Пасля свайго уваскрасення Езус Хрыстус з’яўляўся сваім вучням, а праз 40 дзён на іх вачах узнёсся на неба з Аліўнай гары. Азначэнне “ўнебаўшэсце Пана” паходзіць з апісання, пераказанага св. Лукой у Дзеях Святых Апосталаў (Дз 1, 9-11). Евангелісты пішуць пра гэты факт няшмат. Мацей увогуле не кажа пра ўнебаўшэсце, Марк згадвае лаканічна: “І пасля размовы з імі Пан Езус узнёсся ў неба, і сядзіць праваруч Бога” (Мк 16, 19). Ян згадвае ў форме прадвесця.
Месцам унебаўшэсця Езуса была Аліўная гара. З гэтай гары, дзе распачалася мука Хрыста, узяла пачатак таксама Яго хвала. Езус наказаў Апосталам, каб не сыходзілі з Ерузалема, а чакалі спаўнення абяцання спаслання Святога Духа. Пасля вяртання ў Ерузалем Апосталы “ўсе аднадушна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маткай Езуса, ды братамі Яго” (Дз 1, 14). Пан Езус жыў таямніцай свайго ўнебаўшэсця задоўга да яе выканання. Падчас Апошняй Вячэры Ён наўпрост прадказвае свой адыход да Нябеснага Айца.
Урачыстасць Унебаўшэсця Хрыста ранні Касцёл злучаў з таямніцай Спаслання Святога Духа на Апосталаў. Гісторыя літургіі ведае гэтую ўрачыстасць з IV ст. Дні пасля Унебаўшэсця рыхтуюць вернікаў да прыняцця Святога Духа – свята, якое хрысціяне адзначаюць на дзясяты дзень пасля Унебаўшэсця.
Трэба падкрэсліць, што Езус узышоў на неба не адзін, але ўзяў з сабой душы ўсіх святых з адхлані.
Падчас гэтага свята мы кажам “унебаўшэсце”, бо Езус узышоў на неба сваёй моцай, у той час як Марыю ўзяў на неба, тады мы кажам “унебаўзяцце”.
Алеся Бяленік