2 лютага Касцёл перажывае Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. Свята 20 гадоў таму ўстанавіў св. Ян Павел ІІ. Падчас яго вернікі дзякуюць Пану за людзей, якіх Ён паклікаў праз розныя харызмы і духоўнасць сведчыць свету аб сваёй міласэрнасці, умацоўваць і абнаўляць справу абвяшчэння Евангелля для справядлівасці і міру ў адной вялікай чалавечай сям’і. Каля 160-ці кансэкраваных асоб з Гродзенскай дыяцэзіі, якія прадстаўляюць 22 жаночыя і 14 мужчынскіх кангрэгацый, таварыстваў, ордэнаў і інстытутаў, у гэты дзень адновяць свае манаскія абяцанні. Ніжэй крыху "харызматычных" цікавостак.
Найбольш вядомымі назарэтанкамі з’яўляюцца 11 бласлаўлёных мучаніц з Навагрудка.
У рамане Віктора Гюго “Адрынутыя” статут кармэлітак ад Дзіцятка Езус апісваецца як самы строгі сярод каталіцкіх ордэнаў (уключае абмежаванне размоў).
Салезіянкі жывуць у духу Марнэзэ – атмасферы дома-супольнасці, напоўненай самаадданасцю, запалам, радасцю.
Гербам серафітак з’яўляецца Сэрца Марыі Панны, працятае 7-ю мячамі на знак мужнага пераадольвання ўласных пакут, а таксама ўдзялення дапамогі ў цярпенні тым, каго яно асаблівым чынам закранула.
Кангрэгацыя сясцёр эўхарыстак заснавана ў 1923 годзе ў Беларусі.
Сёстры Маці Міласэрнасці маюць Генеральны дом у Гродне.
Сясцёр Беззаганнага Зачацця ў Беларусі называлі “клапатлівымі анёламі гараджан”.
Духоўная фармацыя шанштацкіх сясцёр працягваецца 8,5 гадоў.
На гербе служак знаходзяцца 7 зорак, якія сімвалізуюць цноты, што павінны наследаваць манахіні супольнасці: цнатлівасць, убоства, паслухмянасць, чыстая інтэнцыя, дух малітвы, дух ахвяры і глыбокая пакора.
Першапачатковай мэтай місіянерак Святой Сям’і было ўмацаванне ў веры і падтрымка ўз’яднання ўсходніх хрысціян з каталіцкім Касцёлам.
Бернардынкі ахвяруюць малітву і духоўна падтрымліваюць усіх, хто перажывае жыццёвыя праблемы і прыходзіць на прахадную кляштара, тэлефануе, піша лісты ці электронныя пасланні.
Палатынкі служаць хворым на рак асобам і іх сем’ям у хоспісах. У ліку апостальскай дзейнасці катарынак – апека над ксяндзамі на пенсіі.
Місіянеркі Хрыста Валадара атачаюць душпастырскім клопатам эмігрантаў.
У Вроцлаве (Польшча) асобы, якія хочуць адпачыць, суцішыцца, духоўна ўзнавіцца, могуць замовіць пакой у кляштары нотэрдамак.
Пад апекай сясцёр ад св. Фаустыны знаходзяцца моладзевыя выхаваўчыя цэнтры, дамы для самотных маці, дамы апекі, дзіцячыя сады.
Пастыранкі стараюцца забяспечыць дзецям усебаковае развіццё праз катэхезу, пластыку, рытміку, музычныя і спартыўныя заняткі, жангліраванне, акрабатыку.
Першай паслугай сясцёр францысканак ад церпячых была праца ў прытулках для жанчын, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Многія міхаліткі атрымліваюць інтэлектуальную і прафесійную фармацыю ва ўстановах вышэйшай адукацыі, каб унутраная дынаміка іх жыцця была прыкладам актыўнай апостальскай дзейнасці ў Касцёле.
Сэрцанкі, якія не маюць непасрэднага кантакту з актыўнай дзейнасцю супольнасці, удзельнічаюць у апостальстве праз малітву, цярпенне і ахвяру.
Служабніцы былі другой па чарзе бесхабітовай супольнасцю.
Кансэкраваныя панны ўтрымліваюць сябе дзякуючы ўласнай працы і самі клапоцяцца аб вылучэнні часу для малітвы, Эўхарыстыі і духоўнага развіцця.
Папа Францішак з’яўляецца першым у гісторыі Пантыфікам-езуітам.
Характэрнай асаблівасцю ўбораў аблатаў з’яўляецца вялікі нагрудны крыж, які манахі паводле статуту абавязаны цалаваць перад літургіяй і пасля яе.
Францысканцы канвентуальныя носяць на поясе белую вяроўку з трыма вузламі, якія сімвалізуюць поўнае прысвячэнне сябе Богу пасродкам трох абяцанняў: паслушэнства, цноты і беднасці.
Першыя салезіяне з’явіліся на тэрыторыі Беларусі амаль 100 гадоў таму ў мястэчку Дварэц (Гродзенская дыяцэзія), дзе адкрылі цяслярскую школу.
Сярод знакамітых выхаванцаў піярскіх школ – Тадэвуш Касцюшка, Станіслаў Манюшка, Ігнат Дамейка.
Кармэліты босыя, якія выдалі 12-томную працу “Cursus Theologicus Salamanticensis” (“Саламанцкі курс тэалогіі”), лічацца лепшымі каментатарамі сачыненняў св. Тамаша Аквінскага.
Сэрцане развіваюць такія духоўныя практыкі, як набожнае перажыванне першых пятніц месяца, цэлебрацыя святой гадзіны, адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту.
Капуцыны вырабляюць лекавы бальзам, рэцэптура якога вядома толькі манахам супольнасці.
Рэдэмптарысты стварылі вядомую ва ўсім свеце Навэнну да Маці Божай Нястомнай Дапамогі.
Міхаліты маюць уласнае выдавецтва кніг і каталіцкай прэсы “Michalineum”.
Манастыр Ясная Гара ў Польшчы, дзе захоўваецца знакаміты цудатворны абраз Маці Божай Чанстахоўскай, заснаваны ў ХІV стагоддзі паўлінамі.
У Крамяніцы (Гродзенская дыяцэзія) некаторы час існаваў кляштар канонікаў латэранскіх, які пасля шляхецкага паўстання 1831 года быў скасаваны.
Кларэтыны далі Касцёлу 4-ох кардыналаў, 7 арцыбіскупаў і 33 біскупа.
Палатыны служаць амаль ва ўсіх частках свету: у Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі і Акіяніі.
Кінга Красіцкая