8 лютага, ва ўспамін св. Жазэфіны Бакіты, па ініцыятыве Папы Францішка ў паўсюдным Касцёле ўжо ў пяты раз адбудзецца дзень малітвы і разважання на тэму барацьбы з гандлем людзьмі. Сёлета яго дэвіз – “Разам супраць гандлю людзьмі”.
Гэты дзень з’яўляецца нагодай ахапіць малітвай як мігрантаў, бежанцаў і ўсіх людзей, якія перамяшчаюцца па свеце, так і ўсе арганізацыі і асобаў, якія дзецнічаюць на карысць справядлівасці і абароны правоў тых, хто знаходзіцца ў сітуацыях рызыкі і перажывае жыццёвыя драмы.
Да гэтай малітвы за ўсіх ахвяр сучасных форм нявольніцтва далучацца таксама вернікі Касцёла ў Беларусі. У сувязі з гэтым біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, старшыня Рады па справах міграцыі, турызму і пілігрымак пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, у спецыяльным паведамленні заахвочвае падтрымаць папскую ініцыятыву.
“Ведамства Святога Пасаду запрашае ўсе мясцовыя Касцёлы далучыцца да гэтай малітоўнай ініцыятывы, а таксама прапануе арганізатарам пазнаёміцца з матэрыяламі на гэтую тэму, якія можна знайсці на інтэрнэт-старонках talithakum.info; preghieracontrotratta.org; migrants-refugees.va. Між іншым, там пададзена малітва праз заступніцтва св. Жазэфіны Бакіты, якую Папа Францішак прамовіць пасля малітвы „Анёл Панскі“ ў нядзелю 10 лютага”, – адзначае біскуп Кашкевіч.
Міжнародны дзень малітвы і разважання на тэму барацьбы з гандлем людзьмі ўстанавіў Папа Францішак у 2015 г. у літургічны ўспамін паходзячай з Судана св. Жазэфіны Бакіты (1869-1947), якая ў 7 гадоў трапіла да арабскіх гандляроў і была прададзена ў няволю.
Пасля многіх цярпенняў яна трапіла ў італьянскую сям’ю, а адтуль у супольнасць Ссцёр Дачок Любові, Служак Бедных св. Магдалены з Каносы. Там яна прыняла святыя сакрамэнты і манаскія абяцанні.
JM