16 лістапада – урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці. На працягу 25-ці гадоў Яна апекуецца Гродзенскай дыяцэзіяй як галоўная заступніца. Цудатворны абраз Маці Міласэрнасці займае цэнтральнае месца ў многіх дамах нашай краіны. Гэта адна з нешматлікіх выяў, дзе Марыя прадстаўлена адна, без свайго Боскага Сына, што трапна заўважыў св. Максімільян Кольбэ і склаў малітву:
“Маці Божая Вастрабрамская, Ты не маеш на руках Дзіцятка Езус, дык вазьмі мяне на рукі і пранясі шчасліва праз усё жыццё”.
Амаль 400 гадоў на літоўскай зямлі валадарыць Вастрабрамская Панна, Маці Усходу і Захаду. Свеціць бляскам прыгожых шатаў праз акно капліцы ў Вільні, бачная здалёк. Але слава цудоўнага абраза ўжо даўно перайшла межы Літвы, бо рукі Маці Божай без Дзіцятка Езус нібы хочуць прытуліць кожнага, выслухаўшы ўсе радасці, праблемы і перажыванні.
Хто калісьці наведваў Вастрабрамскую капліцу ў Вільнюсе, напэўна, выходзіў адтуль у захапленні, духоўна ўзбагачаны. У простых белых сценах, дзе няма ні мармуру, ні жэмчугу і каштоўных камянёў, ні каралеўскіх дароў, вісяць толькі срэбныя бляшкі ў форме ног, рук, вачэй, сэрцаў... На некаторых з іх можна ўбачыць нязграбныя надпісы, быццам надрапаныя шпількай. Найбагацейшае вота – вялікі срэбны паўмесяц, які займае ўсю ніжнюю частку алтара. Такі характар Вострай Брамы. Такая пашана, якую там атрымлівае Маці Міласэрнасці, што чула ахінае цэлы свет.
Выпрошваючы ў Бога дары, Марыя пацвярджае, што міласэрнасць Яе Сына не ведае межаў і даходзіць да ўсіх без выключэння. Задуменная, заслуханая ў літанію просьбаў, прымае кожнага, хто туды прыбывае. Яна Маці ўсіх людзей. Менавіта Марыя праз згоду на прыняцце Божага Сына адкрыла свету шлях да атрымання міласэрнасці. Яе Бог выбраў для вялікай справы. Марыя “ўвайшла ў санктуарый Божай міласэрнасці, таму што ўнутрана ўдзельнічала ў таямніцы Яго любові” (Папа Францішак, Misericordiae vultus 24). Айцец напоўніў сэрца Беззаганнай той жа міласэрнасцю, якую сам удзяляе грэшнікам і якая схіліла Хрыста выдаць сябе за грахі свету. Таму ў Ёй і праз Яе рэалізуецца справа Божай міласэрнасці, што адтымала рысы сапраўднай мацярынскай любові.
Марыя ніколі не затрымлівае наш позірк на сабе, а скіроўвае яго да Сына, перад якім сама схіляецца. Прагне, каб у цэнтры ўвагі была Божая міласэрнасць, найбольш поўна раскрытая ў Езусе, трываючая “з пакалення ў пакаленне” (Лк 1, 50). Папросім жа Яе, каб навучыла адчувальнасці сэрца і міласэрнасці да другога чалавека. Падзякуем за тое, што мае ў асаблівай апецы Касцёл на Гродзеншчыне.
Няхай залатая Вастрабрамская Панна прытуліць сваімі далонямі тых, хто вагаецца ці ў роспачы. Няхай няшчасным дасць выратаванне, усім сляпым пакажа каштоўнасці і скарбы рэлігійнага жыцця, а заблукалых выведзе на дарогу сапраўднай веры.
Цікавосткі:
• Дзякуючы Маці Божай Вастрабрамскай здзейснена мноства цудаў. Першы з іх меў месца ў 1671 годзе. Пасля падзення на брук з 3-га паверха дзіця ацалела і не атрымала ніякіх траўм.
• Выражэннем культу і ўдзячнасці вернікаў да Маці Міласэрнасці з’яўляецца некалькі тысяч вотаў, што складаюць сярэбраную накладку на сценах Вастрабрамскай капліцы. Медальёны, гаржэты, таблічкі, каралі – толькі некаторыя з іх.
• Згодна апошнім даследаванням, абраз Вастрабрамскай Панны быў намаляваны на дубовых дошках каля 1620-1630 года ў Вільні невядомым мастаком.
• На мяжы XVII і XVIII стагоддзяў абраз аздобілі сярэбранымі пазалочанымі шатамі (хутчэй за ўсё, у дар ад віленскіх залатароў). Убранне складаецца з 17-ці частак агульнай вагой каля 14-ці кг.
• Пад металічнай сукенкай Маці Божая апранута ў чырвоную туніку з падкасанымі рукавамі. Шыя прыкрыта шалем, а галава – белай хусткай. Постаць Марыі ўкрывае зеленавата-блакітны плашч, свабодна накінуты на галаву і плечы.
• Галаву Маці Божай аздабляюць дзве кароны. Першая паходзіць з канца XVII стагоддзя, другая – з сярэдзіны XVIII стагоддзя (яе падтрымліваюць 2 анёлы).
• Выяву Вастрабрамскай Панны размясціў на сваім прыміцыйным абразку св. Ян Павел ІІ.
• Абраз шануецца хрысціянамі ўсіх канфесій.
Паводле "Слова Жыцця"