Сёння Гродзенская дыяцэзія разам з вернікамі ўсёй краіны, а таксама Літвы і Польшчы адзначае ўрачыстасць Маці Божай Міласэрнасці. Для нашай дыяцэзіі Маці Божая Вастрабрамская з’яўляецца галоўнай Заступніцай, таму гэтае свята для нас асаблівае. Святой Патронкай вернікі нашых зямель лічылі Маці Божую Вастрабрамскую яшчэ з часоў, калі нашыя землі ўваходзілі ў склад Віленскай архідыяцэзіі. Культ Маці Міласэрнасці, як і сам абраз, мае багатую гісторыю.
У канцы XVст. пачатку XVI ст. паўстала дзевяць гарадскіх брамаў, з ліку якіх адна (адзіная, якая захавалася да нашага часу) насіла назву Мядніцкая ці інакш Крэўская. Крыху пазней “прыжылася” іншая назва брамы – Вострая. Паводле традыцыі на абарончых брамах вешалі святыя абразы. Абраз Маці Міласэрнасці не адразу вісеў у капліцы. Спачатку абраз Найсвяцейшай Панны Марыі вісеў у невялікай нішы ўнутранага баку брамы, да пары са Збавіцелем Свету на знешняй сцяне. Абразы былі ўласнасцю Вільні. Ікона не мела ніводнай капліцы або аздабленняў, годных цудоўнага абраза.
Абраз Маці Божай Міласэрнасці быў намаляваны на дубовых дошках тэмперай. Ікона мае памер 200 на 165 см. Аўтар абраза невядомы. Некаторыя прыпісваюць аўтарства Лукашу – кракаўскаму майстру.
У 1626 годзе ў Вільню прыйшлі кармеліты босыя, якія атрымалі пры Вострай Браме участак пад будаўніцтва кляштару і касцёла. У пабудаванай у браме невялікай капліцы кармеліты змясцілі абраз Божай Маці Міласэрнасці. У 1626 г. айцы-кармеліты заснавалі ў гэтым месцы свой кляштар, а ў самой браме пабудавалі невялікую капліцу, дзе памясцілі абраз Божай Маці Міласэрнасці. 12 красавіка 1671 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне абраза віленскім біскупам у прысутнасці найвышэйшых свецкіх саноўнікаў Вялікага княства Літоўскага, прафесараў і студэнтаў Віленскай Акадэміі, прадстаўнікоў магістрату горада і вільнянаў.
Пасля таго, як у 1711 г. згарэла драўляная капліца, была пабудавана мураваная, якая засталася да нашых часоў. У 1829 г. яна набыла рысы позняга класіцызму. Капліца збудаваная так, каб вернікі ў малітве перад абразом знаходзіліся на вуліцы. У капліцу можна было ўвайсці толькі з боку садоў кляштару, свецкія да яго доступу не мелі. У час рамонту ў 1828-1829 гадах былі павялічаныя бочныя вокны аж да ўзроўню падлогі. У 1785 годзе быў забаронены вулічны гандль у часе малітвы ў Вострай Браме.
У 1844 годзе за дапамогу паўстанцам кармеліты былі выгнаныя. Будынак кляштару аддалі праваслаўным, а капліцу перадалі дыяцэзіяльнаму духавенству. З таго часу доступ да яе стаў адкрытым.
У 2002 годзе будынак брамы і капліцы быў адрэстаўраваны.
Культ Маці Міласэрнасці з Вострай Брамы – вельмі вялікі і непараўнальны па сваёй сіле. Ён пачаў развівацца ў другой палавіне XVII ст. і быў звязаны з абаронай гарадскіх муроў. Гэты культ набраў сваю сілу ў I палове XVIII ст. Асаблівае развіццё ўшанавання да Маці Міласэрнасці наступіла пасля падзелу Польшчы. Вуліца, якая вяла праз Вострую Браму, была вельмі ажыўленай гарадской артэрыяй.Размяшчэнне там абраза зрабіла гэтую звычайную вуліцу месцам малітвы. Гэта там маліліся Адам Міцкевіч, Юліуш Славацкі, Юзаф Ігнацый Крашэўскі, а Вострая Брама была на працягу стагоддзяў нараўне з Яснай Гарой Марыйным санктуарыем, які славіўся шматлікімі ласкамі. У 1993 г. Ян Павел II маліўся ў капліцы ў Вострай Браме. Ён ахвяраваў тады Божай Маці Міласэрнасці папскую залатую ружу.
Каля 1671 г. выява Маці Міласэрнасці была закрыта сярэбранай пазалочанай сукенкай. Сярэбраны паўмесяц з выгравіраваным надпісам: “Падзяку Табе складаю Божая Маці за тое, што Ты выслухала мае просьбы і прашу Цябе, Маці Міласэрнасці, будзь ласкавая да мяне”, які знаходзіцца ў ніжняй частцы абраза – гэта вота з 1849 г. Галаву Божай Маці аздабляюць дзве кароны. Адна – у стыле барока для Каралевы Нябёсаў, другая – у стылі ракако – для Каралевы Польшчы. Вострая Брама звязана таксама з культам Божай Міласэрнасці. Абраз Божай Міласэрнасці быў намаляваны ў Вільні і выстаўлены для публічнага агляду менавіта ў Вострай Браме (26 – 28 красавіка 1935 г.). Тут таксама св. Фаустына мела аб’яўленне трыумфу абраза Божай Міласэрнасці. Гэтае аб’яўленне здзейснілася.
Вастрабрамскую Божую Маці называюць Маці Міласэрнасці. Гэты тытул мае глыбокі тэалагічны сэнс. У энцыкліцы пра Божую Міласэрнасць Божы слуга Ян Павел II піша, што Марыя, становячыся Маці Уцелаўлёнага Сына, адчула (выключным чынам) Божую Міласэрнасць, але адначасова акупіла свой удзел у аб’яўленні Божай Міласэрнасці ахвярай сэрца. Таму Марыя – гэта Тая, якая цалкам ведае таямніцы Божай Міласэрнасці. Яна накіроўвае свае міласэрныя вочы да турботаў кожнага засмучанага чалавека і выпрошвае ласку. Пастаянна Бог спачувае чалавеку цераз мацярынства Марыі Панны. Яна як Упрашальная Усемагутнасць, Маці Літасці, Пасрэдніца Усіх Ласкаў і Маці Міласэрнасці, перапоўнена чуллівасцю да людзей, да іх няўмеласці, мізэрнасці і слабасці, заўжды выбягае насупраць засмучаным сваім дзецям.
Малітва да Маці Божай Вострабрамскай
О Пані мая, Святая Марыя! Тваёй ласцы асаблівай ахове і Тваёй Міласэрнасці, сёння, кожны дзень і ў гадзіну маёй смерці, душу і цела мае аддаю. Усе мае надзеі і радасці, усе ўціскі і недамаганні, жыццё і канец майго існавання Табе даручаю, каб дзякуючы Тваім заслугам усе мае ўчынкі былі выкананы і накірованы паводле Тваёй і Твайго Сына волі. Амэн.