Skip to main content

“Маёвыя” штодзенна – традыцыя, якая ідзе праз усё жыццё

majowe 6У месяцы маі вернікі Беларусі збіраюцца на адмысловыя марыйныя набажэнствы, аддаючы асаблівую пашану Маці Божай. Моляцца не толькі ў касцёлах, але збіраюцца і каля прыдарожных крыжоў, у сваіх дамах. Такі актыўны ўдзел у набажэнствах сведчыць пра вялікую марыйную пабожнасць беларусаў, якая сягае далёка ў гісторыю.


majowe 1


Самай галоўнай малітвай маёвага набажэнства з’яўляецца Ларэтанская літанія —малітва ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі.

Вернікі з Лапенак (веска каля р-ну Дзевятоўка ў Гродне) пражываюць месяц май разам з Марыяй, колькі сябе памятаюць. Штодзенна на працягу шматлікіх гадоў яны збіраюцца на малітву на могілках, каля крыжа, каб ушанаваць Маці Божую. Усяго ў Лапенках стаіць 4 крыжы, і каля кожнага з іх – свая група вернікаў.


majowe 4


Каля могілкавага крыжа звычайна збіраецца больш за 10 чалавек. Адна з удзельніц – спадарыня Тэрэза Змітрэвіч, якая нарадзілася ў Грандзічскай парафіі (дэканат Гродна - Усход), адзначае, што як цяпер няма паняцця, што дзіця без гаджэта, так раней не было паняцця, каб не пайсці на маёвыя.

 

"Маёвыя” яшчэ да вайны

“Да вайны мы жылі ў месцы, дзе цяпер знаходзіцца Гродзенскі мясакамбінат. Яшчэ калі былі немцы, мы хадзілі ў Грандзічы ў касцёл, і там маліліся да Маці Божай”, – дзеліцца жанчына.

Пасля вайны пачалі збірацца на маліту ў хаце - прыходзіла шмат людзей.

“Прыходзілі і закаханыя пары на малітву, а потым хадзілі на спатканні, ужо пасля маёвых”, – дадае верніца.

Тэрэза Змітрэвіч удзельнічае ў маёвых набажэнствах штодня. Нават на працы інакш – бо з выхаднымі. А на маёвых трэба быць пры любым надвор’і, у нядзелю таксама прысутнічаць. “У дождж прыходзім з парасонамі ”, – заўважае спадарыня Тэрэза.

Мясцовыя вернікі прыходзяць на могілкі на працягу апошніх 20 год, каб ушанаваць Маці Божую. З цягам часам на месцы культу удалося усталяваць фігуры Марыі і Пана Езуса.


 majowe 2


Сваімі сіламі зрабілі пляцоўку да малітваў

“На фігуры збіралі грошы ў вёсцы, а раней я з дома прыносіла Марыю з метр велічынёй”, – расказвае верніца. – “Рабілі алтарык і маліліся”.

Пляцоўку таксама ўзводзілі сваімі сілама, высажвалі кветкі.


majowe 5


“Мне цяпер добра, далёка хадзіць не трэба, бо праз агароджа ад дому могілкі, дзе збіраемся”, - падсумоўвае спадарыня Тэрэза.

Дзеці і ўнукі таксама прыходзілі


majowe 8


Раней ўсе прыходзілі на маёвыя набажэснтвы з дзецьмі і ўнукамі. Цяпер не маюць часу – жывуць у горадзе. “Часам прыяжджае ўнучка Насця”, - незнарок прамаўляе верніца.

Анастасія Гузевіч працуе ў Гродне, і з дзяцінства памятае, што хадзіла з бабулей на маёвыя набажэнствы.

“Былі старэйшыя дзеці і мы маленькія. Старэйшыя усё з малітоўніка чыталі, а мы крыўдзіліся, што таксама хочам! Казалі нам, што вырасцем, будзем чытаць. Так мы і не чыталі… Хаця насамрэча ведалі ўсе малітвы і песні на памяць” – успамінае з усмешкай дзяўчына.


majowe 3


Маёвыя набажэнствы праходзяць на Лапенкаўскіх могілках штодзенна а 20 гадзіне, таксама ў чэрвіні праходзяць набажэнствы да Сэрца Пана Езуса.

Вольга Сяліцкая

 

Рэдагавана: 21 Мая 2021