1 лістапада мы перажываем урачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень Касцёл прапануе нам адарвацца ад зямлі, ад нашых штодзённых заняткаў, і зірнуць у вышыню, каб паглядзець на свет і жыццё з Божай перспектывы. Мы ўзносім позірк у вышыню, да неба, каб убачыць велізарнае мноства святых, убраных у белыя адзенні і з узнагародай у руках.
Яны скончылі свой жыццёвы бег і дасягнулі мэты. Ачышчаныя ад усялякага бруду і недасканаласці, яны стаяць перад Богам, які прытуляе іх да сябе, як сваіх дзяцей. Ён ацірае ўсялякую слязу і вызваляе ад клопатаў і страхаў. Таму яны жывуць ужо самім Богам, дзеляць з Ім шчасце і радасць, цешацца супакоем.
Бог узнагародзіў іх за тое, што трывала Яго шукалі, верна прытрымліваліся добрага, Яго, нястомна да Яго звярталіся. Давяралі Яму, верылі і любілі больш за ўсё. У канцы Ён сам стаў для іх узнагародай. Ён сам – Бясконцы, Любячы, Святы.
Сёння мы адзначаем урачыстасць Усіх Святых – не аднаго, асаблівага, можа, для нас, але ўсіх. Усіх – значыць тых, вядомых з літургічнага календара, але ж таксама і тых, якіх там няма, а між тым яны ў небе – у айчыне святых.
Пасля святых, якія былі ўзнесены да хвалы алтара, засталіся іх справы – ці тое, што яны рабілі кожны дзень, што ім удалося стварыць, засталіся іх духоўныя дзённікі… Многія з іх, паміраючы, уж лічыліся святымі, і гэта было меркаванне даказанае і абгрунтаванае. Але ж акрамя іх існуе незлічоны натоўп святых, якіх ведалі толькі іх блізкія. Іх няма ў афіцыйным календары Касцёла, але яны ёсць у сэрцах і ў памяці сваіх самых блізкіх. Яны так глыбока запісаны ў нашых сэрцах!
Яны жылі ў глыбокай веры і праведнасці, прысвяцілі сваё жыццё сям’і, зносілі цяжкасці, часта таксама несправядлівасць і прыніжэнні, а ўсё гэта – у вернасці праўдзе Евангелля. Колькі такіх святых насіў гэты свет! Колькі бацькаў, колькі маці, жонак, сясцёр, братоў – добрых, высакародных і ахвярных – прайшло праз жыццё, жывучы сумленна кожны дзень!
У гэтую ўрачыстасць Касцёл нам, людзям, якія пілігрымуюць на зямлі, указвае шлях, які павінен нас прывесці да святасці, такой жа, як у вядомых святых і нашых блізкіх, якія здолелі зрабіць Пана Бога цэнтрам свайго жыцця. Усе яны хочуць з намі спаткацца ў небе! Яны хочуць, каб мы так, як тут, на зямлі, таксама і там, у небе, утваралі супольнасць!
Узнясем свой позірк у вышыню. Яны скончылі бег і дасягнулі мэты. З гэтага часу яны жывуць ужо самім Богам. Бог іх узнагародзіў. Але таксама і з намі Пан Бог хоча падзяліцца гэтай радасцю!
Кс. Юрый Марціновіч