Касцёл у сваёй малітве часта ўспамінае святых людзей, якія сумленна пражылі сваё жыццё і далі нам прыклад добрай, сапраўды хрысціянскай паставы, а цяпер спазнаюць невыказную радасць у Нябесным Валадарстве.
Сярод гэтай шчаслівай супольнасці святых ёсць як паўсюдна вядомыя: св. Ян Хрысціцель, св. Антоній з Падвы, так і святыя, мала вядомыя: св. Томас Мор, св. Брыгіда. Аднак існуе нашмат большая колькасць людзей, якія сваім праведным жыццём заслужылі на імя святых і якіх ведае толькі Усемагутны Бог.
На працягу літургічнага года мы абыходзім літургічныя ўспаміны святых, разважаем над прыкладам іх жыцця, заклікаем іх да заступніцтва ў нашых патрэбах. Аднак год – гэта 365 дзён, а афіцыйна прызнаных Касцёлам святых некалькі тысяч. Паколькі няма такой магчымасці, каб кожнаму з іх вызначыць адзін асобны дзень успаміну, то таму быў вызначаны адзін асаблівы дзень – дзень Усіх Святых. У гэты дзень мы ўшаноўваем усіх вядомых і невядомых нам святых, заклікаючы іх да заступніцтва за нас. Яны ў сваім жыцці рэалізавалі Божы заклік імкнення да святасці, і таму заслугоўваюць пашаны ад нас. 1 лістапада для ўсіх нас гэта інтэрнацыянальны Дзень Святых усіх эпохаў, народаў і краін.
кс. др Юрый Павайба