Ёсць такія абразы, укрыжаванні і фігуры, перад якімі калені самі згінаюцца, а рукі складваюцца для малітвы. Ёсць такія месцы, святыні, некропалі, рассеяныя па ўсім свеце, якія не пакідаюць абыякавымі тых, хто іх наведвае. Дзе, дакранаючыся да камянёў, адчуваеш яшчэ пульсуючы нерв гісторыі, пераплеценай з верай продкаў і надзеяй на лепшае заўтра. Адным з такіх месцаў з’яўляецца, безумоўна, Вострая Брама ў Вільні.
Менавіта там столькі стагоддзяў таму абрала сабе трон Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Міласэрнасці.
Да Вастрабрамскай Пані ўжо даўно прыходзяць засмучаныя вернікі, якія бачаць у Ёй адзіны ратунак. Часта яны прыбываюць здалёк, каб хоць на хвіліну ўкленчыць перад славутым ласкамі абразом і папрасіць аб заступніцтве. Каб падзякаваць за атрыманыя ласкі і ў чарговы раз паглядзець на лагоднае і заўсёды надзейнае аблічча Маці, якая ў Вострай Браме чакае кожнага з нас.
Людзі, якія ўпершыню прыбываюць да аблічча Міласэрнай Пані, кажуць, што гэта для іх незвычайнае перажыванне. Маці Божая глядзіць на пілігрымаў праз акно і, здаецца, быццам кажа: “Прыйдзі да Мяне, затрымайся хаця б на хвіліну, знайдзі час на малітву”.
З заснаваннем у 1991 г. Гродзенскай дыяцэзіі Вастрабрамская Мадонна “прывандравала” ў Гродна.
Менавіта Яе ўзяў з сабой у дарогу біскуп-намінат Аляксандр Кашкевіч, які “пад парасонам Вастрабрамскай” правёў 10 гадоў – будучы пробашчам у віленскай парафіі Святога Духа. Іерарх абраў Марыю галоўнай Апякункай Касцёла на Гродзеншчыне, верачы, што пад Яе чулым вокам супольнасць вернікаў будзе ісці ў рытме Божага Духу.
Пакідаючы Вільню, біскуп Кашкевіч быццам атрымаў запавет з-пад крыжа: “Вось Маці твая”. І так ужо амаль тры дзясяткі гадоў – Міласэрная Марыя нястомна спадарожнічае нашаму Касцёлу. Яна заўсёды побач з намі з благаслаўленнем Маці. Заступаецца ва ўсіх нашых інтэнцыях і просьбах. Ёй можна давяраць, давяраць да канца, і менавіта так мы робім.
Кожны з бацькоў памятае, што першым выразным словам, якое прамовіла іх дзіця, было слова “мама”. Да мамы кожны з нас прыбягаў, калі недзе ўдарыўся, калі яго хтосьці пакрыўдзіў. Гэта яна нас да сябе прытуляла, аглядала раны, выцірала слёзы. І нічога дзіўнага ў гэтым няма – у рэшце рэшт, яна вынасіла гэтае дзіця ў сваім улонні, і сувязь і біялагічная, і духоўная паміж імі наймацнейшая.
У літургічным календары ў нас у чарговы раз урачыстасць Вастрабрамскай Пані (16 лістапада).
У чарговы раз ажывае Яе культ. Яе выява аздабляе амаль усе нашы святыні і дамы. Яна заўсёды побач з намі, блізкая нам і дарагая нашаму сэрцу. У кожнага з нас свае, вельмі асабістыя адносіны з Ёю. Кожны мае ў сваім сэрцы нейкі маленькі куточак, прызначаны для Яе. Мы прыбягаем да Яе, калі нам добра і калі дрэнна… Шматразова спазнаём Яе апеку ў высокіх і прыземленых справах.
Будзем жа вучыцца кожны дзень давяраць Ёй усе справы, якія нас часта прыгнятаюць, а асабліва бяспеку зямную і вечную асобаў, за якіх мы адказныя. Разам з усімі шанавальнікамі міласэрнага позірку Нябеснай Маці за св. Максімільянам Кольбэ будзем усклікаць: “Маці Божая Вастрабрамская, у Цябе на руках няма Дзіцяткі Езуса, вазьмі ж мяне на свае рукі і пранясі шчасліва праз усё жыццё”.
Kс. Юрый Марціновіч