У другі дзень лістапада людзі накіроўваюцца (па меншай меры ў думках) на могілкі. Шукаюць там прозвішчы знаёмых, якіх правялі на гэтае месца спачыну ўжо даўно ці ў апошнія месяцы, тыдні, дні. Менавіта на могілках без лішніх сведкаў, узнёслых слоў, мудрых прамоў мы выказваем сваю простую ўдзячнасць тым, каго ўжо няма побач. У цішыні ападаючага восеньскага лісця, падмарожанага першымі замаразкамі, у мігценні палаючых лампадак прагнем падзякаваць за дабро, якое нам перадалі, вартасці, якія абаранялі з вялікай адданасцю, веру, якую сцераглі, любоў, якой былі верныя, і надзею, якую не згубілі.
Засяроджваемся таксама і на сваім жыцці. Тут, як ні ў адным іншым месцы, узгадваем словы велікапоснага пакутнага звароту: “Памятай, што ты – прах і ў прах вернешся”. Усведамляем праўду аб смерці і неабходнасць нястомнага вяртання да Пана. Менавіта на могілках разумеем, што павінны клапаціцца пра сваю несмяротную душу, якая мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.
Няхай сёлетні Задушны дзень будзе нагодай ажывіць веру і ўмацаваць духоўную сувязь з тымі, хто ўжо адыйшоў з гэтага свету і чакае нашай духоўнай дапамогі.
кс. Юрый Марціновіч