11 лістапада адзначаецца 25-годдзe ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Беларуссю. Менавіта 11 лістапада 1992 г. кампетэнтнымі прадстаўнікамі Святога Пасаду і Рэспублікі Беларусь быў падпісаны і ўступіў у сілу адпаведны міжнародны дакумент. У гэты дзень папа Ян Павел ІІ выдаў булу “Quantam tandem” аб заснаванні Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі і яе адкрыцці.
“Ужо раней кожнаму было цалкам відавочна, наколькі пажаданыя мір і дабрабыт і колькі, акрамя таго, зачаткаў сацыяльнага прагрэсу звычайна прыносіць самой грамадзянскай супольнасці афіцыйнае заключэнне сяброўства паміж Апостальскай Сталіцай і асобнымі краінамі свету, – гаворыцца ў афіцыйным дакуменце. – І самі Мы з кожным днём усё больш у гэтым пераконваемся. Гэта падалося Нам вельмі важкай падставай для таго, каб усталяваць з народам Беларусі больш цесныя сувязі праз заснаванне Апостальскай нунцыятуры і ў далейшым часе праз дзейнасць Нашага легата ў беларускім народзе”.
Пасля ўтварэння нунцыятура некаторы час знаходзілася ў Ватыкане. Першым нунцыем стаў арцыбіскуп Габрыэль Мантальва Ігера, які выконваў гэтую функцыю з 17 красавіка 1993 года па 17 мая 1994 года. 18 мая 1994 года нунцыятура была перанесена ў Мінск, а новым нунцыем быў прызначаны арцыбіскуп Агостыно Маркето. Беларусь таксама адкрыла сваё пасольства пры Апостальскім Пасадзе на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом.
Першы Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габрыэль Мантальва Ігера (Фота: Nunciature.catholic.by)
У апошнія гады мы можам заўважыць, што развіццё адносін паміж Апостальскім Пасадам і Беларуссю ідзе наперад, асабліва ў галіне культуры, рэлігіі і абароны маральных каштоўнасцяў, развіцця міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу, дыялогу з дзяржаўнымі ўладамі.
Гэта толькі асноўныя кірункі развіцця дыпламатычнай сувязі Беларусі і Апостальскага Пасаду. Працэс працягваецца, адкрываючы ўсё новыя сферы для супрацоўніцтва.
Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца і адкрыццё ў кастрычніку гэтага года новага будынка Апостальскай Нунцыятуры.
Новы будынак Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі (фота: Catholic.by)
JM