Праз пяцьдзясят дзён пасля Уваскрасення Езуса Хрыста – у гэтым годзе 20 мая – Касцёл адзначае ўрачыстасць Спаслання Святога Духа. Тым самым ён святкуе сваё нараджэнне, бо ў гэты дзень, як піша св. Лука ў Дзеях Апосталаў, група апосталаў была ўзброена моцай з вышыняў, а Святы Дух чыніць з адкупленых Хрыстом адзін арганізм – супольнасць.
На сабраных у Вячэрніку апосталаў Езус Хрыстус паслаў Духа Суцяшыцеля, каб Ён давёў да канца справу збаўлення. Такім чынам адкрываецца новы этап – час Касцёла, які, ажыўлены дарам з неба, распачынае прапаведванне радаснай навіны пра збаўленне ў Хрысце.
Святы Дух, дзякуючы сваім дарам – мудрасці, розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці і боязі Божай, робіць вернікаў здольнымі да сталай прысутнасці ў свеце. Ён кіруе лёсамі Касцёла, калі той у лік апосталаў абірае на месца Юды св. Мацвея, калі просіць аб прызначэнні Барнабы і Паўла, як піша св. Лука, “для справы, якую ім вызначыў”, ці калі пасылае апосталаў для таго, каб у пэўных частках свету абвяшчалі Евангелле.
Святы Дух уводзіць супольнасць веруючых у больш глыбокае разуменне таямніцы Хрыста, даючы ім разуменне Святога Пісання.
Літургічная ўрачыстасць Спаслання Духа Святога бярэ пачатак у першых стагоддзях хрысціянства. Яе злучалі з Вялікаднем, а з IV ст. яна вылучылася як асобнае свята, што ўрачыста адзначалася і ва Усходнім, і ў Заходнім Касцёле. Урачыстасць была зацверджана афіцыйна на Сінодзе ў 306 г. У вігілію Пяцідзясятніцы, падобна як у Пасхальную вігілію, благаслаўлялася вада для хросту і ўдзяляўся хрост катэхуменам.
Папа Леў XIII зацвердзіў навэнну, ці дзевяцідзённую малітоўную падрыхтоўку, да Спаслання Святога Духа, каб Ён здзейсніў перамену ў нашых сэрцах, як перамяніў апосталаў у Вячэрніку.
Сёння ўрачыстасць Спаслання Святога Духа завяршае ў Каталіцкім Касцёле Велікодны перыяд. Гэтая ўрачыстасць паўсюдна называецца “Зялёнымі святамі”, бо ў час, калі яна адзначаецца, прырода аднаўляецца пасля зімы, а зеляніна з’яўляецца дамінуючым колерам пейзажу.
Сімвалам Святога Духа з’яўляецца голуб. Таксама Яго звычайна прадстаўляюць у выглядзе вогненнях языкоў, бо так Дзеі Апосталаў апісваюць Яго сыходжанне на апосталаў.
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч