Святло запаленай грамнічнай свечкі з’яўляецца сімвалам Хрыста (яскрава гэта паказвае літургія Пасхальнай вігіліі). Так звяртаемся да Збаўцы, які прыйшоў у свет, каб нас асвяціць. І гэтае сімвалічнае вымярэнне грамніцы, якая ўказвае на Хрыста, вельмі важнае. Але ёсць яшчэ іншае, якое не заўсёды правільна ўспрымаецца вернікамі.
Свята Аб’яўлення Пана, альбо Грамніцы, адзначаецца 2 лютага.
Абараняе не свечка, а Хрыстос
Грамніца ў культуры вядомая як свечка, што мае “ахоўваць ад грому”. Таму ў вокнах здаўна ставяць і запальваюць грамніцы. Іх выкарыстоўваюць, між іншым, падчас навальніцы, каб абараніць дом ад маланкі і разбуральнай сілы прыроды. Таксама грамніца, як лічыцца, засцерагае паміраючых ад сустрэчы з нячыстай сілай.
Вельмі часта існуе такая ўпэўненасць, што менавіта свечка абараняе ад зла. Мы забываемся, што сама яна не мае моцы, бо гэта звычайны матэрыяльны аб’ект, хоць і асвечаны. Прыпісванне свечцы асаблівай сілы – звычайнае магічнае і небяспечнае мысленне. Гэта паказвае, наколькі нясталай можа быць наша вера, калі спыняемся на ўзроўні прадметаў і іх “моцы”.
Святло свечкі, якое сімвалізуе Езуса Хрыста, таксама з’яўляецца знакам абароны ад зла і д’ябла, які жадае знішчэння чалавека.
Не свечка ахоўвае, ахоўвае Хрыстос. Свечка толькі сімвалізуе Яго і для веры нам зусім не патрэбная. Калі пачынаем засяроджвацца на самой грамніцы, упадаем у ідалапаклонства. Становімся падобнымі да ізраільцян, якія пабудавалі залатога цяльца, таму што ім патрэбны быў Бог, якога змогуць сузіраць. Але яны перасталі ўшаноўваць самога Яхвэ і пачалі пакланяцца самаробнаму ідалу. Стварылі сваю рэлігію на ўласным уяўленні Бога.
І нашы паводзіны нярэдка нагадваюць ідалапаклонства. Часам робім сабе розных куміраў з грошай, хобі, ляноты ці працы.
Малітва – самае важнае
Мы не павінны ставіцца да грамніцы як да нейкага абярэга, таму што важнейшай з’яўляецца малітва. Сапраўдны кантакт з Богам значна больш каштоўны, чым ускладванне надзеі на рэлігійныя культавыя прадметы. Ланцужкі, медальёны, абразкі – гэта звычайныя рэчы, і мы не можам надаваць ім значэнні, якіх не маюць. Вера не мае нічога агульнага з магіяй, якая надзяляе прадметы звышнатуральнымі ўласцівасцямі.
Мы жывём у часы, калі асабліва моцна павінна падкрэслівацца чысціня веры. Дзякуючы глабалізацыі цяпер лёгка натрапіць на сферы, якія нешта змяняюць у нашай свядомасці. Таму трэба рацыянальна падыходзіць да грамніц, да попелу на галаве ці асвячэння транспартных сродкаў. Біблейскія ізраільцяне жылі ў значна менш складаным свеце і не здолелі справіцца з задачай, пастаўленай перад імі Яхвэ. Тым больш мы, людзі, якія жывуць у XXI стагоддзі, павінны быць пільнымі і асцярожнымі.
Паводле “Слова Жыцця”,кс. Юрый Марціновіч