Задушны Дзень (Дзяды), якія адзначаецца Касцёлам 2 лістапада, а таксама наступныя дні Актавы (васьмі дзён) - гэта асаблівы час малітвы за памерлых. Традыцыйна ў гэты дзень у касцёлах распачынаюцца спецыяльныя набажэнствы. Падчас малітвы ўзгадваюцца імёны памерлых вернікаў у т.зв. “выпамінках”, цэлебруюцца спецыяльныя св. Імшы. Супольнасць паўсюднага Касцёла ўзносіць да Бога маленне аб вечным шчасці ў Небе для памерлых.
Акрамя набажэнстваў у касцёлах, адбываюцца таксама спецыяльныя памінальныя працэсіі на могілках. Парафіяне разам са святарамі ў адмысловай працэсіі праходзяць да месцаў пахавання сваякоў, знаёмых, духавенства, ахвяраў і герояў драматычных падзей мінулага, безымянных магілаў. У гэтыя дні ніхто з памерлых не можа застацца не ўзгаданым у малітве Касцёла.
Добрае духоўнае перажыванне Дзён успаміну памерлых патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі з боку саміх вернікаў. Гэтая падрыхтоўка павінна адбывацца на двух узроўнях: унутраным (духоўным) і знешнім (матэрыяльным).
Духоўная падрыхтоўка да ўрачыстасці Ўсіх Святых і Ўспаміну памерлых (1-2 лістапада) датычыць перадусім выпраўлення жыцця верніка, паяднання з Богам і бліжнім. Практычна гэта выражаецца ў тым, што католік стараецца перад святам прыступіць да споведзі і памірыцца са сваімі блізкімі. Такі вернік атрымлівае ад Бога велізарную ласку, ён можа не толькі сам прыступіць да св. Камуніі, але і ахвяраваць свае добрыя справы і шматлікія ласкі Пану Богу як перапрашэнне за кагосьці з памерлых. Чым больш чалавек шчырым сэрцам набліжаецца да Бога і чым больш інтэнсіўна ўдзельнічае ў жыцці Касцёла, тым больш эфектыўнай становіцца яго малітва і ахвяра.
Знешняя падрыхтоўка ад ўрачыстасці Ўсіх Святых і Ўспаміну памерлых ахоплівае некалькі спраў. У першую чаргу гэта клопат аб тым, каб падаць святару “выпамінкі” – запіску з імёнамі сваіх блізкіх, каб уключыць іх у адмысловую малітву Касцёла. Другая важная справа – гэта асабістая прысутнасць на набажэнстве за памерлых у касцёле або на могілках. Тым больш, што святы Касцёл дае вернікам, якія ў гэтыя дні прыступяць да св. Камуніі, наведаюць могілкі і памоляцца за памерлых, магчымасць атрымаць адпуст (прабачэнне кар за грахі).
Важным месцам малітвы за памерлых у гэтыя дні становяцца могілкі. Кожнаму католіку належыць паклапаціцца, каб перад гэтымі святымі днямі прывесці ў належны парадак магілы сваіх блізкіх, дапамагчы іншым людзям у парадкаванні цвінтара. Паводле традыцыі, выразам нашай малітоўнай памяці пра памерлых з’яўляюцца запаленыя знічы і кветкі на магілах. Варта таксама вернікам пастарацца, каб запрасіць святара асвяціць магілы ці новыя помнікі сваіх блізкіх, асабліва калі яны яшчэ не былі асвечаныя.
Нажаль, у нашай краіне часта прыходзіцца сустракацца з сумнай з’явай, калі нехта прыбірае магілу сваіх блізкіх, кідаючы смецце дзе заўгодна або не жадае дапамагчы іншым людзям. Варта памятаць, што могілкі – гэта публічнае і святое месца. Таму варта дбаць не толькі пра парадак на магілах сваіх блізкіх, але дапамагчы іншым асобам, каб надаць годны выгляд гэтаму супольнаму месцу памяці і малітвы.
Будзем спадзявацца, што гэтыя лістападаўскія дні стануць нагодай да таго, каб не толькі навесці парадак на могілках, але і ў нашых душах і сем’ях. Шчырая і супольная малітва за памерлых можа аб’яднаць вернікаў, дапамагчы ўсвядоміць, як важна цаніць жыццё, традыцыі продкаў і разам дбаць аб будучыні з Богам.
кс. Андрэй Рылка