцца ворагамі Касцёла, калі чалавек паддаецца сумненням, на дапамогу яму прыходзіць Маці Божая, сэрца якой нястомна звернута да Усемагутнага.
Марыя ўказвае ўсім нам, чым з’яўляецца сапраўдная любоў і дзе мае свае вытокі, а таксама якім чынам яна магчымая. Найсвяцейшая Маці ніколі не застаецца абыякавай да просьбаў і плачу сваіх дзяцей. Заўсёды цярпліва выслухоўвае, каб праз сваё заступніцтва выпрасіць у Хрыста ласку змілавацца і адвярнуць нядолю.
Праз удзел у маёвым набажэнстве можам знайсці адказы на многія пытанні, якія выклікаюць сумненні, аднавіць карані сваёй веры, наладзіць шчырую сувязь з Хрыстом. Маёвае набажэнства – гэта таксама магчымасць даручыць Маці Божай сваю жыццёвую штодзённасць, разнастайныя праблемы і заблытаныя дарогі. Трэба толькі з даверам пайсці да Яе, расказаць пра ўсё. Беззаганная ў сваю чаргу заўсёды прытуліць да свайго любячага сэрца і паспяшаецца з дапамогай
Няхай заахвочваннем да ўдзелу ў маёвым набажэнстве для нас будуць словы св. Бярнарда: “У небяспеках, у нястачах, у сумненнях (…) думай пра Марыю, заклікай Яе. Няхай Яе імя ніколі не сыходзіць з тваіх вуснаў, няхай ніколі не пакідае тваё сэрца. А каб малітва Маці Божай была табе дапамогай, ніколі не забывайся пра прыклад Яе жыцця. Ідучы з Ёй, не заблукаеш; молячыся да Яе, пазбегнеш роспачы; думаючы пра Яе, не збочыш з дарогі. Калі Яна будзе цябе падтрымліваць, не ўпадзеш; калі будзе табой апекавацца, не збаішся; калі будзе табой кіраваць, не стомішся; калі будзе да цябе ласкавай, дойдзеш да мэты”.
Даручым Усемагутнаму нашае жыццё, а асаблівым чынам тое, што нам баліць, што даецца нялёгка, што прыносіць цярпенне.
Памятайма, што жыццё без ахвяры, без адрачэння – малакаштоўнае. Давайце па прыкладзе Найсвяцейшай Панны Марыі выконваць Божую волю і, так як Яна, заставацца людзьмі малітвы, перш за ўсё, малітвы праслаўлення Створцы. Будзьма сябрамі Беззаганнай і адчувайма сябе Яе дзецьмі!
Kс. Юрый Марціновіч