У першую нядзелю мая ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца Дзень маці, які сёлета прыпадае 6 мая.
У невялікай в. Буцілы Лідскага раёна жыве вялікая дружная сям’я Сурвіла. Наталля і Леанід выхоўваюць дзесяцярых дзяцей! Старэйшаму – 22 гады, малодшаму – 3 месяцы. Сёння Наталля як вопытная маці нагадае бацькам пра простыя ісціны, якія на першы погляд могуць падавацца банальнымі, аднак з’яўляюцца фундаментальнымі ў будаванні добрай сям’і. Заснаваныя на шматгадовых назіраннях, яны датычаць карэктнага і эфектыўнага выхавання дзяцей, а таксама здаровай увагі бацькоў да сваіх інтарэсаў.
Дзеці Наталлі і Леаніда па старшынстве: Аляксандр (22 гады), Лізавета (19 гадоў), Мікіта (17 гадоў), Карына (15 гадоў), Дамініка (11 гадоў), Мацвей (9 гадоў), Данііл (7 гадоў), Агата (6 гадоў), Арсеній (3 гады), Артур (3 месяцы)
Бізуном і пернікам, або пра пакаранні і стымулы
Многія сучасныя бацькі ўпадаюць у крайнасці: выхоўваюць дзяцей або занадта строгімі метадамі, або песцяць, на многае закрываючы вочы. Ва ўсім належыць ведаць меру. Калі дзіцё робіць нешта дрэннае, трэба абавязкова павучыць яго, прысароміць, а часам і пакараць, каб адчувала віну за здзейсненае. Калі на такія выпадкі не звяртаць належнай увагі, дзіця ўбачыць, што яго “пранесла”, і, вельмі верагодна, паўторыць усё зноў. Без згрызотаў сумлення.
Адваротная сітуацыя з тым, калі дзіця робіць нешта добрае. Часцей за ўсё, калі яно не бачыць ніякай рэакцыі на свае “подзвігі”, у далейшым можа больш да таго не вярнуцца. Пахвала ці нейкая маленькая ўзнагарода стымулюе, падбадзёрвае. Тады ў дзяцей звычайна з’яўляецца азарт да выканання пэўных спраў. І гэта не дрэнна, бо паступова ўнутраныя перажыванні сціхнуць, а на месца ім прыйдзе сапраўднае разуменне таго, што стаіць за добрым учынкам
Галоўнае, што трэба перадаць дзецям
Вельмі важна данесці дзецям, што трэба вучыцца. Я вось не паспела атрымаць прафесію, таму асабліва востра разумею, як гэта патрэбна чалавеку ў жыцці. Не ленавацца! Тое ж датычыць і любога іншага занятку. Напрыклад, выхоўваючы ў дзецях любоў да працы, мы, бацькі, клапоцімся пра іх будучыню. Па-першае, малады чалавек вырастае моцным, самастойным. Па-другое, шануе чужую працу. Тут таксама вызначальным з’яўляецца асабісты прыклад. Наш тата па магчымасці ўсім дапамагае, таму дзеці бачаць гэта і з гонарам імкнуцца пераймаць бацьку.
І, найважнейшае, трэба жыць з Богам! Упэўнена, што з верай людзі становяцца дабрэйшымі, паважаюць бліжняга, адкрываюцца на яго. З верай чалавек ніколі не прападзе! Таму рэлігійнае выхаванне варта распачынаць як мага раней. Мяркую, што першыя крокі ў гэтым накірунку можна рабіць, калі дзіця знаходзіцца ў 3-гадовым узросце.
Час на сябе – не пажаданы, а неабходны!
Дзеці – наша ўсё. Вядома. Але часам віхор штодзённых спраў і абавязкаў так закруціць, што і пра сябе забываешся. А так быць не павінна. Кожны чалавек мае патрэбу ў тым, каб мець хоць крыху часу на сябе, на аднаўленне сіл. Напэўна, я не самы добры таму прыклад: ужо 2 гады збіраюся на прыём да ўрача.
Але разумею, што павінна знайсці гэты самы час, бо калі ў цябе яго зусім няма, то ён пераўтвараецца літаральна ў жыццёвую неабходнасць.
Непаразуменні: астудзіць эмоцыі
У кожнай без выключэння сям’і здараюцца сітуацыі, калі бацькі і дзеці не могуць знайсці агульнай мовы па нейкім пытанні. І тады часта ў ход ідзе “цяжкая артылерыя”: крыкі, пагрозы, нават шантаж. Перамагае той, хто больш устойлівы псіхічна. Або, увогуле, пытанне можа застацца нявырашаным. Як быць?
Адразу трэба заўважыць, што калі эмоцыям паддаюцца бацькі, то памылку тут дапускаюць менавіта яны, таму што падобныя паводзіны дзяцей можна растлумачыць узроставай несфарміраванасцю. Я, напрыклад, даю сабе час, калі не магу “дастукацца” да свайго дзіцяці. Памаўчу, падумаю і праз некаторы час зноў вяртаюся да папярэдняй размовы ўжо з новымі аргументамі. Неабходна, каб дзіця прыняло твой пункт гледжання не са скрыгатаннем зубоў, але згаджаючыся, што так для яго будзе толькі лепш. Галоўнае – любіць сваіх дзяцей! Любоў з’яўляецца ключом ад усіх зачыненых дзвярэй.
Значнасць сямейных традыцый
Усё менш і менш назіраем захаванне і перадачу нейкіх звычаяў у сем’ях. І тут вызначальным з’яўляецца нават не “што”, а “навошта”. Калі існуе пэўны парадак адносна некаторых спраў, які датычыць кожнага ў сям’і, то сям’я больш з’яднана.
Не скажу, што мы маем нейкія неардынарныя традыцыі, але працуем і адпачываем супольна. На святы – Вялікдзень і Божае Нараджэнне – збіраемся разам. Наведваем бабулю, старэйшага члена нашай сям’і. Прыбіраем могілкі. З маленства вучу дзяцей, што варта шанаваць памяць продкаў. Старэйшым наказваю клапаціцца пра малодшых, малодшым – раўняцца на старэйшых. Мабыць, гэта такія простыя і відавочныя рэчы, але на іх, як мне здаецца, і трымаецца шчаслівая сям’я.
А сям’я Наталлі ды Леаніда і праўда шчаслівая! Як гавораць сужэнцы, “канешне, усяго ў жыцці хапае, але мы найперш дзякуем Богу за магчымасць рэалізацыі такой адказнай і нялёгкай місіі, як гадаванне дзяцей”. Сыны і дочкі з маленства вучацца дапамагаць бацькам па гаспадарцы, з хатнімі справамі. Старэйшыя, якія жывуць асобна, калі вяртаюцца з працы ці вучобы дадому, абавязкова нешта прывозяць для малодшых: парадаваць. І так “сямейнае кола” круціцца, не спыняючыся... А ці не ў гэтым сапраўднае людское шчасце?
Ангеліна Пакачайла, паводле "Слова Жыцця"