Падчас душпастырскіх візітаў, калі я служыў у Гродзенскай дыяцэзіі, часта можна было сустрэць у каталіцкіх дамах абраз Маці Божай. Сярод выяваў, якія прадстаўляюць Найсвяцейшую Панну, гэта найчасцей памяткі з Вострай Брамы, Чэнстаховы, Будслава, Тракеляў і іншых санктуарыяў. Многія з іх маюць тытулы: Маці Божай Нястомнай Дапамогі, Шкаплернай, Балеснай, Кормячай… Сярод гэтых выяваў ёсць адна, невядомага мастака, якая прадстаўляе Марыю на фоне абуджэння вясны, і якую мясцовыя вернікі называюць Маці Божай Маёвай.
У месяцы маі кожны з абразоў Марыі можа насіць тытул Маці Божай Маёвай. Бо пры кожнай каплічцы з абразом Найсвяцейшай Панны, якіх так шмат можна сустрэць ля дарог Беларусі, штодзень у майскі вечар збіраецца група вернікаў, каб славіць Марыю Ларэтанскай літаніяй і шматлікімі песнямі ў Яе гонар.
Маёвымі набажэнствамі мы асаблівым чынам удзячныя двум капуцынам, якія жылі ў ХІХ ст.: а. Пракопу Ляшчынскаму (1811-1895) і біскупу Бэньяміну Шыманскаму (1793-1868), таксама з ордэна капуцынаў. Перш чым стаць біскупам, ён быў галоўным настаяцелем ордэна капуцынаў у Польшчы. У той час вядомы прапаведнік, аўтар жыццяпісаў святых, а асабліва прапагандыст маёвага набажэнства на польскіх землях, а. Пракоп апрацаваў адпаведныя літургічна-аскетычныя дапаможнікі, такія, як “Месяц Марыі для вясковага люду”, “Новы месяц май, у разважанні праўдаў веры ля падножжа Марыі асвечаны”, „Марыя, якая праслаўляецца ў ларэтанскіх літаніях” і іншыя.
Непасрэдна пасля біскупскага пасвячэння ў 1857 г. біскуп Бэньямін Шыманскі скіраваў пастырскі ліст да вернікаў, у канцы якога распарадзіўся, каб ва ўсіх касцёлах і капліцах Падляскай дыяцэзіі былі ўведзены маёвыя набажэнствы: „Збіраючыся ў Бога з прычыны Найсвяцейшай Панны Беззаганна Зачатай, усялякіх благаслаўленняў для нас, духавенства і дыяцэзіян нашых і ўсёй краіны, ва ўсёй нашай дыяцэзіі, у катэдры і ва ўсіх парафіяльных і манаскіх касцёлах, уводзім раз назаўсёды набажэнствы пад назвай "маёвыя", якія кожны год у месяцы маі павінны праводзіцца ў гонар Беззаганна Зачатай Багародзіцы”.
Сёлетні май мы пражывем асаблівым чынам. У ім мінае 160 гадоў з устанаўлення маёвага набажэнства і 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў, з якіх першае адбылося 13 мая 1917 г. Таксама ў маі 36 гадоў таму Маці Божая выратавала жыццё св. Яна Паўла ІІ падчас замаху 13 мая 1981 г.
Дзякуем Маці Божай за ўсе дары і просім Яе аб міры паміж народамі. Няхай Яна стане ў нашу абарону, як просім аб гэтым у малітве: “Пад Тваю абарону…”, каб паяднала нас са сваім Сынам Езусам Хрыстом, Даўцам усялякага дабра і міру.
А. Ян Банькоўскі, OFM Cap