Урачыстасць Усіх Святых і ўспамін усіх памерлых вернікаў – добры момант, каб узнесці свой позірк да неба, бо гэта яно з’яўляецца мэтай чалавека. Менавіта на неба ідзе наша несмяротная душа, калі памірае цела. Неба становіцца нашым удзелам толькі тады, калі чалавек у хвіліну смерці будзе ў стане асвячальнай ласкі. Гэтая ласка будзе пропускам у шчаслівую вечнасць.
Бачыла неба і яго прыгажосць
Святая Фаўстына шырока пісала аб сваіх духоўных падарожжах, як у неба, так і ў пекла, у “Дзённічку”, які быў прызнаны Касцёлам як пацверджаныя аб’яўленні. Пасля шоку, які перажыла Фаўстына, бачачы пекла, яна атрымала малітву да Божай Міласэрнасці, якой павінна была падзяліцца са светам як зброяй у вайне за ратаванне душаў.
„Сёння ў духу я была ў небе і сузірала гэтыя неспасцігальныя прыгажосці і шчасце, якія чакаюць нас пасля смерці. Я бачыла, як усе стварэнні аддаюць пашану і хвалу нястомна Богу; бачыла, якое вялікае шчасце ў Богу, якое разліваецца на ўсе стварэнні, робячы іх шчаслівымі, і вяртаецца да крыніцы ўсялякая хвала і пашана з таго, што робіць іх шчаслівымі, і ўваходзяць у глыбіню Божую, сузіраюць унутранае жыццё Бога, Айца, Сына і Духа Святога, якога ніколі ані зразумеюць, ані спасцігнуць. Гэтая крыніца шчасця нязменная ў сутнасці сваёй, але заўсёды новая, палаючая тым, што робіць шчаслівым усялякае стварэнне”.
Мы пазнаем сябе ў небе
Папа Грыгорый Вялікі казаў аб звышпрыроднай еднасці ўсёй супольнасці святых у небе і іх, здавалася б, бясконцых ведах:
„Акрамя ўсяго гэтага, найбольш цудоўнай ласкай адораны святыя ў небе: бо ведаюць не толькі тых, якіх ведалі на зямлі, але і тых, якіх да гэтага ніколі не бачылі, i размаўляюць з імі з такім даверам, быццам у даўнія часы бачылі і ведалі, і таму, калі ўбачаць старажытных айцоў у гэтым месцы вечнага шчасця, будуць іх ведаць з бачання, як тых, якіх заўсёды ведалі і з якімі размаўлялі пры жыцці. Бо, бачачы, што яны сапраўды ў гэтым месцы неспасцігальнага святла, супольнага для ўсіх, сузіраюць Бога, то чаго ж не ведаюць тыя, якія ведаюць Таго, які ведае ўсё?”
Знайсці іншае неба
Святая Тэрэза з Лізьё казала, што неба – цудоўнае месца, і ўсе павінны старацца апынуцца там. Святая адзначала, што неба цудоўнае, але Бог бясконца больш жадае прысутнасці сваіх дзяцей:
„Наш Пан не сыходзіць кожны дзень з неба, каб ляжаць у залатым цыборыі. Ён прыходзіць, каб знайсці іншае неба, якое Яму бясконца больш дарагое – неба нашай душы, створанай на Яго вобраз, жывой святыні цудоўнай Тройцы”.
Будзем імкнуцца да таго, каб дасягнуць неба! Там мы будзем сузіраць Бога. Якія ж мы будзем шчаслівыя! Там ніхто не будзе мець ніякага іншага жадання, чым тое, што захоча Бог, і жаданне аднаго будзе жаданнем усіх. Жаданне ўсіх будзе таксама жаданнем Бога.
Кс. Юрый Марціновіч