Сёння мы абыходзім Дзень успаміну усіх памерлых. Усю актаву - з 1 па 8 лістапада - мы будзем маліцца за нашых памерлых блізкіх, наведваць могілкі і запальваць там знічы. Аднак кожным разам у нас узнікаюць розныя пытанні, звазаныя з гэтым святам: чаму так важна ў гэты час маліцца за душы памерлых? Куды яны трапляюць пасля смерці? Што такое адпуст і за каго яго можна ахвяраваць? Ці мае штосьці супольнае Дзень успаміну памерлых з Дзядамі? На гэтыя пытанні мы папрасілі адказаць кс. Андрэя Радзевіча.
- Кс. Андрэй, калі і чаму Касцёл ўсталяваў Дзень успаміну ўсіх памерлых?
- Дні, прысвечаныя памяці памерлых, гэта вялікія штогадовыя святы, якія адпраўляюцца на знак шанавання памерлых. Іх тэрміны былі вызначаны Касцёлам. У 835 годзе папа Ян ХІ усталяваў урачыстасць Усіх Святых (1 лістапада) у гонар усіх памерлых святых – ужо збаўленых – як святых, вынесеных на алтар, так і нікому невядомых. У 998 годзе у Касцёле быў усталяваны Дзень Задушны 2 лістапада - дзень набажэнстваў і малітваў у інтэнцыі усіх памерлых, асабліва душ, якія яшчэ адбываюць пакуту ў чыстцу. Гэты дзень малітваў за памерлых запачаткаваў абат св. Адылён у супрацьлегласць язычніцкім абрадам.
Традыцыя ўзгадвання памерлых старая, як і само чалавецтва. Памяць аб памерлых робіцца вартасцю для ўсіх людзей па ўсім свеце і аб’ядноўвае ўсе чалавечыя супольнасці, якія калі-небудзь жылі на зямлі. Няма такога месца, дзе б не аддавалася пашана памерлым і не было вядома свят і абыходаў задушных. У мінулым яны адносіліся да найважнейшых свят і ўрачыстасцей і адпраўляліся некалькі разоў на год.
Для нас, католікаў, дзень 2 лістапада, узгадванне ўсіх памерлых, гэта дзень, у які Касцёл нагадвае нам пра таямніцу вечнага жыцця, праўду чыстца і абавязковасць нясення малітоўнай дапамогі тым, хто яе найбольш патрабуе.
- Як правільна каталік павінен абыходзіць Дзень успаміну ўсіх памерлых? Што з'яўляецца самым важным?
- Хоць восень і прыгожая пара, але ў лістападзе робіцца трохі больш панура. Дні штораз карацейшыя, часта падае снег, уся прырода рыхтуецца да зімы. Гэты клімат пранікае таксама і нейкім чынам у літургію Касцёла, якая асабліва ў гэты час скіроўвае нашыя думкі да тэмы канца зямнога жыцця і жыцця вечнага.
Распачалі мы гэты месяц урачыстасцю Усіх Святых, а 2 лістапада ўзгадваем у малітве усіх тых, хто ўжо перакрочыў парог жыцця. У гэтыя дні вельмі важнай з’яўляецца памяць пра памерлых, лёс якіх пасля смерці для нас невядомы. Знешняй праявай гэтай памяці з’яўляецца наведванне магіл, запаленне зніча, ускладанне кветак. Але трэба, каб гэтая памяць пра нашых памерлых была жывой, а так станецца, калі яна будзе спалучаная з малітвай. Таму найважнейшым у гэты дзень з’яўляецца малітва ў інтэнцыі памерлых, ахвяра св. Імшы і Святой Камуніі ў іх інтэнцыі, адпусты, якія за іх можам ахвяраваць.
- Дзе знаходзяцца гэтыя душы - што пра гэта кажа Касцёл?
- Біблія вучыць, што людская душа з’яўляецца несмяротнай. Душа чалавека вечная і будзе жыць заўсёды. Лёс, які чакае душу пасля смерці, з’яўляецца вынікам зямнога жыцця чалавека, паставы, якую ён прыняў, і дарогі, якой крочыў – ці кіраваўся любоўю да Бога і бліжняга, ці быў эгаістам, які пастаянна адкідваў Бога. Як вучыць нас Касцёл, тлумачачы нам праўды Божага Аб’яўлення, пасля смерці душа чалавека ідзе на Божы Суд і ў залежнасці ад яго заслуг прызначаная ў неба, пекла ці чысцец.
- Як разумець поўны адпуст у інтэнцыі памерлых у гэты дзень? Ён распаўсюджваецца на ўсю актаву ці толькі 2 лістапада? Ці значыць поўны адпуст, што той, за каго ён узяты, атрымае поўнае адпушчэнне грахоў і вызваліцца з чыстца?
- Божае Аб’яўленне вучыць нас, што грахі нясуць за сабой пакаранне, а згладжваюцца цярпеннем, цяжкасцямі жыцця ці таксама праз смерць (por. Быц 3,16-19; Рм 2,9). Хрысціянін, які робіць грэх, атрымлівае ў сакраманце пакуты адпушчэнне віны, у той жа час застаецца яшчэ так званае часовае пакаранне. Дараванне часовай кары акрэсліваецца тэрмінам “адпуст”, атрыманне якога мае на ўвазе шчырае ўнутранае перамяненне, а таксама выкананне прапісаных учынкаў.
Адпуст можа быць частковым ці поўным, у залежнасці ад таго, ці звальняе ад часовай кары часткова ці цалкам. Для атрымання поўнага адпусту патрэбна выкананне справы, надзеленай адпустам, а таксама выкананне трох наступных умоў: стан асвячаючай ласкі, эўхарыстычная Камунія, малітва ў інтэнцыях Святога Айца і выкананне чагосьці, прапісанага Касцёлам. Частковы ці поўны адпуст мы можам ахвяраваць за памерлага ў спосаб заступніцтва альбо за сябе. Не можам атрымаць адпусту для кагосьці з жывых, бо кожны чалавек, пакуль жыве, сам у стане змяніць сваё жыццё і выканаць умовы, неабходныя для атрымання адпусту.
Так атрымаць поўны адпуст могуць вернікі, якія выконваюць умовы і наведваюць касцёл ці капліцу 1 лістапада ад абеду і праз увесь Задушны Дзень. У дні з 1 па 8 лістапада за наведванне могілак з малітвай за памерлых – штодзённы поўны адпуст, які можна ахвяраваць выключна за памерлых. Хто атрымае поўны адпуст за памерлых – ратуе душу з чыстца. І ўласна з 1 па 8 лістапада можна атрымаць для памерлых такі поўны адпуст, ці поўнае дараванне чыстцовай кары для тых, хто чакае поўнай радасці збаўленых.
- Чаму мы молімся за душы нашых памерлых?
- Бо ўласна праз малітву дапамагаем церпячым у чыстцу хутчэй атрымаць збаўленне. Для нашых памерлых з хвілінай смерці час заслугі скончыўся, і ўжо самі яны нічым сабе не могуць дапамагчы. У чыстцу яны мусяць падрыхтавацца, дасягнуць зрэласці, каб сустрэцца з Богам. У той час як жывы можа ім дапамагчы.
- Як Касцёл адносіцца да моцнай язычніцкай традыцыі ў нашых вернікаў, калі лічыцца, што на Дзяды трэба абавязкова памянуць памерлых?
- Я асабіста супраць назвы “Дзяды”, якую сёння часам ужываюць вернікі, каб акрэсліць дзень успаміну памерлых. “Дзяды” – гэта язычніцкі славянскі народны звычай навязвання кантакту з душамі памерлых. Дзяды адзначаліся два разы на год – увесну ў першыя дні мая, а таксама ўвосень у ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада. Душы памерлых частавалі яблыкам і напоямі, распальвалі агеньчыкі, каб душы знайшлі дарогу да сваіх.
Гэты звычай (як і Хэлоуін, напрыклад, які таксама зараз распаўсюджваецца) супярэчыць духу і традыцыі хрысціянства, веруючы чалавек не можа культываваць такіх звычаяў. На жаль, часта мы забываем пра нашыя прыгожыя хрысціянскія традыцыі, а згадваем тое, што не згодна з навукай Хрыста і Касцёла. Такія звычаі скажаюць у свядомасці чалавека біблійную праўду аб жыцці вечным.
- Навошта жывым вернікам абыходзіць гэты дзень? Якое яно мае значэнне для жывога чалавека?
- Лістападаўскія роздумы каля магіл нашых блізкіх схіляюць да рэфлексіі над нашым лёсам, кіруюць да рэфлексіі над жыццём чалавека і яго перамяненнем. Рэфлексуючы над гэтым, разумеем, што і для нас таксама скончыцца час на зямлі. І што далей? Дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў нагадвае нам пра грэх, які ёсць у жыцці кожнага чалавека і за які трэба адпакутаваць: на зямлі або ў чыстцу.
Перажываючы гэты дзень, прыходзячы на дапамогу нашым памерлым, мы, аднак, павінны запытаць нас саміх, што мы можам зрабіць для сябе. Таму каб радасць нашага жыцця не скончылася для нас на зямлі, нам трэба добра падрыхтавацца. Кожны з нас павінен падрыхтавацца да смерці – хвіліны, у якую адыйдзем па ўзнагароду за нашае жыццё.
Мы столькі разоў ужо чулі пра гэтае. Столькі разоў Касцёл заклікаў нас да навяртання, да перамены нашага жыцця. Ці змяніла гэта штосьці? Столькі разоў нам нагадвалася аб Запаведзях, указвалася на малітву, Сакраманты як дапамогу Бога. Св. Павел у Пасланні да Рымлянаў нагадвае нам: “Усе ж мы будзем стаяць на судзе Хрыстовым… Дык вось, кожны з нас за сябе дасць адказ перад Богам (Рм 14, 10-12)”.
Кожны з нас перад Богам сам павінен адказваць сабе, што з гэтымі словамі зрабіў, ці праняўся імі, ці штосьці змяніў у сваім жыцці. Кожны з нас усведамляе, колькі дзён у годзе ён блізкі да Бога – гэта значыць, калі Бог ёсць у яго сэрцы: ці толькі Божае Нараджэнне, Вялікдзень і Усіх Святых. Магчыма, гэтага трохі замала. Бо калі хочам быць з Богам усю вечнасць, то варта перажыць з ім таксама большую частку свайго жыцця. Дзякуючы гэтай прысутнасці Бога ў нашым жыцці мы зможам падрыхтаваць сабе шчаслівую вечнасць. І ўсё ж такі гэта варта.
Размаўляла Алеся Бяленік
Здымак з http://www.beresta.by/