16 лістапада мы адзначаем урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці. У 1991 г., калі была паклікана да існавання Гродзенская дыяцэзія, Яна была абрана яе галоўнай Апякункай.
Цудатворны абраз Маці Міласэрнасці займае цэнтральнае месца ў многіх святынях нашай краіны і ў дамах вернікаў. Гэта адна з нешматлікіх выяў, дзе Марыя прадстаўлена адна, без свайго Боскага Сына, што трапна заўважыў св. Максімільян Кольбэ і склаў малітву:
„Маці Божая Вастрабрамская, Ты не маеш на руках Дзіцятка Езус, дык вазьмі мяне на рукі і пранясі шчасліва праз усё жыццё”.
На літоўскай зямлі Вастрабрамская Панна, Маці Усходу і Захаду, валадарыць ужо амаль 400 гадоў. Сёлета прыпадае 90-годдзе Яе цудатворнага абраза. Яна свеціць бляскам прыгожых шатаў праз акно капліцы ў Вільнюсе, бачная здалёк. Але слава абраза ўжо даўно перайшла межы Літвы, бо рукі Маці Божай без Дзіцятка Езуса нібы хочуць прытуліць кожнага, выслухаўшы ўсе радасці, праблемы і перажыванні.
У энцыкліцы пра Божую Міласэрнасць святы Ян Павел II піша, што Марыя, становячыся Маці Уцелаўлёнага Сына, адчула выключным чынам Божую Міласэрнасць, але адначасова акупіла свой удзел у аб’яўленні Божай Міласэрнасці ахвярай сэрца. Таму Марыя – гэта Тая, якая цалкам ведае таямніцы Божай Міласэрнасці. Яна накіроўвае свае міласэрныя вочы да турботаў кожнага засмучанага чалавека і выпрошвае ласку.
Бог пастаянна спачувае чалавеку праз мацярынства Панны Марыі. Яна як Упрашальная Усемагутнасць, Маці Літасці, Пасрэдніца Усіх Ласкаў і Маці Міласэрнасці, перапоўнена чуласцю да людзей, да іх няўмеласці, мізэрнасці і слабасці, заўжды выбягае насустрач засмучаным сваім дзецям.
Няхай Вастрабрамская Панна прытуліць сваімі далонямі тых, хто вагаецца ці ў роспачы. Няхай няшчасным дасць выратаванне, усім сляпым пакажа каштоўнасці і скарбы рэлігійнага жыцця, а заблукалых выведзе на дарогу сапраўднай веры.
Даверым Ёй сёння наш Касцёл на Гродзеншчыне i I Сінод Гродзенскай дыяцэзіі. Будзем прасіць Марыю, што ў Вострай свеціць Браме, каб была надзейнай і нястомнай Кіраўніцай у сінадальнай пілігрымцы веры, якую сёння пачынаем. Няхай Марыя выпрасіць у свайго Сына для ўсіх вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі глыбокую веру, святло Духа Святога, вернасць спадчыне мінулага і адвагу позірку ў будучыню.
Малітва да Маці Божай Вастрабрамскай
О Пані мая, святая Марыя! Тваёй ласцы асаблівай ахове і Тваёй Міласэрнасці, сёння, кожны дзень і ў гадзіну маёй смерці, душу і цела мае аддаю. Усе мае надзеі і радасці, усе ўціскі і недамаганні, жыццё і канец майго існавання Табе даручаю, каб дзякуючы Тваім заслугам усе мае ўчынкі былі выкананы і накіраваны паводле Тваёй і Твайго Сына волі. Амэн.
JM