11 лютага 1858 года, за тыдзень да Папяльцовай серады, 14-гадовай беднай і непісьменнай сялянскай дзяўчынцы Бернадэце Субіру аб’явілася Прыгожая Пані ў гроце Масаб’ель на ўскраіне Лурда ў Францыі.
У невялікім паглыбленні пячоры на вышыні трох метраў ад зямлі выплыла залацістае воблака, і з’явілася святло, з якога паўстала постаць маладой жанчыны. Бернадэта апісала Яе наступным чынам: “Мела белую сукенку, перавязаную сіняй стужкай, белы вэлюм на галаве і залацістую ружу на кожнай ступні. На руцэ Яна трымала ружанец. Была вельмі прыгожай, найпрыгажэйшай з усіх жанчын, якіх я сустракала да гэтага часу. Яна была вельмі маладая. Не старэйшая за мяне”.
Гэта было першае з 18-ці аб’яўленняў, якія адбыліся ў перыяд з 11 лютага па 16 ліпеня 1858 года і паўсюдна вядомы як аб’яўленні ў Лурдзе. Менавіта тут выразна выявілася праўда слоў Хрыста аб тым, што рэчы, якія вызначаюць гісторыю чалавецтва і вечнае шчасце кожнай асобы, закрыты ад мудрых і разумных, але адкрыты дзецям (параўн. Мц 11, 25). Гэтае аб’яўленне Маці Божай перад Вялікім постам было, верагодна, невыпадковым. Прыгожая Пані прыйшла нагадаць грэшнаму свету пра неабходнасць навяртання, малітвы і пакаяння ў час вялікай маркоты.
Трагічны лёс Францыі
Варта згадаць, што папярэдне Каралева нябёсаў аб’явілася 19 ліпеня 1830 года Кацярыне Лабурэ ў Парыжы і паведаміла сумную праўду пра трагічны лёс, які чакаў Францыю і іншыя краіны на працягу наступных 40-ка гадоў. “Часы вельмі дрэнныя. У гэтыя страшныя дні на ўвесь свет абрынуцца бедствы ўсіх відаў. [...] Увесь свет будзе поўны смутку і жалобы”. У суцяшэнне Маці Божая падарыла тады чалавецтву вялікі дар – цудатворны медальён са зваротам: “О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае”, і з абяцаннем: “Усе, хто будзе яго насіць, атрымаюць вялікія ласкі”. Праз гады гэты медальён стаў інструментам навяртання і аздараўлення многіх людзей.
Прароцтва Марыі спраўдзілася праз тыдзень. 25 ліпеня 1830 года ў Францыі выбухнула грамадзянская вайна, якая распачала шэраг неспакойных падзей: Ліёнскае паўстанне (1831–1834), Лютаўская рэвалюцыя (1848), сельскагаспадарчы крызіс, сацыяльныя і палітычныя праблемы, эканамічны спад і павелічэнне ўнутранага напружання. У дадатак да бурных настрояў у краіне, у 1831–1838 гадах усю Еўропу ахапіла небяспечная эпідэмія халеры, якая забрала сотні тысяч жыццяў. Чарговыя атакі хваробы былі зафіксаваны ў 1848–1855 гадах. Заражэнні адбываліся ў стрававальным тракце праз заражаную ваду і ежу.
У 1855 годзе эпідэмія халеры дабралася да Лурда. Тады заразілася і Бернадэта – захварэла на астму, а потым на туберкулёз костак ног. Хвароба зруйнавала яе далікатны арганізм. І вось гэтая бедная, хворая дзяўчынка атрымала вялікі гонар ад Каралевы нябёсаў, якая абрала яе сваёй пасланніцай.
Пасланне Марыі
Галоўным пасланнем Марыі быў заклік да штодзённай і стараннай ружанцовай малітвы, пакаяння і ўзнагароджання за грахі. Яна казала: “Кайцеся і маліцеся Богу аб навяртанні грэшнікаў”. Гэтыя заклікі паўтараліся неаднаразова. Каб аблегчыць пакуты церпячым ды аздаравіць цела і душу, Маці Божая сама наказала Бернадэце выкапаць крыніцу ў акрэсленым месцы і прадвясціла цуды, звязаныя з ужываннем гэтай вады. Цудадзейная крыніца ніколі не перасыхала і стала прычынай многіх аздараўленняў.
Падчас 16-га аб’яўлення, 25 сакавіка 1858 года, у свята Звеставання Пана, Маці Божая перадала Бернадэце праўду пра сваё беззаганнае зачацце. Калі па просьбе пробашча кс. Дамініка Пейрамале Бернадэта папрасіла таямнічую Пані даць выразны знак таго, хто Яна на самой справе, атрымала адказ: “Я – Беззаганнае Зачацце!”, тым самым даючы сведчанне боскай прыроды звышнатуральных з’яў. У той жа час гэта пацвердзіла догму веры аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, абвешчаную папам Піем IX 8 снежня 1854 года.
У 1864 годзе кс. пробашч Пейрамале пачаў будаваць святыню на месцы аб’яўленняў у Лурдзе. Праз 11 гадоў яна была ўрачыста асвечана арцыбіскупам Парыжа Гвіберам як санктуарый Маці Божай Аздараўлення Хворых.
Абарона ў цяжкія часы
Па дзіўным супадзенні, здаецца, што гісторыя Францыі і свету з XIX стагоддзя падрабязна паўтараецца на нашых вачах. Праз больш за 160 гадоў пасля аб’яўленняў у Лурдзе ўвесь свет зноў упаў у роспач. Пандэмія каранавіруса атакуе ўсё з новай і новай сілай, смерць збірае свой багаты ўраджай, многія краіны перажываюць сацыяльныя, палітычныя і эканамічныя праблемы. Відавочна, чалавецтва не ў стане ўласнымі сіламі справіцца з такімі выклікамі.
Набліжаючыся да Вялікага посту, тым больш неабходна ўзгадаць рэцэпт Маці Божай Лурдскай і Яе эфектыўную абарону ад небяспекі. Пазачасавая, яна застаецца актуальнай і нязменнай: навяртанне, ружанцовая малітва за грэшнікаў, пакаянне, узнагароджанне за грахі чалавецтва і даручэнне сябе Беззаганнай.
Паводле "Слова Жыцця", Людвіга Цыдзік