Падчас актавы Усіх Святых будзем часцей наведваць могілкі. Маліцца каля месцаў пахавання блізкіх і, мінаючы надмагіллі невядомых нам спачылых, гаварыць пра сябе “Вечны супакой” у іх інтэнцыі. А што кажуць гэтыя помнікі нам у адказ?
Ці можна назваць сумнай прафесію чалавека, які займаецца вырабам надмагільных помнікаў? Часлаў Міскевіч, які 20 гадоў жыцця прысвяціў дадзенай справе, упэўнены, што не. Сцвярджае, што гэтае рамяство не пра сыход, а пра пераход. Да таго ж, часта яшчэ і крыніца творчага натхнення.
Часлаў Міскевіч здаўна піша вершы пра апошні зямны шлях чалавека і жыццё ў вечнасці. У сваю чаргу заказчыкі часам запазычаюць некаторыя радкі, каб размясціць на магільнай пліце блізкай асобы.
“Часта людзі звяртаюцца і да цытат з Бібліі або просяць выбіць выяву Хрыста ці Маці Божай”, – распавядае мужчына. – Мы (кампанія «Гранітон» – заўв. аўт.) заўсёды выкарыстоўваем індывідуальны падыход у працы з кліентам. Запрашаем мастака, які прапануе шматлікія варыянты: бо кожны, вядома, хоча ў асаблівы спосаб ушанаваць памяць роднага – «каб не было, як у другіх». Дзякуй Богу, тэхналогіі сёння дазваляюць здзейсніць, здавалася б, неверагоднае: нават калі няма якаснага здымка памерлага, гэта можна паправіць. З апошняга – рабілі на партрэце ўсмешку, якой дагэтуль не было. Бо чалавек жа ідзе па ўзнагароду да Пана!”.
Хрысціянскія матывы на помніках як сведчанне пра Добрую Навіну.
Спадар Часлаў працягвае з развянчання міфа пра тое, нібы для ўсталявання помніка трэба чакаць 1-2 гады пасля пахавання, каб “зямля ўляглася”. “Сёння матэрыялы дазваляюць ставіць помнік хоць на наступны дзень пасля жалобнай цырымоніі. Ад родных патрабуецца мінімальны догляд – раз на год працерці надмагілле сродкам для мыцця акон”, – дадае мужчына.
Спадар Часлаў распавядае, што калі казаць пра Гродна і рэгіён, то тут могілкам уласціва манументальнасць, якая прыйшла з Захаду. “Здараецца, замовяць бюст у натуральную велічыню або станістыя фігуры Анёлаў-ахоўнікаў. Усходу краіны, у сваю чаргу, адпавядае большая сціпласць: вертыкальная стэла, кветнік і агароджа”, – адзначае майстар.
Як асабліва цікавую практыку спадар Часлаў адзначае замаўленне для сябе надмагільных помнікаў загадзя. “Звычайна гэта людзі ва ўзросце ад 60-ці да 80-ці гадоў. Памятаю, адна жанчына папрасіла, каб на помніку намалявалі яе «маладой прыгажуняй». Дык пасля часта да нас у майстэрню завітвала: то пірог прынясе, то каву, з намі пагамоніць, сваім партрэтам палюбуецца. Толькі праз 10 гадоў ужо дзеці прыйшлі помнік забіраць, – узгадвае мужчына. – Быў і другі займальны выпадак. Жанчына замовіла помнік для сябе патаемна ад мужа. А пасля са словамі «зраблю сужэнцу падарунак» аформіла замову і для яго. У выніку надмагіллі праляжалі ў іх у гаражы амаль 15 гадоў. Калі памёр муж той жанчыны, помнік ужо перастаў ёй падабацца. Забралі назад, зрабілі нанова – адзін агульны замест двух асобных”.
Нягледзячы на ўсе нюансы працы, спадар Часлаў заўважае, што гэтае рамяство патрабуе вялікай далікатнасці. Трэба кіравацца не смагай нажывы, але ставіцца да кожнага чалавека, асабліва які перажывае страту блізкай асобы, па-хрысціянску: з увагай і спачуваннем. “Калі справу рабіць па-божаму, яна будзе больш складна ладзіцца. Мы нават рэкламу ніколі не даём. Проста якасна і сумленна выконваем сваю працу”, – падагульняе майстар.
Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Марцішеўская