2 лютага Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана. Такім чынам ўвесь народ Божы нанова перажывае тое, што здарылася ў Ерузалемскай святыні – Марыя разам з Юзафам ахвяравалі Дзіцятка Езуса Богу Айцу, а Сімяон абвясціў, што нованароджаны Сын Божы з’яўляецца Святлом свету і Збаўленнем народаў.
У 1997 г. Ян Павел ІІ менавіта ў гэтае свята ўстанавіў Сусветны дзень кансэкраванага жыцця, ствараючы нагоду да глыбейшага разважання ўсяго Касцёла над дарам жыцця, прысвечанага Богу.
Найсвяцейшая Маці ахвяруе Пану Богу найвялікшы Дар, які атрымала – Сына, Езуса Хрыста, а тым самым складак ў ахвяры сябе. Падобную ахвяру з сябе саміх у любові да Хрыста складаюць кансэкраваныя асобы.
Гэта падкрэсліў Ян Павел ІІ, кажучы: “Ахвяраванне Езуса становіцца відавочнай іконай поўнага аддання ўласнага жыцця для тых, якія пакліканы, каб адкрыць у Касцёле і ў свеце праз евангельскія парады «характэрныя прыкметы Езуса, чыстасць, убоства і паслухмянасць»” (Vita consecrata, № 1).
Гэты дзень звяртае ўвагу ўсіх вернікаў на сведкаў прысутнасці Бога ў свеце, якімі з’яўляюцца кансэкраваныя асобы. Рэалізуючы пасланніцтва любові і вернасці, асобы кансэкраванага жыцця будуюць культуру еднасці, якая сёння так патрэбна свету. Асобы кансэкраванага жыцця ў сённяшнім свеце з’яўляюцца вестунамі Божай любові, вяртаюць праўдзівае аблічча Бога, які ёсць любоўю.
Гісторыя Касцёла паказвае, што ў кожны час ёсць людзі, якія на ўзор евангельскай Марыі жадаюць “абраць лепшую частку” – прымаюць жыццё ў чыстасці, убостве і паслухмянасці, каб чыстым і непадзельным сэрцам служыць Хрысту Пану і бліжнім. Гісторыя паказвае, што жыццё ў чыстасці, убостве і паслухмянасці дазваляе дасягнуць дасканалай любові.
Практыкаванне евангельскіх парадаў утварае стрыжань манаскага жыцця. Манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці датычаць трох асноўных сфераў жыцця.
Першае – абяцанне чыстасці – з’яўляецца абраннем Хрыста як адзінай любові і таму звязана з дабравольным адмаўленнем ад сужэнскага жыцця. Гэтая любоў абранніцы да Абранніка знаходзіць свой працяг у любові да тых, якіх усе пакінулі.
Абяцанне ўбоства з’яўляецца адказам кансэкраванага жыцця на паўсюль прысутнае сёння “матэрыялістычнае прагненне валодання, што пагарджае патрэбамі і цярпеннямі слабейшых і пазбаўлена ўсялякага клопату аб захаванні раўнавагі прыродных рэсурсаў” (Vita consecrata, № 89).
Абяцанне паслухмянасці звязана ў сваю чаргу з культурай свабоды, цесна звязана з павагай да чалавечай асобы, з памяншэннем прасторы несправядлівасці і насілля. “Паслухмянасць менавіта для кансэкраванага жыцця паказвае асабліва выразным чынам паслухмянасць Хрыста Айцу і, засноўваючыся менавіта на гэтай таямніцы, сведчыць, што няма супярэчнасці паміж паслухмянасцю і свабодай” (Vita consecrata, № 91).
У Гродзенскай дыяцэзіі сёння існуе 14 мужчынскіх ордэнаў і манаскіх супольнасцяў. Жаночых – 21, у тым ліку 5 бесхабітовых (сёстры законныя носяць не хабіт, а звычайную вопратку). Ёсць таксама некалькі кансэкраваных удоваў і дзеваў.
Кс. Юрый Марціновіч