18 лістапада – Сусветны дзень бедных
У сёлетнім пасланні на ІІ Сусветны дзень бедных папа Францішак піша: “Гэты дзень павінен стаць маленькім адказам Касцёла, рассеянага па свеце, скіраваным усім убогім, каб яны не думалі, што іх вокліч ляціць у пустэчу. Магчыма, гэта будзе толькі кропля вады ў пустыні беднасці, але яна можа стаць і знакам дзялення з патрабуючымі, каб яны адчулі дзейсную прысутнасць брата і сястры. Бедным патрэбен не акт дэлегацыі, а асабісты ўдзел тых, хто слухае іх кліч. [...] Людзі спрабуюць стварыць дыстанцыю паміж сабою і імі, не ўсведамляючы, што такім чынам ствараюць дыстанцыю з Панам Езусам, які іх не адштурхоўвае, а кліча да сябе і суцяшае”. Лейтматывам сёлетняга Сусветнага дня бедных з’яўляюцца словы з Псалма 34: “Няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў”.
У беднасці не адзін твар
Убогіх сярод нас, на жаль, усё больш. Беднасць мае сёння мноства твараў: прыціснутыя і бяздомныя, пакінутыя і адзінокія, церпячыя і хворыя, жанчыны і мужчыны, якіх выкарыстоўваюць для катаржнай, а часам глыбока амаральнай працы, дзеці, пазбаўленыя магчымасці развіваць уласныя здольнасці і таленты...
Убогіх можна сустрэць не толькі ў бальніцах, дамах састарэлых і турмах, але і на лесвічнай пляцоўцы, у кватэры побач. У блізкім суседстве з намі неаднойчы знаходзяцца асобы, якім патрэбна цеплыня, добрае слова, зычлівасць, кавалак хлеба... Яны чакаюць гэтага не раз на год, не толькі ў дзень, калі Касцёл асаблівым чынам заахвочвае вернікаў здзяйсняць дабро на карысць убогіх. У той жа час кожны хрысціянін павінен усведамляць, што аказанне такога тыпу дапамогі з’яўляецца для яго сталым абавязкам, без тэрміну прыгоднасці.
Адважыцца на сустрэчу з убогім
Папа Францішак у сваім навучанні нястомна заклікае, каб мы мелі адвагу сапраўды сустрэцца з убогімі: зазірнуць ім у вочы, выцягнуць руку, паразмаўляць. У пасланні на Дзень бедных Пантыфік прыгадвае, што клопат веруючых людзей аб такіх асобах не можа абмяжоўвацца да пэўнай формы дапамогі, але патрабуе той “адчувальнасці любові”, якая ўспрымае іншага як асобу і шукае карысці для яго. “Кожны хрысціянін і кожная супольнасць закліканы, каб быць прыладамі Богa ў справе вызвалення і садзейнічання ўбогім”, – адзначае Святы Айцец.
Так няшмат патрэбна, каб даць крыху шчасця і цяпла патрабуючаму, які штодзённа выцягвае нам далонь, калі спяшаемся на працу, ідзём у святыню. Шчыры позірк у вочы, зададзенае з клопатам пытанне несумненна падбадзёраць убогага, уздымуць духоўна. Менавіта такая, сапраўдная сустрэча неабходна гэтым людзям. Не аднойчы яна мае для іх большую каштоўнасць, чым матэрыяльная дапамога.
Любі бліжняга свайго
Пан Езус нястомна заклікае ўсіх любіць Бога і бліжняга. Гэтую любоў мы можам і павінны рэалізаваць праз неабыякавасць да церпячай, хворай, самотнай асобы, так, як гэта рабіў сам Хрыстос. “Сапраўдная любоў – гэта не смутнае пачуцце ці сляпая страсць, – гаварыў св. Ян Павел ІІ. – Гэта ўнутраная пастава, якая ахінае ўсю сутнасць чалавека. Гэта пазіранне на бліжняга не для таго, каб выкарыстаць яго, але каб служыць яму. Гэта ўменне радавацца разам з тымі, хто радуецца, і цярпець з тымі, хто церпіць”.
Яскравым сведчаннем такой паставы з’яўляецца жыццё св. Джаны Берэты Молы. Гэта пацвярджаюць словы яе дачкі Эмануэлы: “Перш за ўсё, яна была вясёлай, звычайнай маці сям’і, і разам з тым – святой. Яе жыццё было напоўнена радасцю, бо яна ўсведамляла, што любіма Богам. Аднак таксама яно было пазначана цярпеннем, смерцю сястры, бацькоў. Маючы вялікую духоўную сілу, яна не паддавалася роспачы. Пастанавіла, што будзе ўрачом. Гэта была для яе не толькі прафесія, але і місія, дзякуючы якой магла сустракацца з беднымі і церпячымі людзьмі, у якіх бачыла аблічча Езуса”.
Найбольшы дар, які кожны можа даць іншай асобе, апрача дару любові, гэта дар ахвяравання ўласнага часу і ўласнага жыцця. Мейма адвагу, каб далучыцца да спраў дапамогі і разнастайных форм дабрачыннай дзейнасці, каб несці людскім сэрцам надзею прыняцця і любові.
Кожны з нас убогі
Каб не адводзіць позірк ад бедных і патрабуючых, трэба не забывацца пра адну простую ісціну: мы ўсе ўбогія, бо кожны чалавек на зямлі з’яўляецца грэшнікам і даўжніком Божай міласэрнасці. Я магу быць лепш апрануты, сыты, здаравейшы, больш адукаваны... Але ці дае мне гэты факт права ствараць ненатуральную дыстанцыю паміж сабой і іншымі людзьмі? Ці не з’яўляемся мы ўсе дзецьмі таго самага любячага і міласэрнага Бога? А для Стварыцеля няма лепшых і горшых, бедных і багатых.
Сёння асабліва востра мы адчуваем сапраўднае прыспешванне перадаваць праўду аб Божай міласэрнасці словам і ўчынкам. Св. Ян Павел ІІ навучаў: “Езус Хрыстус паказвае, што чалавек не толькі адчувае і «атрымлівае» міласэрнасць самога Бога, але таксама пакліканы да таго, каб самому аказваць міласэрнасць іншым: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць» (Мц 5, 7). Касцёл знаходзіць у гэтых словах заклік да дзеяння...” (Dives in misericordia, 1980).
Як плённа змяняць уласнае сэрца і акружэнне?
Перш за ўсё, трэба прасіць Хрыста, каб дакрануўся да нашага розуму і вызваліў ад жадання панаваць і валодаць чымсьці. Ніводзін дар ці талент не быў нам дадзены для таго, каб мы ўзвышаліся, аддзяляючыся ад братоў і сясцёр, але каб яшчэ больш маглі ім дапамагаць.
Не аднойчы ініцыятывы, нават высакародныя і несумненна патрэбныя, скіраваны хутчэй на ўзнагароджанне ўласнага “я”, чым на спробу зразумець вокліч убогага. “Мы сталі вязнямі культуры, якая схіляе нас пазіраць у люстэрка і празмерна непакоіцца пра сябе, лічачы, што дастаткова толькі жэста альтруізму, каб быць задаволеным, без неабходнасці непасрэднага ўдзелу”, – заўважае папа Францішак.
Бедныя людзі евангелізуюць, дапамагаючы штодзённа адкрываць прыгажосць Добрай Навіны. Нельга ўпусціць магчымасць быць міласэрнымі, каб сапраўды сустрэць Хрыста, які “хоць быў багаты, стаў бедным дзеля нас, каб мы ўзбагаціліся Ягоным убоствам” (параўн.: 2 Кар 8, 9). “Адчуйма сябе ў гэты дзень даўжнікамі ўбогіх, каб праз працягнутыя адзін да аднаго рукі мы змаглі рэалізаваць збаўчую сустрэчу, якая ўмацоўвае веру, увасабляе любоў і робіць магчымай надзею бяспечнага падарожжа на шляху да Пана, які прыходзіць”, – заклікае Святы Айцец.
Кс. Юрый Марціновіч