Свята Ахвяравання Пана, якое адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 2 лютага, з'яўляецца адным з самых старажытных хрысціянскіх святаў. У гэты дзень вернікі ўшаноўваюць Езуса Хрыста, Святло свету. У Евангеллі згадваецца ўнясенне Дзіцяці Езуса ў святыню і абрад ачышчэння Найсвяцейшай Панны Марыі. У нас гэта свята таксама носіць назву Маці Божай Грамнічнай альбо Грамніцы.
2 лютага вернікі прыносяць у касцёл васковыя свечкі, часам аздобленыя зелянінай і стужкамі. Лічыцца, што свечкі, асвячаныя падчас святой Імшы, набываюць незвычайныя ўласцівасці і моц, абараняючы, напрыклад, ад грому і маланкі падчас навальніцаў. Адсюль і назва «грамніцы».
Свечка ў многіх культурах сімвалізуе духоўнае прасвятленне. У хрысціянстве запаленая свечка сімвалізуе Хрыста як Уваскрослае Святло свету, а таксама Касцёл, радасць і сведчанне веры.
Раней існаваў звычай, што ў свята Маці Божай Грамнічнай, пасля вяртання з касцёла запаленай свечкай малявалі знак крыжа на бэльцы столі, тым самым абараняючы дом ад розных няшчасцяў. Цяпер гэтага звычаю амаль не прытрымліваюцца. Раней свечкі абавязкова рабіліся з воску і пасля запальвання яны прыгожа пахлі, а сам пах меў гаючыя ўласцівасці. Таксама ўдыхалі дым ад патухлай свечкі, каб засцерагчыся ад хваробаў горла.
Асвячаныя ў касцёле грамнічкі паважліва захоўваліся ў хатах, звычайна каля т.зв. хатняга алтарыка. Падчас навальніцы ў акно ставілі запаленую свечку са святым абразом з вераю, што яна абароніць дом ад маланкі. Полымя свечак суправаджала і веснавыя шэсці па палях, каб прадухіліць неўраджаі, няшчасці, пошасці і хваробы раслінаў.
Запаленыя грамнічкі ўкладалі ў рукі паміраючаму, і гэта азначала, што, як і «мудрыя панны», ён выйшаў з запаленай лямпай насустрач свайму Жаніху. Грамніцы захоўваліся ў годным месцы і выкарыстоўваліся толькі ў рэлігійных мэтах.
Згодна з народнымі прыкметамі, Маці Божая Грамнічная распачынала «канец зімы», таму людзі казалі: «На Грамніцы палова зіміцы», або пра жніво: «На Грамніцы светла, у хляве цесна». Было распаўсюджана перакананне, што Маці Божая з'яўляецца Апякункай гаспадарак і людзей, абараняючы іх ад нападаў ваўкоў.
Свечка веры
Першы раз мы атрымліваем запаленую свечку падчас хросту, і гэта азначае, што мы запальваем святло веры ў нашай душы. Гэта знак таго, што Хрыстус атуляе нас сваімі сіламі і сваім святлом. Другі раз свечка запальваецца падчас Першай святой Камуніі. У многіх сем'ях існуе прыгожы звычай захоўваць хрысцільную свечку да Першай святой Камуніі і нават да шлюбу. Яе таксама кожны год прыносяць у касцёл у Вялікую суботу, каб запаліць яе ад новаасвячанага Пасхалу.
Давайце часцей запальваць грамніцы. Запальвайма іх у нашых дамах, калі ўспыхваюць «буры», сваркі, калі ледзяны град знішчае пасевы ўзаемнага кахання, калі ўспыхвае полымя зайздрасці, калі ўзнікае пагроза ад патопу прагнасці. Няхай грамнічныя свечкі будуць не толькі адной з рэчаў, якія проста захоўваюцца ў нашым доме: запальвайма іх таксама, калі хто-небудзь з дамачадцаў цяжка хворы, калі яго абрабавалі, напалі, падманулі, зняважылі, пакінулі. Адновім звычай даваць яе ў рукі паміраючым, якія пакідаюць гэты свет...
Была такая гісторыя. Маці, якая безвынікова старалася вызваліць дачку ад нарказалежнасці, расказала, што некалькі гадоў таму яна прынесла з касцёла благаслаўлёную свечку, і яе дачка наркаманка спытала, для чаго яна. Маці, расказваючы легенду пра Маці Божую Грамнічную, якая ахоўвае паселішчы ад ваўкоў, запаліла на стале свечку і прамовіла малітву «Тваёй абароне...». Калі яна скончыла, то папрасіла дачку дастаць з шуфляды свечку з дня хросту і запаліць яе. Калі дзве свечкі гарэлі, яны разам яшчэ раз памаліліся «Тваёй абароне...», а потым паклалі свечкі на месца. З гэтага дня ў жыцці дачкі гэтай жанчыны наступіў пералом. Яна распачала адпаведнае лячэнне і за кароткі час здолела пабароць залежнасць. На пытанне, як ёй гэта ўдалося, яна сказала: «Калі я адчуваю слабасць, я запальваю грамнічную свечку, і гэта дае мне сілы».