Сусветны дзень хворага ўстанавіў Папа Ян Павел ІІ 13 мая 1992 года ў 75-ю гадавіну фацімскага аб’яўлення і 11-ю гадавіну замаху на яго жыццё. Свята штогод адзначаецца 11 лютага, калі ў Касцёле ўспамінаюць першае аб’яўленне Марыі з Лурда, а ў адным з марыйных санктуарыяў у гэты дзень адбываецца сусветная ўрачыстасць.
Цярпенне і пакута з’яўляюцца для чалавека свайго роду жыццёвым выпрабаваннем, з якім цяжка справіцца сваімі сіламі. Тут дапамагаюць вера, рэлігія і святары, якія менавіта ў гэты час так неабходныя хворым, каб даць ім надзею і дапамагчы ў гэтых цяжкіх момантах жыцця. Дзень хворага павінен прыпамінаць, што ў сітуацыі пакуты і цярпення не дастаткова толькі адпаведнай медыцынскай тэрапіі, а яшчэ вельмі патрэбна чалавечая цеплыня. Такія выхаваўчыя інстытуты, як сям’я або школа павінны з самых малодшых гадоў абуджаць у чалавеку спачуванне да бліжняга і да яго цярпенняў.
Гэты дзень становіцца яшчэ адной магчымасцю звярнуць асаблівую ўвагу на блізкіх, якія хварэюць, і адарыць іх любоўю і клопатам.
Сусветны дзень хворага з'яўляецца таксама магчымасцю прыняць Сакрамэнт намашчэня хворых. Неабходна выкараняць перакананне, што гэты сакрамэнт варта прымаць толькі ў выпадку блізкай смерці. Прыняць гэты сакрамэнт раіцца ўсім, хто патрабуе здароўя душы або цела, рыхтуецца да аперацыі ці іншай складанай медыцынскай працэдуры.
AM