Распачаўся марыйны месяц май. У святынях, ля прыдарожных крыжоў і каплічак можна будзе пачуць Ларэтанскую літанію – найпрыгажэйшы гімн ушанавання Маці Божай. Вернікі збяруцца на малітве разам, каб праслаўляць цноты і прывілеі, якімі Бог надзяліў Марыю.
Адным з месцаў, дзе ў маі можна будзе пачуць гімн ушанавання Маці Божай, з’яўляюцца прыдарожныя каплічкі. Яны вырастаюць з рэлігійнай традыцыі мясцовых жыхароў і сведчаць аб іх моцнай веры. Але акрамя таго, што прыдарожныя каплічкі – бачны знак Божай прысутнасці, гэта яшчэ і элемент культуры, які шмат што можа распавесці пра паселішча і яго абывацеляў.
Жаданне маліцца разам
Прыдарожныя каплічкі – гэта невялікія культавыя пабудовы, якія існуюць амаль у кожнай мясцовасці. Так калі святыні паблізу не было, яны ўзводзіліся з той мэтай, каб тамтэйшыя жыхары, якія не заўсёды мелі магчымасць дабрацца да касцёла, маглі збірацца разам у канкрэтным месцы на супольную малітву.
У некаторых мясцовасцях пэўны чалавек званіў у невялікі звон, які знаходзіўся паблізу каплічкі, запрашаючы астатніх на маёвае або ружанцовае набажэнства. Але, як правіла, людзі мелі для гэтага вызначаны час, і звон быў больш неабходны для таго, каб паведамляць жыхарам, што хтосьці адышоў па ўзнагароду да Пана. І тады вернікі пакідалі на некалькі хвілін усе свае справы, каб адгаварыць у інтэнцыі памерлага “Вечны супакой…”. Па традыцыі па дарозе на могілкі пахавальная працэсія заўсёды спынялася ля крыжа і каплічкі, каб развітацца з памерлым, які назаўсёды адыходзіць з вёскі.
Асабліва шмат вернікаў збіралася ля прыдарожных каплічак з нагоды важных рэлігійных свят. Менавіта там праз даязджаючага святара асвячаліся стравы на велікодны стол. Такая практыка існуе і сёння.
Падчас урачыстасці Божага Цела каплічкі былі і з’яўляюцца алтарамі, да якіх скіроўваецца працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам. Менавіта ад іх распачынаецца шлях пілігрымаў да святых месцаў. Многія прыходзяць сюды за бласлаўленнем Маці Божай перад дальняй дарогай.
Упрыгожаныя сэрцамі
Найчасцей прыдарожныя каплічкі могуць быць драўлянымі або мураванымі. Першыя знаходзяцца на дрэвах, слупах ці на зямлі. Другія ж звычайна маюць форму малога будынка, накрытага дахам, з унутранымі алтарамі і абразамі на сценах. Яны могуць быць зашклёныя, агароджаныя. Заўсёды ўпрыгожаны жывымі ці штучнымі кветкамі, часам стужкамі ці сцягамі. Часта на прыдарожных капліцах выгравіраваны або намаляваны фарбай цытаты з Евангелля, словы малітваў.
У XIX стагоддзі сярод вернікаў стала шырока распаўсюджвацца ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса, культ якога афіцыйна зацвердзіў у Касцёле папа Леў XIII. Гэты ж час характарызуецца развіццём марыйнага культу. Імпульсам таму сталі аб’яўленні Маці Божай у Парыжы (1830 г.), Ла Саллет (1846 г.), Лурдзе (1858 г.), Фаціме (1917 г.). Такім чынам, у дадзены перыяд даволі часта ля прыдарожных крыжоў сустракаюцца фігуры або аформленыя абразы Езуса і Марыі. Часам яны ставяцца асобна па розных канцах мясцовасці. Сустракаюцца таксама выявы іншых святых.
Фундатарамі прыдарожных каплічак выступалі мясцовыя супольнасці, парафія, асобныя сем’і і знакамітыя дзеячы. Амаль заўсёды іх імёны заставаліся ананімнымі. Лічылася, што ў справах на Божую хвалу не патрэбны подпіс.
“Мода” на каплічкі
Адкуль бярэ пачатак традыцыя ўзвядзення прыдарожных капліц, дакладна невядома. Аднак яна настолькі ўпісалася ў жыццё людзей нашых зямель, што ўжо лічыцца чымсьці натуральным, як сонца і аблокі на небе.
Па тым, якія помнікі сакральнага мастацтва захаваліся да сённяшніх дзён, можна зрабіць вывад, што сапраўдны бум на будаўніцтва прыдарожных каплічак на нашых тэрыторыях здарыўся пасля ІІ Сусветнай вайны. Людзі ўзводзілі іх на месцах спачыну загінуўшых, у інтэнцыі падзякі за ацалелыя мясцовасці. Такім чынам, у Глушнева (Гродзенскі р-н) мясцовыя жыхары, а канкрэтна 2 браты Кісялеўскія, пасля вайны паставілі ў цэнтры мясцовасці прыдарожную каплічку з фігурамі Езуса Хрыста і Яго Маці “за тое, што падчас вайны вёску захавалі”. На каплічцы ўказаны год яе ўзвядзення (1945) і значыцца надпіс на польскай мове: “Niepokalane Serce Maryi, króluj nam” (“Беззаганнае Сэрца Марыі, валадар нам”). У Забалоцці (Гродзенскі р-н) пасля вайны была ўсталявана каплічка Маці Божай, перавезеная сюды з Літвы. Уяўляе сабой слуп са ствала дрэва, у нішы якога змешчана фігурка Найсвяцейшай Панны Марыі. І, нягледзячы на тое, што вёска амаль знікла, засталося толькі некалькі хат з пастаяннымі жыхарамі, сакральнае месца знаходзіцца ў добрым стане, заўсёды дагледжанае людзьмі.
Шматлікія прыдарожныя каплічкі былі пабудаваны на пераломе XIX–XX стагоддзяў. Нямала іх паставілі і ў 1990-я гады. Узводзяцца яны і сёння.
Кожная капліца мае сваю гісторыю.
Невыпадковыя месцы
Капліцы можна сустрэць у самых розных месцах: на пачатку і ў канцы паселішча, на раздарожжах і скрыжаваннях дарог, на могілках, ля рэк, азёр, крыніц, мастоў і інш. Раней да каплічак у полі жнеі звычайна прыносілі першы і апошні сноп сена. На лясных сцяжынках ля каплічак часцяком адгаворвалі “пахвалёнку” або іншую малітву грыбнікі і ягаднікі, паляўнічыя, ляснікі, падарожныя.
Каплічкі ніколі не ўзводзіліся ў выпадковым месцы. Звычайна людзі ставілі іх там, дзе адбываліся важныя для мясцовай супольнасці падзеі. Часам яны паўставалі на тэрыторыі, дзе раней былі касцёлы, каб захаваць “святасць” месца, або дзе толькі планавалася будаўніцтва святыні. Таму на месцах шматлікіх сучасных касцёлаў калісьці ў далёкім мінулым узвышаліся менавіта такія маленькія каплічкі. Гэта сведчыць аб тым, што зямля пад імі намоленая.
Сёння капліцы Маці Божай можна сустрэць і ў прысядзібных садах, што раней было, хутчэй, выключэннем. Адна з такіх знаходзіцца на былым подворку сям’і Каханоўскіх у Вавёрцы (Лідскі р-н). Набожныя вернікі збудавалі яе ў 1993 годзе ў знак падзякі Марыі за апеку над іх сям’ёй. Сёння гаспадары выехалі, а культавая пабудова засталася ў спадчыну іншым жыхарам.
Яшчэ адна прыватная каплічка ў гонар Маці Божай знаходзіцца на прылягаючай тэрыторыі дома сям’і Казлоўскіх у Доцішках (Воранаўскі р-н). Пабудавана ў 1990 годзе. “Яна з’явілася ў нас на падворку ў той час, калі вызнанне веры нібы афіцыйна дазволілі, – успамінае спадарыня Марыя. – Тады яшчэ не мелі ў вёсцы касцёла, таму збіраліся на маёвыя і ружанцовыя набажэнствы ля каплічкі ў нашым двары. Гэта сёння ў мясцовасці ўзвышаецца касцёл, а таксама некалькі прыдарожных крыжоў і капліц, а тады не мелі іх столькі. Аднак мы шмат маліліся ў гэтай інтэнцыі і, як бачым, нашы малітвы былі пачутыя”.
Часам прыдарожныя каплічкі з'яўляюцца найстарэйшымі помнікамі мінуўшчыны ў паселішчы.
Праз рукі Марыі
Здаўна прыдарожныя каплічкі ўзводзіліся ў розных інтэнцыях. Гэта маглі быць воты просьбы: аб ураджаі, поспеху, прабачэнні ўчыненага граху, абароне ад злога, аб апецы над душамі памерлых неахрышчаных, загінуўшых раптоўнай смерцю, самазабойцаў, асуджаных. А маглі быць таксама воты падзякі: за аздараўленне, ацаленне жыцця, нараджэнне дзіцяці, абарону ад катаклізмаў (пажару, паводкі, вайны ці мору), за дабрабыт, азнаменаванні, мэтай якіх было, перш за ўсё, азначэнне месцаў, звязаных з аб’яўленнямі “сакрум” ці з побытам святых, а таксама за іншыя важныя падзеі. На нашых землях найбольш распаўсюджана ўзвядзенне прыдарожных каплічак у знак падзякі за атрыманыя ласкі. У гэтай канкрэтнай інтэнцыі паўстала амаль кожнае 2-ое месца малітвы.
У падзяку за шматлікія спазнаныя ласкі ўзвышаецца фігура Маці Божай у двары сям’і Яшэўскіх у Войневічах (Дзятлаўскі р-н). “Калі сын хадзіў у 3 клас, я моцна захварэла і трапіла ў бальніцу, – распавядае спадарыня Ядзвіга, маці дапаможнага бiскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB. – Стан быў такі цяжкі, што думала, не выжыву. Але бачу сон… Выхожу з бальніцы на ганак, а перада мной – Маці Божая. Яна глядзіць на мяне і гаворыць: «Дзетка, усё ў маіх руках!». Калі я расказала пра свой сон старэйшай бабульцы, тая заўважыла, што Марыя мяне моцна любіць і што я павінна шмат маліцца да Яе. Мінуў час, і сёння я ўжо не ўяўляю дзень без малітвы да Маці Божай. Заўсёды прашу аб Яе заступніцтве для сына. Ведаю, што Марыя спадарожнічае чалавеку і ніколі яго не пакідае”.
Больш за тое, Беззаганная ў кожную хвіліну гатовая прыйсці з дапамогай.
Малiся за нас, Святая Багародзіца, каб сталiся годнымi абяцанняў Хрыстовых!
Ангеліна Пакачайла, паводле "Слова Жыцця"