Праз 40 дзён пасля Уваскрасення Пана нашага Езуса Хрыста мы ўспамінаем у літургіі вельмі важны момант. Гэта момант, калі Езус у апошні раз сустрэўся са сваімі вучнямі, а вучні ў апошні раз убачылі Яго.
Аднак гэтая падзея не напоўніла вучняў смуткам, тугой, як было, калі Езус памёр. Гэта не выклікала таго, што яны рассеяліся і вярнуліся да сваіх заняткаў, але – наадварот – напоўніла іх радасцю.
„І, калі благаслаўляў іх, развітаўся з імі і ўзнёсся на неба. Яны пакланіліся Яму і з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалем, і былі ўвесь час у святыні, і благаслаўлялі Бога” (Лк 24, 51-52).
Нам, людзям, цяжка акрэсліць, дзе знаходзіцца неба. Мы маем розныя ўяўленні, розныя думкі на гэты конт. Адно безумоўна – што кожны з людзей жадае неба. Жадае так моцна, як жадае шчасця, здароўя, радасці, міру, сяброўства, бяспекі, упэўненасці ў заўтрашнім дні… Кожны сумуе па небе, бо кожны сумуе па тым, каб быць лепшым, дасканалейшым, мудрэйшым, больш любімым… Гэта найбольш фундаментальныя рэчы, па якіх сумуе чалавек.
Якім жа чынам дасягнуць неба? Дзе яно знаходзіцца?
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла кажа нам:
“Гэтае дасканалае жыццё са Святой Тройцай, гэтая камунія жыцця і любові з Ёй, з Дзевай Марыяй, анёламі і ўсімі святымі, называецца “небам”. Неба з’яўляецца канчатковай мэтай і спаўненнем найглыбейшых імкненняў чалавека, станам найвышэйшага і канчатковага шчасця. Жыць у небе азначае “быць з Хрыстом”. Выбраныя жывуць “у Ім”, але захоўваюць і – больш за тое – знаходзяць там сваю праўдзівую тоеснасць, сваё ўласнае імя. Жыць – гэта быць з Хрыстом; там, дзе Хрыстус – там жыццё і Валадарства” (KKK 1024-1025).
Калі адкрыеш Хрыста ў сваім жыцці, калі адкрыеш Хрыста найперш у сабе, пойдзеш праз свет з выразам шчасця на твары. Бо ў жыцці кожнага з нас важна тое, каб адкрыць Хрыста ў сваім сэрцы. Ён ёсць у кожным чалавечым сэрцы.
Тым, што засланяе нам Хрыста, з’яўляецца наш грэх, нашы залежнасці, наша пыха, эгаізм, недахоп любові. Калі я здолею адштурхнуць усё, што засланяе мне Хрыста, то, безумоўна, адкрыю Яго ў сваім сэрцы. І ў маім жыцці запануе шчасце. Шчасце, якім я буду здзіўляць іншых.
А Хрыстус вельмі блізка. Ён прысутны сярод нас у Эўхарыстыі, сакрамэнтах, у сваім слове і ў кожным з нас. Калі мы Яму паверым, Ён дапаможа нам учыніць з нашага сэрца неба, дапаможа адштурхнуць усё, што яго яшчэ закрывае, дапаможа адкрыць сапраўднае шчасце.
Kс. Юрый Марціновіч