Расставанні цяжкія. У момант, калі хтосьці з блізкіх нас пакідае, адчуваем пустату, разбітасць, адзіноту. Але ў той жа час мы больш выразна бачым, кім была асоба, з якой развітваемся. Мы ўсведамляем, што яна нам дала, чаму навучыла і колькі добрага пакінула пасля сябе. Адчуваем сябе яе спадчыннікамі. Яе дух становіцца часткай нашай ідэнтычнасці. Нешта заканчваецца, але таксама заўсёды нешта пачынаецца, адкрываецца нейкі новы этап.
Расставанне з бацькамі, з настаўнікам ці майстрам азначае неабходны крок да сталасці, самастойнасці, адказнасці за іншых, за працяг справы, пераняцце спадчыны.
Уваскрослы Пан непасрэдна перад сваім канчатковым вяртаннем да Бога Айца таксама дае сваім вучням апошнія інструкцыі. Ён перадае ім місію, абяцае Святога Духа і бласлаўляе іх. Справа, распачатая Езусам, павінна працягвацца ў Касцёле, а апосталы павінны быць сведкамі Езуса, гатовымі нават праліць сваю кроў.
Урачыстасць Унебаўшэсця Пана адзначаем 26 мая.
Хрыстос, пакідаючы гэты свет, абяцае вучням, што яны не будуць адны. Будуць “узброены моцай з вышыні”. Уваскрослы па-ранейшаму будзе прысутнічаць у сваім Касцёле, але гэтая прысутнасць будзе мець ужо іншы характар. Ён больш не можа быць з вучнямі фізічна, як чалавек, але будзе з імі праз свайго Духа. Святы Дух з’яўляецца Духам Айца і Сына. Чалавечнасць Езуса была пасудзінай, у якой Бог аддаў сябе свету, цяпер наша чалавечнасць, памазаная “моцай з вышыні”, павінна быць пасудзінай, праз якую Бог працягвае ўдзяляць сябе свету. Езус быў дасканалым начыннем, мы ж гліняныя начынні, якія можна разбіць. Але мы ўзброены Духам, які цярпліва дапаўняе нашы недасканаласці.
Св. Павел называе Касцёл Целам Езуса. Гэтая карціна адлюстроўвае праўду аб працягу справы Хрыста ў нас. Галава Касцёла, гэта значыць Езус, знаходзіцца ў небе, а Яго Цела, гэта значыць мы, – на зямлі. Можна сказаць, што хрысціянін – гэта чалавек, які цвёрда крочыць па зямлі, а галаву трымае ў небе. Мець галаву ў небе – значыць жыць у еднасці з Тым, да каго накіроўваемся. Мець галаву ў небе – значыць быць пілігрымам, а не бадзягам. Той, хто ведае пункт прызначэння вандроўкі, глядзіць на свой шлях з гэтай канечнай перспектывы. Таму не паддаецца злу.
Ідэнтычнасць чалавека вызначаецца не толькі яго мінулым, але і надзеяй на будучыню. Наша праблема ў тым, што мы занадта лёгка губляем галаву, адпускаем свае думкі і жаданні разбягацца ва ўсе бакі, накіроўвацца куды заўгодна і за кім заўгодна. Мець галаву ў небе – значыць мець большую надзею, чым любая зямная мэта, значыць дыхаць вечнасцю нават у зямной атмасферы.
“Уваскрасенне Пана – наша надзея. Унебаўшэсце – наша праслаўленне. У дзень свайго нараджэння Пан засведчыў, што з’яўляецца сапраўдным чалавекам. У дзень свайго ўнебаўшэсця Ён засведчыў, што Ён сапраўдны Бог. Пасля магілы – неба, пасля крыжа – трон. Да ліку несмяротных далучаецца смяротная натура. На нябесны трон сядае зямное цела” (св. Аўгусцін).
Бог выйшаў з неба з любові да чалавека, таму, калі чалавек хоча трапіць у нябёсы, ён таксама павінен ісці шляхам любові. Падзякуем Богу за Яго бясконцую любоў да нас і скажам Яму тое, што кажа святар, які цэлебруе св. Імшу ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана ў малітве пасля Камуніі: “Усемагутны Божа... абудзі ў нас прагу неба, дзе Хрыстос як першы з людзей прабывае з Табою”.
Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч