Хрыстос можа надаць новы сэнс нашаму жыццю, але пры ўмове, што не пойдзем за логікай свету і яго “цароў”.
У апошнюю нядзелю літургічнага года мы традыцыйна вяртаемся да вобраза цара. Углядаемся ў Езуса Хрыста, які аб’яўляецца як Валадар усяго сусвету. Такой была мэта Яго місіі, якую атрымаў ад свайго Айца.
Праўда ў тым, што Езус не зямны цар, а зямля не з’яўляецца Яго валадарствам. Ён Цар людскіх сэрцаў. Яго трон – крыж, а карона – церні. Хрыстос ажыццяўляе ўладу не праз прыгнёт, гвалт, пераслед і запалохванне, як гэта бывае пры кіраванні зямнога правіцеля, але адзінай сілай – законам любові. Гэта яна заваёўвае сэрцы людзей, што складаюць Божае Валадарства.
Кажучы, што Яго Валадарства не з гэтага свету, Хрыстос хоча падкрэсліць, што яно вечнае і апіраецца на іншы падмурак, у адрозненне ад зямнога. Зямное валадарства вельмі часта дыхае злом, гнілым паветрам, поўным хлусні, пыхі, прагнасці, несправядлівасці. Свет вельмі часта можа прапанаваць толькі цудоўныя лозунгі, але за імі заўсёды хаваецца здрада, жорсткасць, гвалт. Хрыстовае ж Валадарства – гэта валадарства праўды. Праўда – яго трывалы падмурак. На такі падмурак апіраецца любоў – адзіны закон дзеяння ў Валадарстве Хрыста.
“Гісторыя вучыць, што каралеўствы, заснаваныя на моцы зброі і вераломстве, крохкія і рана ці позна развальваюцца, а Езус хоча ўстанавіць у свеце валадарства любові, справядлівасці і міру, якое расцягваецца да канца часоў”.
Папа Францішак
Да такога валадарства належыць кожны з нас у выніку прынятага св. хросту. Праз дадзены сакрамант мы сталі грамадзянамі Валадарства Хрыста. Гэтае грамадзянства не з’яўляецца чыста ганаровым. У кожнага з нас з’явіліся пэўныя абавязкі: ушанаванне Божага Сына як Найвышэйшага Валадара і распаўсюджванне Яго валадарства тут, на зямлі. Выдатна ведаем, што можам выконваць свае абавязкі праз прыняцце ўсяго паслання любові і надзеі, якое Езус перадае нам у Евангеллі, а таксама даючы сведчанне прыналежнасці да Хрыста Валадара сваім жыццём. Такім чынам, у маім сэрцы, у маёй сям’і, на працы, дзе б я ні быў, павінен сведчыць, што з’яўляюся чалавекам Хрыстовым.
Езус просіць нас сёння паказаць іншым, асабліва, магчыма, тым, хто не здольны паважаць годнасць іншага чалавека, хто мае смеласць падняць руку на нявінных брата і сястру, жорстка збіць мірнага дэманстранта, пакрыўдзіць звычайнага грамадзяніна, што наш Пан і Валадар – Езус Хрыстус. Ён адзін мае ўладу над чалавекам і светам. Сваім словам, сваім прыкладам і сваім жыццём, складзеным у ахвяру на крыжы, Хрыстос выратаваў нас ад смерці. І Ён заўсёды паказвае шлях згубленаму чалавеку, дае новае святло жыццю, пазначанаму сумненнямі, страхам і паўсядзённымі перажываннямі.
Будзьма ўпэўнены, што толькі Езус можа надаць новы сэнс сучаснасці і нашаму жыццю, часам падвержанаму жорсткім выпрабаванням праз нашы памылкі і грахі, толькі пры ўмове, што не пойдзем за логікай свету і яго “цароў”.
Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч