Ва ўспамін Маці Божай з Люрда, 11 лютага, у паўсюдным Касцёле адзначаецца Сусветны дзень хворага. Яго дэвіз – “Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны” (Лк 6, 36).
Як падкрэслівае Папа Францішак у сваім пасланні з гэтай нагоды, тэма, выбраная на сёлетні Дзень хворага, які адзначаецца ў 30-ы раз, “схіляе нас найперш звярнуць позірк на Бога, “багатага на міласэрнасць” (пар. Эф 2, 4), які заўсёды глядзіць на сваіх дзяцей з айцоўскай любоўю, нават тады, калі яны ад Яго аддаляюцца”.
Пантыфік дадае, што заклік Езуса быць міласэрнымі, як Айцец, набывае асаблівае значэнне ў выпадку працаўнікоў службы аховы здароўя. “Я думаю пра ўрачоў, санітараў і санітарак, лабараторных дыягностаў, тых, хто асістуе ў лячэнні і апецы над хворымі, а таксама пра многіх валанцёраў, якія прысвячаюць свой каштоўны час церпячым”, – піша Папа.
Па словах Святога Айца, штодзённае служэнне ўсіх працаўнікоў аховы здароўя, якое выконваецца з любоўю і кампетэнтнасцю, выходзіць за межы працы і становіцца місіяй. “Вашы рукі, якія дакранаюцца да церпячага цела Хрыста, могуць быць знакам міласэрных рук Айца. Усведамляйце вялікую годнасць вашай працы, а таксама адказнасць, якая з ёй звязана”, – адзначае Пантыфік.
Ён падкрэслівае, што хворы заўсёды важнейшы за яго хваробу, таму ў кожным тэрапеўтычным падыходзе нельга забываць пра тое, каб выслухоўваць пацыента, яго гісторыю, страхі і асцярогі.
“Нават тады, калі нельга вылечыць, заўсёды можна атачыць апекай, заўсёды можна суцешыць, заўсёды можна ўчыніць, каб пацыент адчуў блізкасць, якая сведчыць пра зацікаўленасць асобай больш, чым яе хваробай”, – заўважае Папа.
Сусветны дзень хворага, па словах Пантыфіка, – гэта і добрая нагода засяродзіць увагу на месцах апекі, дзе прабываюць людзі пажылыя, самотныя, закранутыя хваробай і цярпеннем, якія з’яўляюцца каштоўным скарбам, які належыць берагчы і падтрымліваць. На тэрыторыі нашай Гродзенскай дыяцэзіі функцыянуе Дом міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат), дзе сёння знаходзіцца больш за 80 хворых і пажылых людзей. Домам міласэрнасці кіруе супольнасць Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай).
Таму ў гэты дзень хочам таксама звярнуць наш позірк менавіта на тых людзей, якія прабываюць у Каменцы і ў многіх іншых месцах – шпіталях, у сябе дома, у дамах грамадскай апекі, – якім не чужыя боль і цярпенне, якія кожны дзень нясуць цяжар сваёй хваробы.
Блізкасць да хворых і апека над імі – заклік Хрыста да ўсіх Яго вучняў. Служэнне суцяшэння – задача кожнага ахрышчанага, які памятае словы Езуса: “Быў хворы, і вы адведалі Мяне” (Мц 25, 36).
Няхай Сусветны дзень хворага будзе для нас не толькі нагодай да малітвы за хворых, але найперш няхай узбудзіць наша ўяўленне пра міласэрнасць, каб мы здолелі паспяхова прыйсці да іх з дапамогай.
Kс. Юрый Марціновіч